• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пачынаецца завочны суд над блогерам Бяспалавым, яму інкрымінавалі 10 артыкулаў КК і 30 мільёнаў рублёў шкоды

    26 лютага ў Мінскім абласным судзе пачынаецца завочны суд над блогерам, стваральнікам тэлеграм-каналу «Мая краіна Беларусь» Сяргеем Бяспалавым. Расследаванне ішло ў рэжыме спецыяльнага вядзення з 13 снежня 2024 года.

    Пачынаецца завочны суд над блогерам Бяспалавым

    Блогера вінавацяць паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з паклёпам і зьнявагай Лукашэнкі (артыкулы 368, ч. 2, 188 КК), а таксама артыкулам аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады (арт. 357 ч.1). Агулам Сяргею Бяспалаву пагражае да 20 гадоў зьняволеньня.

    Таксама Бяспалава вінавацяць у нанясеньні дзяржаве вялікай шкоды. Паводле кіраўніка ўправы Генэральнай пракуратуры Дзьмітрыя Брылёва, які ў студзені агучыў інфармацыю пра абвінавачаньні ў адрас «стваральніка і кіраўніка экстрэмісцкага фармаваньня „Мая краіна Беларусь“», блогеру зьбіраюцца выставіць пазоў больш як на 30 мільёнаў рублёў.

    Пра завядзеньне крымінальнай справы супраць Сяргея Бяспалава стала вядома ў сьнежні 2024 году.

    Між тым афіцыйна пра справу самога Сяргея Бяспалава так і не праінфармавалі, паведаміў ён Радыё Свабода і гэтак пракамэнтаваў завочны крымінальны перасьлед:

    «Ніхто да мяне так і не зьвярнуўся, у суд не запрасіў, матэрыялаў справы не даслаў. Пра наяўнасьць адваката таксама нічога ня ведаю. Што да самой справы, дык у мяне яна выклікае сьмех. Бо не лічу, што наносіў хаця б малую шкоду сваёй краіне, тым больш у такім вялікім памеры, як 30 мільёнаў. А яшчэ гэта сумна, бо паказвае, што ад цяперашняй беларускай дзяржавы можна чакаць чаго заўгодна. Таксама гэтая гісторыя выклікае ў мяне пачуцьцё гонару. Значыць, канал „Мая краіна Беларусь“ працаваў і працуе не дарэмна», — сказаў Сяргей Бяспалаў.

    Да суду блогер разьлічваў зьвязацца з пракурорам на сваім працэсе, каб «задаць яму некалькі пытаньняў», але ці ўдалося гэта, невядома.

    Сяргею Бяспалаву 32 гады, ён жыў у Менску, займаўся блогерствам, супрацоўнічаў зь недзяржаўнымі мэдыя. Зьехаўшы зь Беларусі пасьля падзей 2020 году, спачатку апынуўся ва Ўкраіне, цяпер жыве ў адной з эўрапейскіх краін. Ён сябра Каардынацыйнай рады, быў выбраны туды ад сьпісу «Незалежныя беларусы» на чале з Максімам Шабуцкім.

    Судзіць Сяргей Бяспалава будзе судзьдзя Аляксандар Рыбакоў, вядомы вынясеньнем прысудаў шэрагу палітзьняволеных.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці