• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Нямецкі журналіст напісаў кнігу пра Беларусь: «2020 год пакінуў глыбокія сляды ў сэрцах»

    Беларускаму пытанню ўдзяляецца мала ўвагі ў Германіі з‑за новых выклікаў і крызісаў. Але вялікія перамены ўсё роўна павінны прыйсці з Беларусі.

    Нямецкі журналіст Інго Пэтц напісаў кнігу пра беларускія пратэсты

    Інго Пэтц. Фота: Сяргей Балай

    Нямецкі журналіст Інго Пэтц выдаў кнігу «RASENDER STILLSTAND». Яна – пра беларускія пратэсты 2020 года.

    Чаму журналіст з Германіі зацікавіўся падзеямі ў Беларусі? Як успрымаюць падзеі 2020 года на Захадзе? Якія сцэнары развязкі беларускага вузла магчымыя?

    БАЖ пагутарыў з кіраўніком беларускай рэдакцыі інтэрнэт-партала dekoder.org Інго Пэтцам.

    — Пра што вашая кніга «RASENDER STILLSTAND», якая выйшла сёлета ў Германіі?

    — Мая кніга тлумачыць і аналізуе, як і чаму ўзніклі масавыя пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе і якія наступствы мае гэтая гістарычная падзея. Пры гэтым я не толькі паказваю, як радыкалізаваўся рэжым Лукашэнкі і якія жахлівыя рэпрэсіі ён прымяняе супраць уласнага насельніцтва, але і як захоўваецца імпульс палітычнага ўдзелу і самавызначэння, як беларуская грамада ў выгнанні спрабуе і далей адстойваць беларускі парадак дня ў культуры, у грамадскай супольнасці і ў палітычных органах дэмакратычнага руху. У нямецкамоўных СМІ пра гэта мала пішуць.

    Мне было важна паказаць, што ідэя рэвалюцыі не знікла, а працягвае развівацца на многіх узроўнях, нягледзячы на ўсе выклікі і цяжкасці.

    Адначасова я распавядаю і пра тое, як моцна расійская вайна супраць Украіны паўплывала на адносіны паміж беларусамі і ўкраінцамі. Кніга разлічаная найперш на нямецкамоўных чытачоў, якія, як правіла, вельмі мала ведаюць пра Беларусь.

    Журналіст праекта Dekoder: «Доўгі час немцам пра падзеі ў Беларусі і Украіне распавядалі карэспандэнты з Масквы»

    Вырашальную ролю ў падаўленні пратэстаў сыграла Расія

    — Як выглядаюць падзеі 2020 года ў Беларусі збоку? На ваш погляд, чаму ўспыхнулі пратэсты і якім чынам рэжым Лукашэнкі падавіў іх?

    — Найважнейшым фактарам таго, што пратэсты не прывялі да змены рэжыму, безумоўна, з’яўляецца велізарны ўплыў Расіі. Крэмль, верагодна, ніколі не дазволіў бы беларусам стаць на шлях дэмакратыі і выйсці з расійскай сферы ўплыву. Сцэнар пагрозы, пры якім Пуцін у любы момант мог далучыцца да барацьбы супраць пратэстаў, увесь час іх суправаджаў. І гэтая пагроза стала галоўнай прычынай, па якой уладная эліта Беларусі заставалася пераважна лаяльнай да Лукашэнкі. Да пратэстаў далучыліся чыноўнікі, дыпламаты і прадстаўнікі сілавых структур, але гэтага было яўна недастаткова.

    На гэтым фоне рэжым таксама вельмі хутка пазбавіў пратэстны рух ягонага кіраўніцтва, арыштаваў лідараў пратэстаў і выдварыў іх з краіны. Яшчэ досыць працяглы час на акцыі пратэсту выходзіла надзіва многа людзей, аднак рэпрэсіі прывялі да таго, што з верасня 2020 года пратэсты пайшлі на спад.

    Ціск, які аказваў рэжым на грамадства, у тым ліку на лідараў страйкаў у дзяржаўных кампаніях, не дазволіў заклікам перарасці ў агульнанацыянальны страйк. Але, як я ўжо сказаў, вырашальную ролю ў падаўленні пратэстаў сыграла Расія – жахлівы цень расійскай пагрозы, які пастаянна прысутнічаў на заднім плане. Многія ўдзельнікі пратэстаў не верылі, што Пуцін будзе бяздзейнічаць і стрымлівацца ў выпадку перамогі пратэстаў.

    Нямецкі журналіст Інго Пэтц напісаў кнігу пра 2020 год у Беларусі

    Так выглядае вокладка кнігі

    Тры фактары, якія ўплываюць на беларускае грамадства

    — Што адбываецца з беларускім грамадствам сёння? Ці ўдалося беларускаму рэжыму цалкам выдавіць палітычных праціўнікаў з краіны? І што рухае прыхільнікамі Лукашэнкі? Ці азначае сённяшні стан раскол грамадства?

    — Цяжка сказаць, што адбываецца ў беларускім грамадстве, якія палітычныя настроі там пануюць. Я б вельмі асцярожна ставіўся да рознага кшталту сацыялагічных апытанняў, якія спрабуюць замерыць настроі ў грамадстве.

    Але існуюць тры моцныя фактары, якія безумоўна ўплываюць на настроі беларускага грамадства.

    Перш за ўсё, гэта рэпрэсіі, якія сведчаць, што рэжым па-ранейшаму не давярае беларускаму грамадству. Таму немагчыма ўявіць, каб палітычны рэжым вярнуўся ў стан да 2020 года і дазволіў пэўныя свабоды.

    Другі фактар – вайна Расіі супраць Украіны. Безумоўна, існуе страх, што вайна можа перакінуцца на Беларусь, а разам з тым і страх беларусаў, што Пуцін можа перанесці вайну ў Беларусь, калі Лукашэнка нейкім чынам страціць кантроль над краінай.

    І трэці фактар. Хаця для беларусаў шлях у Еўрапейскі Саюз і на Захад фармальна не закрыты, грамадзянам Беларусі атрымаць візы вельмі складана. Закрываюцца памежныя пункты на мяжы з Польшчай і Літвой, што можа прывесці да адчування ізаляцыі і кінутасці. Палітычныя погляды ў такіх рэпрэсіўных і аўтарытарных краінах рэдка бываюць устойлівымі. Яны, як правіла, арыентуюцца на рэальнасць і мяняюцца ў залежнасці ад дынамікі падзеяў. Гэта азначае, што палітычная дыферэнцыяцыя адбудзецца толькі тады, калі адкрыецца акно магчымасцяў для змены ўлады, калі адкрыецца палітычная прастора. Датуль адносіны ў грамадстве застануцца рухомымі і зменлівымі. Зараз рэжым трымаецца на ягоных прыхільніках, якія таксама аказваюць унутраны ціск на грамадства. Аднак пры аслабленні рэжыму ўнутры сістэмы можа з’явіцца пэўны прагматызм.

    Таму я вельмі сумняюся, ці ўвогуле сёння можна казаць пра нейкі раскол у беларускім грамадстве ў цяперашніх варунках. Але чым даўжэй грамадства існуе ў аўтарытарных умовах, тым большая пагроза, што аўтарытарны вобраз мыслення замацуецца – у тым ліку і пад уплывам прапаганды, які нарастае.

    Інго Пэтц. Фота: БАЖ

    Ідэя рэвалюцыі не знікла, яна развіваецца, нягледзячы на ўсе выклікі і цяжкасці

    — Здаецца, гісторыя не закончылася ні ў 2020 годзе, ні ў 2025 годзе. Якія сцэнары развязкі беларускага вузла вам уяўляюцца найбольш верагоднымі?

    — У наш дынамічны і нявызначаны час практычна немагчыма ўявіць сцэнары, якія могуць стаць рэальнасцю.

    Дакладна можна казаць, што шансы беларускага дэмакратычнага руху выглядаюць досыць змрочнымі, але гэта не з’яўляецца новым усведамленнем. Прастора дэмакратычнага развіцця зараз знаходзіцца пад дадатковым ціскам з боку адміністрацыі Трампа, а таксама агульнай аўтарытарнай дынамікі. Усё гэта толькі ўмацоўвае рэжым у Расіі і рэжым Лукашэнкі.

    Многае залежыць ад выніку вайны ва Украіне. Але на сённяшні дзень не выглядае, што ў выніку Крэмль будзе істотна аслаблены. І гэта падвышае рызыкі таго, што Рэспубліка Беларусь працягне губляць свой суверэнітэт, а яе залежнасць ад Расіі і інтэграцыя ў расійскую сістэму ўлады будзе толькі ўзмацняцца.

    Але гісторыя беларускага вызваленчага руху на гэтым не заканчваецца. Вельмі нямногія рэвалюцыі ўдаюцца з першай спробы. Часам патрэбныя дзесяцігоддзі, каб дасягнуць сваёй мэты. Пражская вясна і «Салідарнасць» сталі важнымі крокамі на шляху да вялікіх пераменаў 1989 года. Палякі страцілі сваю самастойнасць, але працягнулі сваю барацьбу за свабоду і дамагліся перамогі.

    Рэвалюцыя 2020 года – і гэта вырашальны фактар – пакінула глыбокія сляды ў людзях. Перамены немагчыма адматаць назад. І гэты імпульс будзе працягвацца, трансфармавацца датуль, пакуль у нейкі момант не выльецца ў новую падзею.

    — Як у Германіі ацэньваюць цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі і як бачаць рашэнне «беларускага пытання»? Месца Беларусі ў Еўропе ці новы «Северо-Западный край» Расіі?

    — Цяжка адказаць на пытанне, бо Беларусь не з’яўляецца часткай грамадскай дыскусіі ў Германіі.

    Апошні кааліцыйны ўрад рашуча падтрымліваў беларускі дэмакратычны рух. Я ўпэўнены, што такую ж пазіцыю зойме і новы ўрад. На жаль, цяперашнія выклікі і крызісы азначаюць, што беларускаму пытанню ўдзяляецца мала ўвагі. Але вялікія перамены ўсё роўна павінны прыйсці з Беларусі. Асабіста я перакананы, што перамены непазбежна прыйдуць, а Беларусь стане часткай еўрапейскай сям’і. Але ці дажыву да гэтага асабіста я – іншае пытанне.

    Інго Пэтц. Фота: БАЖ

    Беларусь стала часткай маёй ідэнтычнасці

    — Чаму вы ўвогуле зацікавіліся падзеямі, якія адбываліся і адбываюцца ў Беларусі? Як прыйшла ідэя напісаць кнігу пра беларускія пратэсты?

    — Гэта доўгая гісторыя. Я займаюся Беларуссю ўжо 30 гадоў. Я апынуўся ў Беларусі зусім выпадкова ў 1990-ых гадах, зусім наіўным студэнтам, які вывучаў гісторыю Усходняй Еўропы і славістыку, але зусім нічога не ведаў пра Беларусь. Мне пашанцавала: я сустрэў выдатных людзей, якія прывілі мне цікаўнасць да беларускай гісторыі і культуры. Я зразумеў, што ў Германіі павінны больш ведаць пра Беларусь, што мы таксама павінны зразумець і Беларусь, і Украіну, каб зблізіць Еўропу. Так я стаў журналістам. Я таксама арганізаваў і рэалізаваў мноства грамадскіх і культурных праектаў пра Беларусь.

    З 2020 года я адказваю за праект па Беларусі на нямецкім сайце dekoder.org, задача якога – падвысіць узровень ведаў пра Беларусь у нямецкамоўных краінах. Грамадству патрэбныя глыбокія веды, асабліва гэта важна, калі гаворка ідзе пра дыскусіі па Беларусі і прыняццё рашэнняў. Рэалізацыя гэтых ведаў – доўгі шлях, але станоўчыя зрухі ўжо ёсць. Беларусь ужо не такая невядомая краіна, як 30 гадоў таму. І таму рашэнне напісаць кнігу пра падзеі 2020 года было цалкам лагічным.

    — Як вы збіралі інфармацыю для вашай кнігі? Беларусь адгарадзілася ад усяго астатняга свету, як вы атрымлівалі інфармацыю пра штодзённы побыт і атмасферу ўнутры краіны?

    — У кнізе сабраныя ўсе мае веды пра Беларусь за апошнія 30 гадоў. Цягам дзесяцігоддзяў я вывучаў і чытаў навуковыя, публіцыстычныя і аналітычныя матэрыялы пра Беларусь. І, канешне, я вывучаў Беларусь на ўласным вопыце. За гэтыя дзесяцігоддзі я пабываў у Беларусі мноства разоў, знаёмы са многімі калегамі-журналістамі, а таксама мастакамі, пісьменнікамі і музыкамі, актывістамі грамадскай супольнасці і вучонымі.

    Апрача таго, з 2020 года я ўважліва сачу за беларускімі СМІ, каб зразумець, што адбываецца ў Беларусі. У самой Беларусі я не быў з 2019 года: рызыкі занадта вялікія. Але я маю пэўную сетку, якая дазваляе мне разумець настроі ў краіне. Але гэта, вядома, вельмі складана ў цяперашніх умовах.

    — Кніга напісана, але ж гісторыя яшчэ не закончаная. Плануеце вярнуцца да беларускай тэмы?

    — Мне не трэба вяртацца да Беларусі як да тэмы. Я займаюся гэтым пастаянна. Гэта не проста праца, гэта частка майго жыцця на працягу доўгага перыяду – на многіх узроўнях. Я таксама лічу, што Беларусь стала часткай маёй ідэнтычнасці. Так здараецца, калі ты так інтэнсіўна вывучаеш іншую культуру і пачынаеш разумець некаторыя рэчы. Тады яны становяцца часткай тваёй асобы.

    ДАВЕДКА. Інго Пэтц нарадзіўся ў 1973 годзе, журналіст і пісьменнік. Жыве і працуе ў Берліне.

    Кіраўнік беларускай рэдакцыі інтэрнэт-партала dekoder.org. Больш за 25 гадоў ён піша палітычную аналітыку і культурна-гістарычныя эсэ пра Усходнюю Еўропу і, у прыватнасці, пра Беларусь. Інго Пэтц пісаў для выданняў Süd­deutsche Zeitung, Frank­furter Fll­ge­meine Zeitung і Stan­dard.

    Акрамя журналісцкай працы, Інго Пэтц ладзіць розныя культурніцкія паректы з беларускімі партнёрамі. Выкладаў журналістыку ў беларускіх і украінскіх навучальных установах.

    Пэтц вывучаў гісторыю Усходняй Еўропы, славістыку і паліталогію ў Кёльне (Германія) і ў Расіі.

    З’яўляецца аўтарам некалькіх кніг.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці