Офіс БАЖ наведала першы сакратар амбасады ЗША Элiзабэт Льюiс
У Сусветны дзень свабоды прэсы офіс Беларускай асацыяцыі журналістаў наведала першы сакратар амбасады ЗША па пытаннях інфармацыі, адукацыі і культуры Элiзабэт Льюiс.
У часе гадзіннай сустрэчы з кіраўніцтвам журналісцкага аб’яднання абмяркоўваліся праблемы недзяржаўнай прэсы ў Беларусі і ціск на калег.
Асаблівую ўвагу дыпламата прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў засяродзілі на пераследзе калег за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.
— У мінулым годзе нашых калег 69 раз штрафавалі за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ, які заключаўся ў працы без акрэдытацыі на замежнае выданне. Ад самага пачатку БАЖ лічыў і лічыць такія штрафы незаконнымі. Хваля пераследу калег не спыняецца і ў гэтым годзе — на сённяшні дзень мы маем ужо 33 такія судовыя пастановы, і гэта нас вельмі непакоіць, — заявіў старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.
Таксама падчас сустрэчы абмяркоўваліся праблемы журналістаў з доступам да інфармацыі, затрыманні калег, а таксама пагрозы, якія для беларускай медыясферы нясуць прапанаваныя ўладамі змены ў заканадаўства аб СМІ.