Пра што будзе новая праграма «Белсата» з лекарам Андрэем Белавешкіным
На «Белсаце» стартавала новае шоў — пра здароўе. Праграма называецца «Без рэцэпту». Падрабязнасці раскрываюць вядоўцы: лекар, медычны дарадца, аўтар кніг і блогер Андрэй Белавешкін і прадпрымальніца ў сферы здароўя Надзея Дамкоўская.

Лекар і блогер Андрэй Белавешкін і прадпрымальніца ў сферы здароўя Надзея Дамкоўская падчас запісу новай праграмы «Белсату» «Без рэцэпту». Фота перададзенае рэдакцыі
«Веды пра здароўе – абавязковы кампанент адукацыі сучаснага чалавека»
– Як нарадзілася ідэя праграмы? Пра што яна будзе?
Андрэй Белавешкін: Ідэя праграмы была першапачаткова мая, і яна знайшла водгук. Я даўно пішу пра здароўе, выдаў кнігі на гэтую тэму, папулярызую здаровы лад жыцця, маю ўласныя адукацыйныя курсы аб рэсурсах здароўя. Мне гэта цікава, я лічу гэта важным. Я перакананы, што веды пра здароўе павінны выкладацца ў школах. Гэта абавязковы кампанент адукацыі сучаснага чалавека, але я бачу дэфіцыт гэтых ведаў. Таму я б хацеў асвятліць нейкія базавыя правілы функцыянавання нашага арганізму, разбурыць міфы, звязаныя са здароўем, даць гледачам простыя і зразумелыя інструменты, з дапамогай якіх можна палепшыць сваё здароўе.
Апошнім часам у сацсетках вельмі шмат матэрыялаў на тэму здароўя, але большасць з іх – гэта нейкі трэш, радыкалізм, псеўданавука. Кшталту, мяса забівае, ешце толькі гэта і ні ў якім выпадку не ешце таго, і да т. п. Гэта ўсё не мае дачынення да навукі. Хацелася б таксама і пра гэта распавесці і растлумачыць, чаму нельга верыць большасці з таго, што публікуецца ў сацсетках на тэму здароўя.
Надзея Дамкоўская: Як вы думаеце, чаму пры ўсім тым, наколькі даступнай сталася інфармацыя аб здароўі, колькасць хваробаў, эпідэміяў і смерцяў ад банальных побытавых захворванняў толькі расце? У вялізным аб’ёме інфармацыі патрабуецца адзіны экспертны голас, які зможа растлумачыць важныя рэчы аб здароўі простай мовай. Голас, які будзе злучаць веды з розных напрамкаў медыцыны, з мноства сусветных культураў і тысячагоддзяў чалавечага досведу ў ахове здароўя. Голас, які аб’яднае фізічны і ментальны бакі здароўя ў адзіны халістычны падыход. А таксама той голас, які будзе глыбока разбірацца менавіта ў беларускім кантэксце. Менавіта дзеля гэтага і быў створаны наш праект.

Прадпрымальніца ў сферы здароўя Надзея Дамкоўская падчас запісу новай праграмы «Белсату» «Без рэцэпту». Скрыншот з відэа: Белсат
Мой досвед у стварэнні лічбавых праектаў у галіне здаровага ладу жыцця прыўносіць у праграму свежыя трэнды і свежы погляд на здароўе. Таксама ў праграме будзе рубрыка пра псіхасаматычны фітнес. У ёй мне хацелася паказаць, як уздзеянне на цела можна ўплываць на наш ментальны стан.
– Чаму назва – «Без рэцэпту»? Што вы ўкладалі ў яе?
А. Б.: Мы так назвалі праграму, бо, нягледзячы на беларускі крыху інфантыльны падыход, што дзяржава павінна клапаціцца пра нашае здароўе, наш пасыл зусім іншы – вашае здароўе ў вашых уласных руках.
Мы перакананыя, што ў любых умовах можна рабіць вельмі простыя рэчы, якія не патрабуюць ні грошай, ні нейкага спецыяльнага досведу, што сапраўды зробіць вас здаравейшымі, вашае жыццё даўжэйшым і значна паменшыць рызыку хваробаў. І вам не патрэбны рэцэпт, каб узяць адказнасць за сябе, а не чакаць, што хтосьці прыляціць і вырашыць вашыя праблемы. Вы самі павінны іх вырашаць.
У якія міфы пра здароўе вераць беларусы?
– Якія міфы пра здароўе вы будзеце разбураць?
А. Б.: Пачнем з актуальнай для беларусаў тэмы – стрэсу. Большасць людзей лічаць стрэс нечым дрэнным, адмоўным, тым, што катэгарычна падрывае здароўе. Насамрэч нават думаць так шкодна, таму што такая ўстаноўка ўжо робіць гэтых людзей больш уразлівымі да стрэсу, і яны маюць больш негатыўных сімптомаў. Патрэбная змена ўстаноўкі на такую, што стрэс – гэта энергія, якую можна правільна выкарыстаць і шмат што змяніць. Мы будзем разбірацца, якія ёсць небяспечныя віды стрэсу, а якія карысныя, і што з імі рабіць.
Яшчэ адна папулярная ўстаноўка ў беларусаў і не толькі – пайду да лекара, калі забаліць, і тады і займуся сваім здароўем. Гэта вельмі небяспечна, бо большасць хваробаў развіваецца гадамі і дзесяцігоддзямі да першага праяўлення. Напрыклад, пакуль сярэднестатыстычны беларускі мужчына думае, што зоймецца здароўем, калі прыхваціць, у яго развіваюцца бляшкі ў сэрцы. 30 % людзей, якія лічылі сябе здаровымі, паміраюць пры першай праяве інсульту ці інфаркту. Першы сімптом хваробы ў дадзеным выпадку – гэта смерць. Усё астатняе працякае схавана, нябачна. Той жа рак таксама не ўзнікае імгненна, ён праходзіць доўгія ступені развіцця, і гэтае развіццё можна ладам жыцця ці паскорыць, ці запаволіць.
Напрыклад, калі ўзяць японскіх доўгажыхароў, у іх амаль у кожнага ёсць ракавыя клеткі ў прастаце, але яны не захварэлі, таму што праз харчаванне і высокі ўзровень рухальнай актыўнасці хвароба развіваецца вельмі павольна. У іх няма атлусцення, хранічных запаленняў, пераядання – фактараў, якія паскараюць развіццё пухліны.
Іншыя небяспечныя міфы – вакцыны выклікаюць аўтызм; біярэзананс з нейкімі прыдуманымі прыборамі; паразіты, якіх усім трэба як мага хутчэй выводзіць. Гэта ўсё распаўсюджваецца ў сацсетках, і людзі гэта лайкаюць і рэпосцяць, бо гэтыя тэмы выклікаюць эмоцыі, страх. А на гэтым страху расце цэлая індустрыя, якая зарабляе грошы.

Лекар і блогер Андрэй Белавешкін падчас запісу новай праграмы «Белсату» «Без рэцэпту». Скрыншот з відэа: Белсат
Лекары жартуюць, што не так страшны паразіт, як паразітафоб. Калі ў чалавека запытацца, што цябе больш пужае, бляшка ў судзіне ці паразіт унутры цябе, то большасць скажа, што паразіт. Хоць насамрэч у некаторых выпадках, калі ў чалавека заблукала адна аскарыда, гэта прынясе больш карысці для арганізму, чым шкоды. Бо яна выклікае стымуляцыю і ўзмацненне імунітэту. Таму карысна таксама гуляць у лесе, мець сабаку, бо яна прыносіць бактэрыі, якія стымулююць імунную сістэму. Ёсць нават эксперыменты з лячэннем анкалагічных хваробаў паразітамі, бо імунітэт пасля такой стымуляцыі лепш рэагуе на пухліны.
Веды пра здароўе і палітыка
– Калі Instagram і TikTok верыць нельга, то дзе шукаць інфармацыю?
А. Б.: Інфармацыю трэба фільтраваць. Былі даследаванні, якія паказалі, што прыкладна 87 % таго, што падаецца ў роліках у TikTok і да т. п. на медычныя тэмы, – гэта хлусня.
Наконт пошуку інфармацыі, калі нешта баліць, трэба ісці да лекара.
Калі не баліць, але мы хочам адчуваць сябе лепш і не мець рызыкаў хваробы, тут базавыя парады не змяніліся з часоў Гіпакрата: умеранае харчаванне, цэльная ежа, фізічная актыўнасць. У мяне на беларускай мове ёсць кніга «Воля да жыцця», яе можна бясплатна пампаваць. Там адказ, што рабіць для прафілактыкі – харчаванне, спорт і да т. п.
У сучасным свеце мы бачым, што палітыкі больш правага кірунку нібы негатыўна ставяцца да спробаў чалавека больш ведаць пра сябе. Гэта датычыць такіх адчувальных тэмаў, як праца псіхікі, псіхалагічная дапамога сабе, сексуальная адукацыя. Быў смешны выпадак у Польшчы, калі мясцовыя палітыкі-мужчыны не ведалі розніцы паміж авуляцыяй і менструацыяй.
Але пад ударам таксама веды пра харчаванне, выбар прадуктаў. Бо невуцтва, напэўна, некаму спрыяе.
Яшчэ з антычных часоў вядома, што каб людзей трымаць у падпарадкаванні, ім не трэба дазваляць выйсці на ўзровень, вышэйшы за хлеб і відовішча.
Са свайго досведу я ведаю, што такое развіццё асобы. Спачатку пачынаеш цікавіцца, што ты кладзеш сабе ў талерку, потым – займацца сваім выглядам, спортам, потым пераходзіш да ментальнага здароўя, робішся больш свядомым, вывучаеш, што такое дафамін, спакусы, залежнасці, як гэта працуе. Потым разумееш, што здароўе магчымае толькі ў здаровым асяроддзі і што нашая паўнавартасная рэалізацыя як асобы магчымая толькі ў атачэнні такіх жа здаровых людзей і ў такім жа здаровым асяроддзі. Калі ў цябе шмат грошай і ты здаровы, а навокал валяюцца бяздомнікі і наркаманы, якія гатовыя забіць цябе за дозу, навошта тады табе гэтае здароўе і багацце? Ты не можаш іх рэалізаваць, табе для гэтага патрэбнае грамадства. Таму ўрэшце «зожнікі» маюць і пэўныя палітычныя інтарэсы.
Размаўляць з суседзямі і будаваць масты: пра што новая праграма «Белсату» «Тут і там»?
«Мы павернутыя ў мінулае, усё шукаем там нечага»
– Доказная медыцына ці народная і альтэрнатыўная – як лепш лячыцца?
А. Б.: На сённяшні дзень у нас няма нічога іншага, акрамя доказнай медыцыны. Ува ўсіх сферах усё, што працуе, заснавана на навуковых разліках і формулах. І медыцына ў развітых краінах даўно перайшла на гэтую ступень. Вядома, часам бачны рэгрэс, які мы цяпер назіраем у ЗША. Там ідзе дэмантаж медычных інстытутаў, на жаль. Але гэта частка агульнага заняпаду.
– На ваш погляд, ці дастаткова ўвагі ў беларускай медыяпрасторы надаецца тэме здароўя?
А. Б.: Я б сказаў, што ўвогуле не надаецца. Акрамя таго, увогуле вельмі мала, на жаль, нон-фікшн тэмаў. На беларускую мову перакладаецца шмат кніг, але не нон-фікшн. Нават вельмі знакавыя кнігі, папулярна-навуковыя, пра чалавечую свядомасць, пра здароўе ўвогуле не перакладаюцца. Мы агулам павернутыя ў мінулае, усё шукаем нечага там, а не ў будучыні. 95 % кніг на беларускай мове – мастацкая і гістарычная літаратура пра мінулае – гэта яўная асіметрыя. Няма нічога пра здароўе, сучасную псіхалогію, тэхналогіі. То бок тое, што чытае сучасны свет, чамусьці не цікавіць беларусаў. А супрацьстаяць цемрашальству можна толькі тады, калі ёсць бачанне будучыні. Быць павернутым у мінулае – гэта ўразлівая пазіцыя. Глядзець у будучыню нават з пункту гледжання медыцыны, здароўя – нашмат больш спрыяльная.
Н. Д.: Я думаю, што праблема не ў колькасці інфармацыі аб здароўі, а ў яе якасці. Мноства экспертаў стварыла такі інфармацыйны шум, перакрычаць які розуму ўжо не ўдаецца, а чым больш крынджовая ідэя, тым большую папулярнасць яна набірае, дзякуючы алгарытмам сетак. Пры гэтым усім паслядоўнікі гэтых псеўдаэкспертаў вельмі часта грэбуюць базавымі праўдамі аб здароўі.
Нам бракуе базавых ведаў аб тым, як працуе нашае цела, свядомасць, аб сувязі духу і фізічнай формы. Гэта тыя веды, якія сышлі разам з нашымі продкамі – людзьмі, блізкімі да прыроды і з разуменнем уладкавання свету. Нам бракуе не інструкцыяў пра тое, як уціраць часнок пры прастудзе ў нос, а пра тое, як падтрымліваць стан цела і свядомасці ў маладосці, своечасова заўважаць стомленасць, умець распазнаваць сігналы цела і ў прынцыпе не дапускаць хваробы.
Калі б мы валодалі гэтымі базавымі ведамі, то жыццё было б нашмат больш прасякнутае шчаслівымі фарбамі.
Праграма «Без рэцэпту» выходзіць на тэлеканале «Белсат» у серады а 20:40 беларускага часу.
