«Дапамажы сабе — і вакол цябе ўратуюцца тысячы». Пад Вільняй прайшоў сплаў на байдарках
«Зараз ідзе хваля вызваленняў: больш за 300 чалавек выйшлі з беларускіх турмаў. Перакананы, што любыя акцыі на знак падтрымкі палітычных вязняў, у тым ліку і журналістаў, карысныя і ўносяць сваю лепту ў вызваленне», — з гэтымі словамі юрыста Алега Мацкевіча пагадзіліся ўсе, хто ўдзельнічаў ў сплаве салідарнасці на байдарках, які 28 чэрвеня зладзіў БАЖ на літоўскай рэчцы Мерычанка.

Удзельнікі сплаву салідарнасці на старце. Фота: БАЖ
«МедыяХваля» — гэта шэраг актыўнасцяў, прымеркаваных да 30-годдзя Беларускай асацыяцыі журналістаў, яго арганізацыя адзначыць сёлета ўвосень. Сплаў ладзіўся на знак салідарнасці з калегамі, якіх на сёння ў Беларусі трымаюць за кратамі. Раней БАЖ ужо правёў шэраг квізаў і роварны прабег па Вільні. Наступнае мерапрыемства — тэматычны Медыякэмп «За Кадрам», ён пройдзе 19–20 ліпеня ва ўтульнай сядзібе пад Коўна.
«Мы спрабуем прыцягнуць увагу і да 38 журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні»
Сезон дажджоў, што накрыў Вільню апошнія тыдні, нарэшце зрабіў перапынак: 28 чэрвеня выдаўся сонечным, хоць і ветраным днём. Якраз у гэтую суботу адбылася чарговая акцыя «МедыяХвалі» — сплаў на байдарках па літоўскай рэчцы Мерычанка.
БАЖу дасталося ад калег-медыйшчыкаў, якія лічаць падобныя акцыі салідарнасці пустымі, бо «не набліжаюць вызваленне журналістаў». Спрэчкі вакол форм і метадаў вызвалення палітвязняў пракаментаваў намеснік кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў, старшыня Прававога цэнтра Алег Агееў.
— Нашыя акцыі ладзяцца для таго, каб пашырыць кола людзей, якія ведаюць пра наяўнасць беларускіх палітычных вязняў. Мы імкнемся схіліць іх да думкі, што вызваленне неабходнае як мага хутчэй. Гэта дасягаецца і ў афлайне, і ў анлайне. Калі мы праводзім мерапрыемства ў афлайне, то мы разлічваем на людзей, якія ўбачаць нашыя актыўнасці ўжывую. Да таго ж, зафіксаваныя, гэтыя імпрэзы пасля распаўсюджваюцца анлайн.
Мы ставім перад сабой менавіта такія мэты. І паколькі распачатая грамадская дыскусія пра спосабы і метады вызвалення палітвязняў, значыць, і роварны прабег, і байдарачны сплаў дасягнулі іх. Акцыі салідарнасці мы рабілі, робім і будзем рабіць.
— Калі ж рэагаваць на крытычныя галасы, якія кажуць, што акцыі салідарнасці не спрыяюць вызваленню… Вядома, палітвязні з’яўляюцца фактычнымі закладнікамі Лукашэнкі. Каб вызваліць палітзняволеных, патрэбны ціск на існуючы рэжым: добраахвотна ён нікога вызваляць не будзе, — перакананы спадар Агееў. — Значыць, ціск трэба аказваць з усіх бакоў: праз грамадскае меркаванне, праз замежных палітыкаў, праз настроі і напружанасць нават унутры сістэмы Лукашэнкі. Усім хочацца выглядаць добра. А калі ўвесь свет ставіцца да беларускага рэжыму як да злачынцы, які бярэ закладнікаў, то такі імідж падштурхоўвае і сам рэжым, каб вызваляць палітвязняў.

Кіраўнік Прававога цэнтра БАЖ Алег Агееў з удзельнікамі сплаву. Фота: БАЖ
Журналістка Ірына Новік так патлумачыла сваю матывацыю прыняць удзел:
— Такія мерапрыемствы даюць магчымасць не проста выжываць, але адчуваць нармальнае жыццё, атрымаць натхненне, новае памкненне жыць і нешта рабіць. Бо калі ўвесь час толькі гараваць, толькі плакаць, думаць пра кепскае і нічога не рабіць, то не застанецца ніякіх сіл не тое, што дапамагаць палітвязням, але нават сябе выцягнуць з глыбокай дэпрэсіі.
Не трэба выдумляць паўторна ровар, варта памятаць старую ісціну: дапамажы сабе — і вакол цябе ўратуюцца яшчэ тысячы. На маю думку, калі мы нешта робім, што камусьці падаецца забавамі, але надае нам сілы, то гэта значыць, што патэнцыйна мы зможам дапамагчы і палітвязням. І не толькі палітвязням.

Ірына Новік і юрыст Алег Мацкевіч рыхтуюцца спусціць свае байдаркі на ваду. Фота: БАЖ
— Акцыі салідарнасці вельмі важныя: яны робяць нас заўважнымі. Калі мы можам падтрымаць вязняў хоць такім шляхам — чаму б не? — мяркуе супрацоўніца Hrodna.life Вольга Новік.
Праваабаронца Леанід Судаленка нагадаў, што асабіста ён у БАЖы ўжо 25 гадоў:
— Для мяне БАЖ — вельмі каштоўнасная арганізацыя, якая найперш бароніць свабоду слова ў Беларусі. У верасні БАЖ святкуе 30-гадовы юбілей. І ўсе гэтыя дзесяцігоддзі я як рэгіянальны юрыст дапамагаю бараніць свабоду слова.
А праз сплаў на байдарках мы спрабуем прыцягнуць увагу і да 38 нашых сяброў-журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні. На мой погляд, любая актыўнасць, якая прыцягвае ўвагу да палітвязняў — няхай гэта роварны прабег, ці сплаў на байдарках, ці любая іншая актыўнасць — карысная.

Леанід Судаленка на рацэ Мерычанка. Фота: БАЖ
— А тым крытыкам, якія ляжаць на канапе і кажуць, што нічога рабіць не трэба, прывітанне — па-першае. А па-другое — далучайцеся да нас, яшчэ не позна, — дадае спадар Леанід.
Сплаў па Мерычанцы: жывая прырода, Паўлаўская рэспубліка і шляхамі Міцкевіча з Занам
Да акцыі салідарнасці далучыўся і ўкраінскі журналіст Улад Сідоранка.

Улад Сідоранка. Фота: БАЖ
— Эвелін Хол — англійская пісьменніца. Яна аўтарка кнігі «Сябры Вальтэра», выдадзенай 120 гадоў таму. Там ёсць эпізод спальвання кнігі, якая называецца «Пра розум». Менавіта там гучаць гэтыя радкі, так добра знаёмыя кожнаму чалавеку: «Я не згодны ні з водным вашым словам, якое вы прамаўляеце, але гатовы памерці за ваша права гэта казаць». Здавалася б, тое прамоўлена 120 гадоў таму, але бясконца актуальна сёння.
Свабода слова, свабода казаць — неад’емная частка любога грамадства, якое імкнецца развівацца. Тыя, хто пішуць, тыя, хто гавораць — не павінны быць пад замком.
Наша падтрымка і салідарнасць кожнаму, хто ў няволі за словы, — сказаў спадар Улад.
Байдарачны сплаў прайшоў па неглыбокай і досыць бяспечнай рацэ Мерычанка. Удзельнікі стартавалі ад Паўлаўскай рэспублікі, якая існавала з 1769 па 1795 гады.
Гэта былы маёнтак у Віленскім павеце Рэчы Паспалітай, дзе ў XVIII стагоддзі, пасля радыкальных рэформ, утварылася мясцовая супольнасць самакіравання. Жыхары маёнтка атрымалі права на ўласныя законы, герб, грашовую сістэму, сейм (заканадаўчы орган), казну і школы.

Прыемна апынуцца пасярод зялёнага мора. Фота: БАЖ

На байдарках даводзілася не толькі любавацца прыродай, але і веславаць. Фота: БАЖ

Юрыст Прававога цэнтра БАЖ Яўген Пыльчанка і Леанід Судаленка зрабілі невялічкі прывал. Фота: БАЖ

Ціхану Чарнякевічу напарніка не хапіла, таму давялося грэбсці за дваіх. Фота: БАЖ
Паўлаўская рэспубліка лічыцца прыкладам адной з самых прагрэсіўных сялянскіх рэформ у Рэчы Паспалітай, накіраванай на паляпшэнне ўмоў жыцця сялян.
У сядзібе Vilkiškių dvaras спыніліся на невялікі перакус і адпачынак.

На маршруце: Вілкішку дварас. Фота: БАЖ

Вілкішку дварас. Фота: з Facebook Ціхана Чарнякевіча
Маршрут сплаву праходзіў таксама праз мястэчка Яшуны, дзе знаходзіцца сядзіба-музей прафесараў Віленскага ўніверсітэта Балінскага і Снядэцкага. У свой час там гасцілі паэт Адам Міцкевіч і ўдзельнік Віленскай масонскай ложы, паэт, пісьменнік Томаш Зан.
Напамін пра рэпрэсіі супраць свабоды слова
Падчас сплаву ўдзельнікі зладзілі дадатковую міні-акцыю: запусцілі па рацэ караблікі з імёнамі палітзняволеных медыйшчыкаў.

Скрыншот відэа
Гэта мірны сімвалічны акт салідарнасці і напамін пра рэпрэсіі супраць свабоды слова ў Беларусі. Кожны папяровы караблік нагадвае, што за кратамі знаходзяцца жывыя людзі — калегі, сябры, прафесіяналы.

Скрыншот відэа
Караблікі з імёнамі — гэта спосаб не даць забыцца пра тых, хто несправядліва пазбаўлены волі. Сплаўляючы іх, удзельнікі акцыі салідарнасці імкнуліся нагадаць: свабода магчымая, мы верым у вяртанне зняволеных дадому.

Скрыншот відэа
Акцыі салідарнасці праходзяць за межамі Беларусі — у Вільні, Варшаве, Берліне ды іншых гарадах. Такім чынам БАЖ падкрэслівае, што лёс беларускіх журналістаў-палітвязняў — не ўнутраная справа, а пытанне ўніверсальных правоў чалавека.
Канешне, папяровыя караблікі не даплывуць да Беларусі, не возьмуць штурмам беларускія турмы і не вывезуць палонных журналістаў. Але важнае тое, што мы памятаем пра зняволеных калегаў, на месцы якіх мог аказацца любы з нас.
