Павел Падабед: Мяне затрымалі за два дні да ад’езду ў Польшчу
Былы відэааператар тэлеканала «Белсат» Павел Падабед тры гады адседзеў па абвінавачанні ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні». Медыйшчыка вызвалілі і дэпартавалі з Беларусі 11 верасня, як і яшчэ паўсотні палітвязняў. Журналіст падзяліўся з БАЖам успамінамі пра арышт, зняволенне і вызваленне.

Павел Падабед падчас прэс-канферэнцыі з удзелам Святланы Ціханоўскай і вызваленых палітвязняў. Вільня, 12 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
«Думаў, зробяць невялікі допыт і адпусцяць. А далей буду вырашаць, як збегчы»
— Мяне затрымалі літаральна за два дні да ад’езду ў Польшчу. У мяне была віза, з раніцы ў няделю я планаваў рухацца ў Познань. У пятніцу зранку са свайго дома пад вёскай Сёмкава, што ў Мінскім раёне, дзе я меў часовую рэгістрацыю, я паехаў у Мінск да маці — развітацца. Тады ж, 20 студзеня 2023 года, выйшаў на пошту, каб заплаціць за сынаву вучобу ў IT-акадэміі, а пасля накіраваўся па справах на вуліцу Маякоўскага, што месцілася побач.
Мая машына стаяла на прыколе каля былога Дома культуры камвольнага камбіната, а праз дарогу знаходзілася крама, куды я вырашыў заскочыць за цыгарэтамі і вадой. І вось праходжу я каля свайго аўто, накіроўваюся ў падземны пераход — і бакавым зрокам бачу рух.
Чую, хлопнулі дзверы машыны, і адразу голас за маёй спінай па-руску: «Подобед Павел Васильевич?». Мяне з усіх бакоў абступаюць людзі ў цывільным, а старшы з іх суне мне пад нос чырвоную кніжачку «КГБ Беларуси»: у нас ордэр на вобшук вашага памяшкання і вашай машыны.
Як вядома, на пачатку жніўня 2020 года спецслужбы распачалі крымінальную справу «аб масавых беспарадках». З яе, як парасткі, вырастаюць іншыя крымінальныя справы, персаналізаваныя.
Безумоўна, я адразу пачаў стрэсаваць. Ад мяне запатрабавалі пераключыць мой тэлефон у рэжым палёту, сам тэлефон заставаўся пры мне. Літаральна за пяць хвілін абшукалі машыну, але там нічога не было. Мяне садзяць на задняе сядзенне ў мінівэн: па баках каля дзвярэй — аператыўнікі, а я пасярэдзіне, каб не збег. Яны ведаюць адрас, па якім я пражываю, мы едзем за горад.
Дома вобшук працягваўся гадзіны дзве, іх цікавіў камп’ютар, дыскі. Усё апячаталі і забралі. Абшукалі падвал, мансарду, нават у печкі зазірнулі. Да гэтага часу ў мяне ўжо забралі мабільны тэлефон, картку польскага банка. Але ніякага абвінавачання не прад’явілі. Думаю, зараз зробяць невялікі допыт і адпусцяць, маёй асабістай справы няма. А далей ужо буду вырашаць, як збегчы.
«КДБіст дазволіў звязацца з дзяўчынай з умовай, што я ёй нічога не скажу»
Але не. У канцы вобшуку кажуць: «Ну, Павел Васільевіч, збірайце пляцак». «Куды збіраць, я ж не арыштаваны», — кажу. У адказ чую: «Зараз прыедзе ўчастковы з Заслаўскага РУУС і ўсё вам патлумачыць». І тут да мяне прыйшло разуменне: ніхто мяне ўжо нікуды не адпусціць. Пытаюся, можна я набяру сваёй дзяўчыне (цяпер — жонка), мы з ёй дамовіліся вечарам сустрэцца. І маці ж трэба папярэдзіць.
КДБісты мяне і пальцам не кранулі і паводзілі сябе ветліва, звярталіся на «вы». То бок жудаснага стаўлення да мяне не было. Але ж, вядома, стрэс, страшна, і я ўжо разумею, як кажуць на зоне, што «пайшоў па этапу». Выпісаў на паперку нумары тэлефонаў маці — я ведаў яго на памяць, але на стрэсе вырашыў падстрахавацца — і сваёй дзяўчыны.
КДБіст дазволіў звязацца з дзяўчынай прама пры ім з умовай, што я ёй нічога не скажу, акрамя таго, што ўвечары не ўдасца сустрэцца. І ўсё. Набіраю яе, кажу: «Даруй, не зможам сустрэцца вечарам». Яна пытаецца: «А што, ты з’язджаеш?». «Не зусім», — адказваю. На тым размова і скончылася.

Павел Падабед. Фота: сацсеткі
А вось патэлефанаваць маці я змог толькі з райаддзела. Туды мяне завезлі звычайныя ППСнікі на «бобіку». КДБісты стрымалі слова: адразу папярэдзілі, каб мне далі пазваніць ёй з РУУС.
«Крок улева, крок управа — страляем»
— Мяне затрымалі паміж 12‑й і 13‑й гадзінамі, у РУУС мы прыехалі каля пятай. Дзяжурны зрабіў першасны вобшук: дастаць шнуркі, рамень, зняць наручны гадзіннік. Участковы даў свой асабісты тэлефон, каб я пазваніў маці. Кажу ёй, што мяне затрымала міліцыя, чую жах у яе голасе, тлумачу: «Сам нічога не ведаю, але буду пакуль у Заслаўскім РУУС». Участковы падказвае: «Не-не-не, ты паедзеш у ІЧУ Мінскага раёна ў Сцяпянцы».
На пытанне, за што ж затрымалі і ці звязана гэта з вобшукамі ў мяне, у адказ чую пра заведзеную адміністрацыйную справу паводле артыкула 19.11 КаАП — за рэпосты допісаў «Радыё Свабоды» ў Facebook. Я разумею, што яны хуценька, на каленях, нарылі гэты рэпост. Не будзь яго, яны мне прышылі б «лаяўся матам». Гэта была фармальнасць, каб мяне затрымаць.
Каля 21‑й гадзіны на мяне склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Я амаль усю ноч правёў у Заслаўскім КПЗ, а пад ранак, гадзіне а 4‑й, нас, мяне і нейкага звычайнага п’яніцу, павезлі ў Сцяпянку. Мяне змясцілі ў вялікую камеру на восем асобаў, я прылёг адпачыць на мартац, але хутка быў пад’ём, а 6‑й гадзіне.
У ІЧУ я правёў двое сутак (суды на выходныя не працуюць), а ў панядзелак адбыўся суд. Я быў гатовы, што гэты суддзя дасць мне максімальны тэрмін — 15 сутак, трэба ж следчым палазіць па камп’ютары.
Тады ж з’явілася адчуванне: усё, на свабоду я не выйду. У мяне заставалася толькі адно пытанне, спецслужбы справяцца за 15 сутак ці накінуць яшчэ 15, каб знайсці «крымінал» у камп’ютары?

Павел Падабед. Фота: «Белсат»
Але ім удалося ўкласціся ў гэтыя дні. Здаецца, у суботу 4 лютага, 15 сутак заканчваліся. Але на 14‑я суткі да мяне ў камеру заходзіць канвой, без рэчаў забіраюць мяне. Выходжу на калідор, вакол мяне канвой, папярэджвае: крок улева, крок управа — страляем. На мяне адзяваюць кайданкі з ланцугом — узялі на цэп, як сабаку. І мы едзем у Следчы камітэт (каля Парка Горкага ў Мінску).
«КДБ узяў мяне ў распрацоўку ў верасні 22-га»
— Мая дзяўчына наняла адваката адразу пасля майго затрымання. Але ў палітычных справах адвакат — гэта, хутчэй, сувязь з роднымі. Ён не зможа цябе абараніць паводле закона, але хоць распавядзе пра цябе родным. Ды з адвакатам у любым выпадку трохі спакайней. Я папрасіў следчага пазваніць майму адвакату. Юрыст прыехаў хутка, але да таго моманту следчы паказаў ужо мне папярэдняе абвінавачанне: частка 3 артыкула 361 прым. 1 – уваходжанне ў склад «экстрэмісцкага фармавання», то бок «Белсата». Гляджу на санкцыю артыкула, якая прадугледжвае ад 2 да 6 гадоў зняволення, і думаю: колькі ж мне дадуць? Падумалася тады, дадуць гады тры…
Я падчас следства маўчаў, бо адвакат яшчэ ў ІЧУ сказаў: не даваць следчаму ніякіх паказанняў, бо ўсё роўна будзе судовае следства, тое самае будзе пытацца пракурор. Вырашылі, што гаварыць я буду толькі на судзе. І я трымаўся гэтай пазіцыі.
Пасля прад’яўлення абвінавачання мяне хацелі перавесці ў СІЗА № 1 на Валадарскага, бо мне абралі меру стрымання — утрыманне пад вартай. Канваіры — а яны знаходзіліся са мной у кабінеце следчага і «бранзалеты» знялі толькі для таго, каб я падпісаў паперы — па дарозе назад заўважылі: «Валадарка – гэта добра, калі пашчасціць, то ў камеры будзе нават тэлевізар. А там, наколькі я ведаю, ці не ў кожнай камеры тэлевізар».
Выходныя я прасядзеў яшчэ ў ІЧУ (агулам — 18 сутак). А ў аўторак мяне на мікрааўтобусе адвезлі на Валадарку. І ўсё, як патрапіў у камеру № 50, так і правёў у ёй паўгода. Следчага я не бачыў, бо ён зразумеў, што ніякіх паказанняў я даваць не буду. Ён проста прыйшоў на пачатку траўня, каб азнаёміць мяне з матэрыяламі справы.
У ліпені 2021 года я рабіў для Беларускага расследавальніцкага цэнтра камп’ютарную графіку, іхнія праграмы выходзілі на «Белсаце». У мяне знайшлі матэрыялы да фільма «Новыя факты пра забойства Паўла Шарамета», і гэта стала падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы.
«Белсат» на той момант ужо быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Але следчы кажа: «Дзеля цябе мы правялі адмысловую экспертызу фільма (стужка працягласцю хвілін 20), дык мы на ўсялякі выпадак прызналі і фільм экстрэмісцкім матэрыялам».
Я сам глядзеў чарнавую версію фільма, а поўную версію паглядзеў толькі ў судзе. Яго паказвалі па «Белсаце».
Але гэта таксама была фармальнасць. Больш нічога, каб мне прад’явіць, на камп’ютары не знайшлі. Я адразу абрадаваўся, кажу адвакату, што за адзін матэрыял мне многа не дадуць. Але пазней, ужо на судзе, я зразумеў, што гэты матэрыял такая ж фармальнасць, як і адміністрацыйны арышт. Мой артыкул гучыць як «уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання», адпаведна, справа не ў матэрыяле, а ў маім супрацоўніцтве з «Белсатам». А колькі я матэрыялаў зрабіў — адзін, дзесяць, пятнаццаць — нікога не хвалюе.

Павел Падабед падчас прэс-канферэнцыі з удзелам Святланы Ціханоўскай і вызваленых палітвязняў. Вільня, 12 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Я пазнаёміўся са справай. Адзін том прысвячаўся КДБ. Як аказалася, яны ўзялі мяне ў распрацоўку ў канцы верасня 22-га. Цяпер мы ўжо не даведаемся, што, як і чаму. Але цяпер я ўжо думаю, што пасля верасня 2022 года я б ужо і не змог з’ехаць, мяне затрымалі б проста на мяжы.
Амаль два месяцы справа была ў пракурора, які дадаў у маё абвінавачанне «карыслівы матыў». Гэта мая праца, а для іх — «карыслівы матыў», які абцяжарвае абвінавачанне. Следчы прыйшоў да мяне яшчэ раз, каб я падпісаў паперы.
«Суд справіўся вельмі хутка: пачаўся 28-га, а закончыўся 30 чэрвеня»
— Пазней мне ў камеру прынеслі павестку, што 28 чэрвеня пройдзе першае пасяджэнне суда ў Мінскім гарадскім судзе.
Я разумеў, што ўсе палітычныя справы на той час разглядаў Мінскі гарсуд. Спецканвой, пустая судовая зала, спачатку хадзілі размовы, што суд будзе закрыты. У выніку працэс адкрылі, людзі маглі прыйсці, але на першае пасяджэнне прыйшла толькі мая маці.
Дарэчы, з судом справіліся вельмі хутка: першае пасяджэнне 28 чэрвеня цягнулася гадзіны чатыры (судовае следства). Мы спрачаліся з пракурорам, віну я прызнаваў часткова, не адмаўляючыся ад зробленных матэрыялаў. 29 чэрвеня быў перапынак, а 30 чэрвеня адбылося другое пасяджэнне, на якім быў абвешчаны прысуд.
Пракурор запрасіў мне чатыры гады пазбаўлення волі. Думаю: «Дурань нейкі — зашмат просіць. Суддзя, можа, не такі дурны — дасць гады тры». На тры гады я ўжо настроіў сябе.
Пакуль суд прымаў рашэнне, мяне спусцілі ў маленькую камеру, так званы «стакан», недзе метр на паўтара, дзе і сядзеў гадзіны дзве. Натуральна, хвалюешся: колькі дадуць? А потым я зразумеў, што ў «стакане» можна было ўжо не перажываць.
У Мінскім гарадскім судзе практыкавалася, што пракурор ужо фактычна зачытвае вырак: суд нічога не мяняе, проста дублюе запыт пракурора. Як толькі пракурор папрасіў 4 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму, ужо можна было нічога не чакаць.
У мяне канфіскавалі ўсю тэхніку: камп’ютар, тэлефон, знешні дыск, вярнулі толькі пару танных флэшак.
«Палітычныя ўжо з каранціна выходзяць злоснымі парушальнікамі»
— Першыя дзень-два мне было цяжкавата, трэба было перажыць усё гэта. Потым падаў апеляцыю. На час яе разгляду мяне перавезлі ў Магілёў у турму № 4. А калі цябе этапуюць у Магілёў на апеляцыю, то гэта верная прыкмета таго, што сядзець ты будзеш у адной з трох магілёўскіх калоній: ці Бабруйск, ці Магілёў, ці Шклоў. Мая сястра пайшла ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС, ёй не сказалі, дзе я буду адбываць пакаранне, хаця і ведалі. Калі я ўжо знаходзіўся ў Магілёве, то маці асабіста пайшла ў ДВП і даведалася, што мяне адпраўляюць у ПК № 17 у Шклове.
22 верасня, гэта якраз дзень народзінаў маёй маці, Вярхоўны суд пакінуў прысуд без зменаў. Але я не меў ілюзій, быў адзін шанец на мільён, што прысуд неяк зменіцца.
Мне хуценька прынеслі пастанову Вярхоўнага суда. І з гэтага моманту я фармальна пачаў адбываць пакаранне. 30 верасня 2023 года мяне этапавалі ў Шклоў, я заехаў у каранцін.
Там стаўленне да палітычных «пристрастное». Цябе адразу ўганяюць у стрэс: садзяць у клетку, ты падпісваеш паперы, што згодны з правіламі ўнутранага распарадку, і цябе адразу вядуць на «шмон», што значыць, вобшук. Распранаюць дагала, а ўсе твае рэчы шманаюць.
На мяне адразу павесілі парушэнне, што я не павітаўся – гэта звычайны прыём. У Шклове такая практыка, што палітычныя ўжо з каранціна выходзяць злоснымі парушальнікамі. А гэта значыць, у мяне дзве базавыя на краму, ніякая амністыя мне не свеціць. Мяне можна хуценька адправіць у крытую турму праз ПКТ і ШІЗА, а калі ёсць патрэба, то можна накінуць і 411‑ы артыкул. Наколькі я зразумеў, 411‑ы артыкул можна прымяняць бясконца, ты — злосны парушальнік рэжыму.

Павел Падабед . Фота: з асабістага архіва
Напрыклад, у Шклове не давалі бачыцца з роднымі. Паводле закона, калі ты знаходзішся на агульным рэжыме, то маеш тры доўгатэрміновыя спатканні на год і чатыры кароткатэрміновыя спатканні (калі ты размаўляеш праз шкло).
А мне не давалі ніякіх. Як толькі ў цябе падыходзіць тэрмін спаткання, табе тут жа прыдумляюць новае «парушэнне»: у цябе ў тумбачцы ляжыць лішні канверт альбо ў тваіх асабістых рэчах завалялася «лішняя» пячэнька. Або зноў не павітаўся.
У каранціне я прабыў няшмат — 9 кастрычніка ўжо быў у атрадзе — але выйшаў, маючы на руках чатыры «парушэнні». Начальнік атрада адразу даў распісацца, што я атэставаны як злосны парушальнік. Амаль два гады я і прабыў у шклоўскай калоніі — пакуль не вызвалілі.
«Самае страшнае, што твой лёс знаходзіцца ў руках садыстаў»
— Самае страшнае ў калоніі — псіхалагічны ціск.
Адна з базавых патрэбаў чалавека, паводле піраміды Маслоў, — бяспека. А там ты 24 на 7 не дачуваеш сябе ў бяспецы. Ад цябе не залежыць нічога. Ты як цацка ў чужых руках. Любы выклік у адміністрацыю — гэта чаканне найгоршага. Ты знаходзішся ў пастаянным стрэсе, які руйнуе твой імунітэт, тваю псіхіку, руйнуе ўсё.
Цяжка было без сустрэч з роднымі. Давалі ліставацца, але толькі з роднымі. У каранціне ты ўказваеш самых блізкіх людзей: маці, жонка, сын. Опер часткова правярае дакладнасць гэтай інфармацыі — і ўсё. Звычайным зэкам можа пісаць хто заўгодна, а палітычным лісты не будуць даходзіць. Мне ад сяброў, знаёмых нічога не прыходзіла, хаця цяпер я даведаўся, што многія людзі адпраўлялі мне і лісты, і паштоўкі. Я бачыў лісты толькі ад маці, ад жонкі і ад сына. І толькі з імі я мог стэлефаноўвацца. Я меў пяць званкоў на месяц: двойчы я набіраў жонцы, двойчы сыну і адзін раз маці.
Калі я прыехаў у шклоўскую калонію, фізічных распраў ужо не было, пры мне нікога не збівалі. Пару разоў, бывала, перацягнуць дубінкай, калі выводзяць з ШІЗА. Але каб мэтанакіравана лупцавалі, то я не бачыў.
Зараз там практыкуюць псіхалагічны ціск — табе не даюць ніякага продыху, трымаюць у пастаянным напружанні і не даюць бачыцца з роднымі.
У сваім атрадзе я мог перастрэцца з іншымі «палітычнымі». Сувязь паміж атрадамі падтрымліваць ужо цяжэй, мы замкнутыя ў так званых «лакалках». У шклоўскай калоніі ты зэк другога гатунку. Апрача традыцыйнай дыскрымінацыі, табе забараняюць хадзіць на стадыён, у бібліятэку, у царкву, нават калі ты вернік. Гэта рабілася ў тым ліку, каб мы не маглі стасоўвацца. Хадзіць можна было толькі на працу і рэжымныя мерапрыемствы.
Але гэта дурнота! На працы і можна перастрэцца, падысці, паразмаўляць, бо да кожнага зэка вертухая не прыставіш. Напрыклад, ёсць дрэваапрацоўчы цэх, дзе я нейкі час працаваў. Там звычайна адначасова знаходзілася брыгад пяць.
«Было адчуванне, што гэты ангар я бачу апошні раз»
— Міліцыянты зэкам, асабліва палітычным, ніколі нічога не скажуць. Вызваленне сталася сюрпрызам, але стрэсавым.
10 верасня 2025 года мая брыгада выконвала сезонныя працы: паўгода працуем у дрэваапрацоўчым цэху, паўгода робім тратуарную плітку. Буйныя вытворчасці, швейная, абутковая і дрэваапрацоўчы цэх, знаходзяцца на прамзоне, а вытворчасць пліткі — на жылой зоне.
Наша брыгада схадзіла на абед, мы вярнуліся ў ангар, я проста прысеў на лаўку адпачыць. І тут каля 14‑й гадзіны дня ў ангар залятаюць брыгадзір і рэжымны афіцэр, і нервова пачынаюць крычаць: «Падабед, дзе Падабед!?» Першая думка — у мяне зноў пачаліся непрыемнасці. Яны да мяне: «Збірай усе свае рэчы».
Я запіхваю ўсё ў пакеты, а за мной па пятах ходзіць рэжымнік. Я бягу з пакункамі ў жылую зону (метраў трыдцать) — у працоўнай робе, нямыты. Збіраю рэчы ў сушылцы. Бяжым на другі паверх у атрад. У спальні мы маглі хадзіць толькі ў тапачках, у абутку нельга было. Калі ты пойдзеш у ботах, то заўгас можа прызначыць табе пазачарговую прыборку. Таму на парозе я аўтаматычна спыніўся. Ідзі ўжо ў бацінках, махае мне рэжымнік, маўляў, табе ўжо ўсё роўна.
Узрушаны, я пачынаю збірацца з думкамі: мяне ці пераводзяць у іншую калонію адбываць пакаранне, ці ў СІЗА — завялі новую справу і будуць раскручваць. Было адчуванне, што гэты ангар я бачу апошні раз. Але куды я з’язджаю, да лепшага ці да горшага?

Павел Падабед. Фота: з асабістага архіва
Адтуль мы бяжым у пакой захоўвання асабістых рэчаў, таксама ўсё збіраем…
І я, нагружаны, як ішак, гэтымі торбамі — звычайны зэкаўскі скарб, цягнуся да штаба. Гэта значыць, мне валачы гэтыя сумкі праз усю алею, на жаргоне — Брадвей метраў 350. Я праз кожныя метраў дваццаць спыняўся адпачыць, бо рукі адрываюцца. Рэжымнік, які суправаджаў мяне, аказаўся адносна нармальным, не прыспешваў.
Пасля трэцяга прыпынку не вытрымаў і кажу: «Я б зараз большую палову барахла выкінуў бы». На што чую адказ: «Мы так і зробім, але зараз трэба валачы». У выніку з мноства торбаў пры мне застаўся невялікі клунак.
«Сем чалавек: палітычныя, літовец і латыш»
Я аказаўся першым на каранціне і канчаткова зразумеў: некуды еду. Тут пачынаецца ўсё па новай. Асабісты дагляд — ты распранаешся дагала, паказваеш рот, язык, каб чаго недазволенага не схаваў. Калі цябе перавозяць на іншую «зону», ты абавязкова павінен быць у робе, бо ты асуджаны. А тут рэжымнік кажа, каб я апранаўся ў спартыўны касцюм. Мяне змясцілі ў клетку, куды садзяць ужо абшуканых зэкаў.
Прывялі яшчэ аднаго хлопца, але мяне засмуціла ягоная белая бірка. Ва ўсіх палітычных яны жоўтыя, а ў яго — белая. Заводзяць яшчэ аднаго хлопца, гляджу — а гэта Жэня Меркіс. Паміж намі метры чатыры, і пачынаю перамаўляцца з ім уголас. Дык ён патлумачыў, што хлопец з белай біркай — літовец.
У выніку набралося сем чалавек: палітычныя і замежнікі — літовец і латыш. Усіх даглядзелі, загналі ў клетку з сеткай-рабіцай, а ў другую клетку мы склалі торбы. Начальнік рэжымнага аддзела заходзіць і глядзіць, куды можна паставіць ложкі. Мы сваімі ручкамі прынеслі чатыры двухярусныя шконкі. Ночыць нас пакінулі ў каранціне.
12 журналістаў і блогераў выйшлі на волю ў ліку 52‑х памілаваных
А пятай мы прачнуліся. Амаль адразу забег дзяжурны памочнік начальніка калоніі і ўсіх па новай пагнаў на асабісты дагляд. Зноўку ўсе распранаемся дагала. Хвілін праз 10–20 пасля дагляду нас павялі да шлюза — варот, куды прывозяць новых зэкаў.
Каля 6.10 (якраз заканчваецца ранішняя зарадка) вароты прыадчыніліся. За імі стаяў «Вальксваген» без нумароў. Выйшаў начальнік калоніі і кажа, што зараз нам усё растлумачаць. Услед з’явіўся моцны дзядзька ў цывільным, у медыцынскай масцы, у кепцы, з пісталетам на баку і кажа: «Зараз мы едзем, не размаўляем. Крок улева, крок управа — страляем». Як аказалася, нас было сем, і іх было сем. І ніхто нічога не кажа.
І ўсё, мы выязджаем. Спачатку на Шклоў, потым на Магілёў. А кіламетраў за 30–40 ад Мінска мы павярнулі на берасцейскую шашу.
Нехта кажа, што, напэўна, вязуць на мяжу. Я не веру: я грамадзянін Беларусі, як мяне могуць дэпартаваць? Але з берасцейскай шашы мы паварочваем на віленскую трасу, і я разумею, што сапраўды, вязуць да літоўскага пераходу.
Праз усю Беларусь мы праехалі на мікрааўтобусе без нумароў, без усялякіх праблем. Потым я зразумеў, што дзеля нашай дэпартацыі арганізавалі цэлую спецаперацыю: вось яна, ДАІшная машына, мы яе абганяем — і ніякіх праблем.
Кіламетраў за 16 ад мяжы на будаўнічай пляцоўцы ўсіх вызваленых сабралі і пагрузілі ў два аўтобусы. І мы паехалі на літоўскую мяжу.
Да слова, хто ехаў з калоній, усім вярнулі дакументы.
Пашпарты не аддалі тым, каго везлі з СІЗА КДБ — гэта 13 чалавек, калі я не памыляюся. Свой пашпарт на рукі я атрымаў ужо ад літоўцаў, калі мне далі візу.
Вялікі дзякуй літоўцам, якія добра да нас паставіліся. І літоўскаму Freedom House шчыра дзякую — апякуюцца намі, як малымі дзецьмі.
«Я падаўся на міжнародную абарону ў Польшчы»
— Мінула 20 дзён з моманту вызвалення.
У мяне адчуванне, што пражыў невялікае асабістае жыццё: эйфарыя ад вызвалення праходзіць, накрывае стрэс, прыходзіць разуменне, што трэба наноў будаваць жыццё.
Я падаўся на міжнародную абарону ў Польшчы, бо разумею, што калі мяне выкінулі з Беларусі, зваротны шлях туды мне заказаны, вярнуцца магу толькі ў турму. Таму трэба наладжваць жыццё тут. Доўгатэрміновых планаў зараз не маю, вырашаю побытавыя пытанні і з легалізацыяй. І проста яшчэ не прызвычаіўся да волі, да разумення, што я сам сабе гаспадар.

Галоўная рэдактарка «Белсата» Аліна Коўшык і шасцёра вызваленых журналістаў тэлеканала: Вячаслаў Лазараў, Павел Падабед, Ірына Слаўнікава, Яўген Меркіс, Ларыса Шчыракова, Павел Вінаградаў. Фота: Сяргей Сацук
Пераезд з Літвы ў Польшчу прайшоў без праблем. Вялікі дзякуй польскім уладам і Фонду Strefa Solidarności, які мной зараз апякуецца.
Агнэшка Рымашэўска мне дапамагла з падачай дакументаў, бо ў мяне была літоўская нацыянальная віза. А гэта значыць, што легальна я не мог паехаць у Польшчу. Але яна дамовілася з польскім МУС і памежнікамі, бо калі я падаваўся на міжнародную абарону ў часовым пункце пропуску каля мястэчка Сейны, усе былі папярэджаныя і мяне ўжо чакалі.
— Ці плануеце вы застацца ў журналістыцы?
— Зараз я пра гэта не думаю. Я хацеў бы займацца больш графікай, а не пісаць артыкулы ці здымаць рэпартажы.
У прафесіі я застануся. Беларускі расследавальніцкі цэнтр вельмі мной апякуецца, дапамагае ўсім, чым можа. Тэлеканал «Белсат» таксама добра ставіцца да мяне і працу прапануе, але пакуль трэба проста перавесці дых.
Увогуле хачу сказаць вялікі дзякуй усім, хто дапамагае мне зараз і дапамагаў раней, усім неабыякавым людзям, тым хто слаў мне ў СІЗА пасылкі, лісты і паштоўкі, тым, хто зараз ахвяруе нам грошы на аднаўленне жыцця.
