Невядомыя зноў пішуць актывістам пад выглядам медыя. Просты спосаб, як не трапіць
Блогер і актывіст Андрэй Павук размясціў на сваёй старонцы ў Facebook скрыншот электроннага ліста, дзе невядомыя пад выглядам журналісткі Еўрарадыё Марыі Вайтовіч запрашалі Павука на інтэрв’ю.
Па словах блогера, сама журналістка не мае дачынення да ліста, а паведамленне скіравана з невядомай паштовай скрыні на Proton, якая не належыць да Еўрарадыё. Прасцей кажучы, хтосьці выдае сябе за сапраўдную журналістку вядомага медыя.
— Еўрарадыё ведае пра гэтую рассылку, яе атрымаў не толькі блогер Павук. Рэдакцыя нагадвае ўсім: нават калі вам пішуць ад імя сапраўднай журналісткі ці журналіста Еўрарадыё, трэба ўдакладніць, ці гэта не спроба падману, ў камандзе медыя, — расказалі ў Еўрарадыё.
Апошнім часам выпадкі, калі невядомыя называюцца журналістамі медыя, здараюцца часта. Не так даўно, такія “журналісты” спрабавалі ўзяць інтэрв’ю нават у Святланы Ціханоўскай.
Але праверыць, ці сапраўдны журналіст да цябе звяртаецца, вельмі проста.
У кожнага недзяржаўнага медыя на сайце і ў сацыяльных сетках ёсць кантакты для сувязі з рэдакцыяй. Заўсёды, калі ўзніклі сумневы, можна напісаць у рэдакцыю і ўдакладніць, ці сапраўды такі журналіст працуе над такой тэмай.
Адно кароткае паведамленне ў рэдакцыю можа засцерагчы ад падману зламыснікамі ці спецслужбамі.
Таксама БАЖ нагадвае, што вашыя меркаванні, гісторыі, інфармацыя вельмі важныя недзяржаўным медыя сёння.
