Барыс Гарэцкі: БАЖ фіксуе выпадкі, калі пад выглядам журналістаў да людзей звяртаюцца трэція асобы
Ёсць выпадкі, калі пад выглядам журналістаў да людзей звяртаюцца трэція асобы, у тым ліку не выключана, што гэта могуць быць супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў, заявіў «Позірку» намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Барыс Гарэцкі. Фота: БАЖ
Паводле яго слоў, БАЖ вядомы такія выпадкі, але яны «не носяць масавы характар».
Гарэцкі рэкамендаваў «не даваць інфармацыю асобе, у сапраўднасці якой вы не ўпэўнены».
Пра спробы, як сцвярджаецца, прадстаўнікоў сілавых структур Беларусі выдаваць сябе за іншых людзей, каб выяўляць апанентаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі за мяжой, паведаміла экс-палітзняволеная Антаніна Канавалава.
Паводле яе слоў, «у апошні час беларускія сілавікі, у тым ліку супрацоўнікі КДБ, актыўна выкарыстоўваюць правакацыйныя метады для атрымання інфармацыі ў актывістаў і проста нязгодных з рэжымам. Адзін з такіх метадаў — прапанова грошай за інтэрв’ю або «шчырую размову».
Канавалава сцвярджае, што да яе звярнуліся нібыта з расійскага праваабарончага цэнтра «Мемарыял» і прапанавалі грошы за інфармацыю. Нумар, з якога тэлефанавали, зарэгістраваны ў Чылі.
На БТ паказалі фільм пра беларусаў у эміграцыі. Каб запісаць відэа, герояў жорстка падманулі
