Офіс Ціханоўскай прапанаваў канцэпцыю люстрацыі. Што ў дакуменце наконт кіраўнікоў дзяржСМІ?
Люстрацыя з’яўляецца адным з ключавых элементаў правасуддзя пераходнага перыяду. Гэтая працэдура прадугледжвае праверку пэўных асобаў на прадмет іх сувязяў з рэпрэсіўнымі структурамі папярэдняга рэжыму з мэтай ачышчэння дзяржаўнага апарату і абароны новай дэмакратыі. Офіс Святланы Ціханоўскай прапанаваў канцэпцыю люстрацыі для Беларусі. Спампаваць PDF.
Прымяненне люстрацыі ў Беларусі звязана з неабходнасцю пераадолення спадчыны аўтарытарнага рэжыму і ўмацавання дэмакратычных інстытутаў. У якасці магчымай мадэлі люстрацыі ў Беларусі прапануецца выкарыстоўваць другі падыход, заснаваны на самадэклараванні.
Якой бывае люстрацыя?
Выдзяляюць тры віды люстрацыі. У першым выпадку асоба, якая падпадае пад крытэрый нядобранадзейнасці, не мае права займаць абароненую законам пасаду. У другім выпадку чалавек, які займае абароненую законам пасаду, або кандыдат на такую пасаду абавязаны самастойна заявіць, ці падпадае ён або яна пад крытэрый нядобранадзейнасці.
Забараняецца займаць гэтыя пасады толькі ў выпадку падачы ілжывай інфармацыі. У трэцім выпадку люстрацыя зводзіцца да выяўлення нядобранадзейных грамадзянаў, складання і апублікавання іх спісаў без якіх-небудзь іншых прававых наступстваў для асобаў, што правяраюцца. Найбольш супярэчнасцяў і прававых спрэчак выклікае люстрацыя першага забароннага тыпу.
У дадзеным дакуменце больш падрабязна апісваецца практыка люстрацыі ў чатырох краінах — Літве, Латвіі, Польшчы і Украіне — ментальна і гістарычна блізкіх да Беларусі, якія ўвялі люстрацыю пасля распаду Савецкага Саюза. Гэтыя краіны прадстаўляюць розныя прыклады правядзення люстрацыі з варыяцыямі ў нарматыўна-прававой базе, сферах прымянення, маштабах і эфектыўнасці. Вывучэнне гэтых выпадкаў дапаможа вылучыць ключавыя фактары, якія садзейнічаюць поспеху або няўдачы люстрацыі, што можа быць карысна для будучага прымянення люстрацыі ў Беларусі.
Таксама разглядаецца вопыт гэтых краінаў у практыцы Еўрапейскага суда па правах чалавека (ЕСПЧ) у кантэксце люстрацыі. Аналіз справаў, звязаных з люстрацыяй, дазваляе вызначыць магчымыя парушэнні правоў чалавека, такія як дыскрымінацыя або невыкананне належнай прававой працэдуры, і сфармуляваць высновы адносна таго, як
пазбегнуць падобных праблемаў у працэсе люстрацыі.
З мэтай праверкі сапраўднасці прадстаўленых звестак прапануецца стварыць незалежны орган. Забарона займаць пасады будзе ўводзіцца ў выпадку выяўлення ілжывых звестак у дэкларацыі па выніках праверкі.
Дасягнуць чаканых вынікаў люстрацыі магчыма толькі ў тым выпадку, калі гэты працэс будзе праведзены справядліва, аб’ектыўна і ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі абароны правоў чалавека. Люстрацыя не павінна быць інструментам палітычнай расправы, а мусіць стаць часткай комплекснага працэсу рэформаў, скіраваных на пабудову дэмакратычнага грамадства ў Беларусі.
Люстрацыя для прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ
Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі на працягу дзесяцігоддзяў выконвалі не столькі інфарматыўную, колькі прапагандысцкую функцыю. Яшчэ ў савецкія часы дзяржаўныя СМІ Беларусі былі пад жорсткім кантролем камуністычнай партыі. Прэса, радыё і тэлебачанне былі механізмамі прапаганды, а іх рэдактары фактычна былі ідэалагічнымі цэнзарамі. Інфармацыя строга фільтравалася, а любое іншадумства душылася.
У сучаснай Беларусі дзяржаўныя СМІ, якія знаходзяцца пад прамым кантролем улад, з’яўляюцца магутным інструментам прапаганды, дэзінфармацыі і падаўлення свабоды слова.
Кіраўнічыя пасады ў гэтых СМІ нясуць прамую адказнасць за распаўсюджванне тэндэнцыйнай і перакручанай інфармацыі, распальванне нянавісці да апазіцыі і ўтойванне праўды пра падзеі, якія адбываюцца ў краіне, асабліва пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
У перыяд пасля выбараў 2020 года дзяржаўныя СМІ разгарнулі маштабную кампанію па дыскрэдытацыі палітычных апанентаў рэжыму, праваабаронцаў, незалежных журналістаў і актыўных грамадзянаў. Іх прадстаўлялі як «змагароў», «здраднікаў», «экстрэмістаў», «ворагаў народа», «збеглых» і «пятую калону», выкарыстоўваючы мову нянавісці і рыторыку варожасці.
Дзяржаўныя СМІ актыўна апраўдвалі жорсткія дзеянні сілавых структураў супраць мірных пратэстоўцаў, прадстаўляючы гвалт як неабходную меру для «аднаўлення парадку» і «абароны дзяржавы ад знешніх і ўнутраных ворагаў». Яны замоўчвалі факты катаванняў, жорсткага абыходжання з затрыманымі і іншыя парушэнні правоў чалавека, учыненыя прадстаўнікамі ўлады. Актыўная прапагандысцкая дзейнасць дзяржаўных СМІ садзейнічала
стварэнню ў грамадстве атмасферы страху і самацэнзуры, прыдушала свабоду выказвання меркаванняў і крытычнае мысленне.
Кіраўнікі і намеснікі кіраўнікоў дзяржаўных СМІ, галоўныя рэдактары і рэдактары аддзелаў, займаючы кіруючыя пасады, нясуць непасрэдную адказнасць за рэдакцыйную палітыку і кантэнт, які распаўсюджваецца ў дзяржаўных СМІ.
Менавіта яны вызначаюць парадак дня, выбар тэм, тон публікацый і якасць інфармацыі, якая даходзіць да грамадства. Іх роля ў распаўсюджванні прапаганды і дэзінфармацыі не з’яўляецца пасіўнай, а ўяўляе сабой актыўны ўдзел у падтрыманні аўтарытарнага рэжыму і парушэнні правоў грамадзянаў на праўдзівую інфармацыю і свабоду выказвання меркаванняў.
