Размаўляць з суседзямі і будаваць масты: пра што новая праграма «Белсату» «Тут і там»?
З верасня раз на два тыдні ў панядзелкі на «Белсаце» выходзіць новая праграма «Тут і там». Кожнае яе выданне – гэта размовы з прадстаўнікамі суседніх краінаў пра набалелае: супольныя выклікі, праблемы, а таксама пра тое, што нас яднае. Падрабязней пра мэты, тэмы і гасцей праграмы апавядаюць вядоўцы Алесь Залеўскі і Зміцер Міцкевіч.

Вядоўцы праграмы «Тут і там» Зміцер Міцкевіч і Алесь Залеўскі. Калаж: Белсат
«Каб не стралялі больш, трэба размаўляць і размаўляць»
У часы канфрантацыі, якая апошнім часам толькі набірае моц у нашым рэгіёне, як ніколі раней важна размаўляць і праз размову лепш разумець адно аднаго, а праз гэта рабіцца бліжэйшымі і мацнейшымі, а таксама больш устойлівымі да прапаганды і дэзынфармацыі, якія атакуюць медыяпрастору з боку «лукашэнкаўскіх і расейскіх батафермаў». Менавіта таму, са словаў журналіста «Белсату» Алеся Залеўскага, і стварылі праграму «Тут і там».
Ідэя належыць галоўнай рэдактарцы тэлеканалу Аліне Коўшык. Алесь падтрымаў яе, бо яшчэ ў пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у 2022 годзе спрабаваў развіваць такі фармат у Батумі, дзе журналіст жыў на той момант.
«Я зрабіў пілотнае выданне праграмы. Ідэя была такая, што набалелае ў эфіры абмяркоўваюць псіхатэрапеўты з трох краінаў – Беларусі, Украіны, Расеі. На жаль, я не знайшоў тады фінансавання на працяг. Але для мяне гэтая ідэя ўвесь час актуальная, бо інакш як праз размову мы не палепшым сітуацыі ў нашым рэгіёне. Ужо страляюць, але каб не стралялі больш, трэба размаўляць і размаўляць. Таму мне спадабалася ідэя Аліны, але мы надумалі пайсці крыху іншым шляхам і абмяркоўваць з нашымі суседзямі інфармацыйную павестку, а не нашыя перажыванні», – адзначае Алесь.
Галоўная супольная тэма, якая цяпер непакоіць усе краіны, што мяжуюць з Беларуссю, – бяспека. Менавіта яе ў першую чаргу вядоўцы «Тут і там» будуць абмяркоўваць у эфіры з гасцямі з медыясферы Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны, а таксама Расеі. Са словаў Алеся Залеўскага, абмінуць Расею не ўдасца, бо ўлічваючы яе цяперашні стан агрэсара ў рэгіёне, трэба разумець, куды далей ісці, каб такое больш не паўтарылася.
«Я праціўнік абагульненняў, калектыўных адказнасцяў, якога б народу гэта ні датычыла. Нашая сур’ёзная супольная праблема ў рэгіёне цяпер – расейская агрэсія ці рэінкарнацыя фашысцка-бальшавіцкай ідэалогіі ў Расеі. Гэта выклік для ўсяго рэгіёну. З усімі нашымі суседзямі мы будзем абмяркоўваць, як нам выходзіць з гэтай сітуацыі і куды ісці», – кажа журналіст.
У палітыку – праз праблемы шараговага чалавека
Залеўскі падкрэслівае, што гістарычны інтарэс Беларусі ў тым, каб не мець ніякіх ворагаў:
«Нашая задача – так прайсці гэты гістарычны перыяд, каб у наступны перыяд Беларусь магла сябе пачуваць умоўнай Швейцарыяй, калі з усіх бакоў да цябе прыязджаюць і добра сябе пачуваюць. Да гэтага нам трэба ісці. Гэта ўмова выжывання нашага народу. Менавіта такую перспектыву лепшай будучыні, тое, якім можа быць наш свет без вайны – без межаў і гэтак далей, мы і мадэлюем з гасцямі падчас нашых выданняў».

Журналіст «Белсату» Алесь Залеўскі ў рэдакцыі навінаў. Варшава, Польшча. 18 студзеня 2025 года. Фота: «Белсат»
Глабальныя тэмы ў праграме плануецца разглядаць з перспектывы звычайных людзей, таго, як яны перажываюць тое, што адбываецца, пэўныя палітычныя рашэнні і падобнае.
«Я б хацеў, каб у прыярытэт былі пастаўленыя інтарэсы звычайнага чалавека, звычайнага паляка, звычайнага беларуса, літоўца і гэтак далей. Таму мы будзем абмяркоўваць дэпартацыі пасля канцэрту Каржа, чэргі на межах, закрыццё межаў, як лепш даехаць і выехаць цяпер, 55 тысячаў беларускіх кіроўцаў, якія могуць застацца без працы. Праз праблемы шараговага чалавека мы будзем уваходзіць у палітыку. Таксама будзем дэканструяваць скандалы паміж нашымі краінамі, як шпіёнскія з затрыманнем манаха-кармеліта, пра што было ў першым выданні. Мы будзем разбірацца, што гэта насамрэч было, які сігнал», – кажа Алесь Залеўскі.
Як атрымліваць кайф ад футбола, застаючыся журналістам? Гутарка са Змітром Міцкевічам
Вядоўца падкрэслівае, што вялізная праблема ў дачыненнях заходніх краінаў з Беларуссю цяпер у тым, што «Менск вядзе дыпламатычную палітыку ў сярэднявечным стылі» – калі хоча штосьці сказаць, пасылае сігнал – напрыклад, затрымлівае манаха, «каб кароль павярнуў галаву і запытаўся, што табе трэба». Са словаў Залеўскага, тут значная роля будзе належаць «Белсату» у тым, каб растлумачыць суседзям, што хацела сказаць Беларусь, а мо і не Беларусь, мо гэта Пуцін кажа праз Лукашэнку.
У чым адрозненне ад іншых праграмаў?
У эфір плануецца запрашаць найперш небеларускіх экспертаў з медыясферы. Экспертам з беларускага боку ў выданні будзе выступаць вядоўца. Адрозненне фармату «Тут і там» у параўнанні з іншымі публіцыстычнымі выданнямі ў тым, што тут у эфіры будуць размовы паміж роўнымі, а не класічнае інтэрв’ю з пытаннямі журналіста і адказамі спікера. У кожным выданні, акрамя беларускага вядоўцы, будуць браць удзел прадстаўнікі яшчэ дзвюх краінаў.
«Штораз будзе абмяркоўвацца адна тэма і падзея, але на яе будуць скіраваныя тры перспектывы – гэтак мы лепш убачым гэтую падзею, – тлумачыць Алесь. – Такога поўнага цыклу – ад разбору, перспектывы з боку трох суседніх раёнах, да высноваў – не было. У гэтым мы будзем адрознівацца ад іншых прадуктаў».
Першае выданне «Тут і там» сабрала 10 тысяч праглядаў. Гэта «не бомба», кажа Алесь Залеўскі, і аўтары і вядоўцы разлічваюць, што далей будзе больш, але такая колькасць паказвае, што цікавасць да фармату ёсць. Таксама мяркуецца, што праграму будуць глядзець не толькі беларусы. Эфіры «Белсату» цікавыя ўкраінцам, літоўцам, палякам, бо з Беларуссю цяпер звязана шмат тэмаў, якія датычаць нашых суседзяў.

Журналіст «Белсату» Алесь Залеўскі ў рэдакцыі навінаў. Варшава, Польшча. 18 студзеня 2025 года. Фота: «Белсат»
«Тыя ж дроны ляцелі з Беларусі: чаму не збілі, але папярэдзілі? Гэтыя падзеі цікавыя аўдыторыям іншых краінаў, як і аналітыка, адказы на пытанні чаму. Паводле праглядаў мы бачым, што ідэя людзям цікавая. Бо бяспека актуальная для ўсіх народаў. У нас адзін супольны інтарэс. А брак бяспекі – вялікі матыватар, каб шукаць адказы на пытанні, што рабіць, і далучацца да праглядаў нашых выданняў», – кажа журналіст.
Важная місія праграмы
Другі вядоўца, Зміцер Міцкевіч, бачыць галоўную мэту праграмы ў будаванні мастоў паміж Беларуссю і суседзямі.
«Нашая праграма скіраваная на тое, каб знаходзіць паразуменне, агульны пункт гледжання, а таксама рэчы, якія на парадку дня ў іншых краінах і могуць паўплываць на Беларусь, на жыццё звычайных людзей. Мы будзем гаварыць аб праблемах, якія можна памацаць, пра тое, што нас з суседнімі краінамі яднае», – кажа вядоўца.
Са словаў Змітра, у выданнях будуць падымацца не толькі палітычныя тэмы, але і медыі, культура. Пры выбары галоўнай тэмы аўтары праграмы будуць адштурхоўвацца ад актуальнага парадку дня.
«Напрыклад, цяпер абмяркоўваецца прымусовае вывязенне палітвязняў. Зразумела, што нам будзе цікава, як на гэта глядзяць у Літве, што яны з гэтай нагоды думаюць, якое ў іх бачанне гэтага працэсу, як у іх гэтая праблема выглядае на парадку дня, як гэтая тэма асвятляецца, што літоўцы пра гэта кажуць. Нам важна разумець іхны пункт гледжання», – адзначае журналіст.

Журналіст «Белсату» Зміцер Міцкевіч у студыі. Варшава, Польшча. 18 верасня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / «Белсат»
Яшчэ адну задачу праграмы Зміцер Міцкевіч бачыць у тым, каб паказаць суседнім краінам, што народ Беларусі і акупацыйны рэжым Лукашэнкі – розныя рэчы, народ супраціўляецца і не падтрымлівае палітыкі афіцыйнага Менску: «гэта адзін з галоўных мэсіджаў праграмы».
Праграма будзе арыентаваная і на беларусаў у замежжы, і на тых, хто ў краіне. Плануецца абмяркоўваць, што ў суседніх краінах кажуць і думаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, як гэта асвятляецца, што робіцца ў суседніх краінах для развязання пэўных праблемаў, каб зразумець, якія «супольныя падыходы можна выпрацаваць».
«Мне здаецца, што ўвогуле шмат праблемаў у гэтым свеце выключна праз адсутнасць камунікацыі. І гэтую камунікацыю важна наладжваць. Важна будаваць масты. І нашая праграма будзе выконваць вось гэтую важную місію», – рэзюмуе вядоўца.
Праграма «Тут і там» выходзіць на «Белсаце» раз на два тыдні ў панядзелкі а 20:15 паводле менскага часу, а таксама на YouTube-канале «Белсат News».
