Пачобута не выпусцілі з турмы, бо Польшча не адкрыла пункты пропуску на мяжы – Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Польшча сарвала ўгоду – нібыта палітвязня Анджэя Пачобута збіраліся абмяняць на беларускіх шпіёнаў, затрыманых у Польшчы, але польскія ўлады адклалі адкрыццё двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю.

Анджэй Пачобут. Фота: Вольга Корсун
«У нас з палякамі былі кантакты. Яны просяць там гэтых Пачобутаў, шпіёнаў прызнаюць. Яны затрыманыя. «Аддайце». Мы ім кажам: «Ну добра, там 2–3 чалавекі нашых ёсць. Вяртайце. Правядзем абмен». Таксама ж сем’і і гэтак далей. Выведка была, ёсць і будзе. Я гэта прызнаю, паважаю. Добра, абмяняем. Пачобута хочаце – мы гатовыя пайсці і на гэта. «Ой, дзякуй вам і іншае, мы гатовыя з вамі размаўляць, мы адкрываем пункты пропуску, яшчэ чагосьці»», – распавёў Аляксандр Лукашэнка пра дэталі ўгоды.
Аднак затым Польшча адклала адкрыццё двух памежных пераходаў на мяжы з Беларуссю.
«Учора да ночы мне паведамляе КДБ: «Не, яны адступілі ад гэтай пазіцыі ў знак салідарнасці з Літвой за гэтыя вось шарыкі». Я кажу: «Перадайце ім прывітанне». Адступілі – ну і мы адступім. Мы на паўзу ставім. Калі саспееце – прыходзьце, будзем з вамі размаўляць», – дадаў Лукашэнка.
Паводле яго, беларускі бок гатовы да размовы «без нагнятання».
28 кастрычніка Дональд Туск нечакана заявіў, што Польшча гатовая адкрыць два памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю: «Кузніца – Брузгі» і «Баброўнікі – Бераставіца». Аднак пазней міністр унутраных справаў і адміністравання Польшчы Марцін Кервіньскі паведаміў, што анансаванае раней адкрыццё памежных пунктаў адклалі на некалькі тыдняў праз салідарнасць з Літвой, якая цалкам закрыла мяжу з Беларуссю праз паток кантрабанды.
 @bajmedia
                        @bajmedia