З’явіўся падкаст пра беларускую фатаграфію — «Далягляд»
Ініцыятыва «ФШ1: Беларуская фатаграфічная платформа» запусціла падкаст пра беларускую фатаграфію. Яго вядоўцы — фатографы з Беларусі Яўген Ацецкі і Кацярына Кузьмічова — будуць размаўляць з фатографамі, куратарамі, мастацтвазнаўцамі і галерыстамі пра творчасць, фатаграфію і жыццё.

Вядоўцы падкаста — Кацярына Кузьмічова і Яўген Ацецкі
У першым выпуску «Знаёмства» Яўген Ацецкі і Кацярына Кузьмічова прадставілі слухачам мэты і задачы падкаста, яго структуру і стыль. Плануецца, што аўдыёшоу стане прасторай знаёмства і зверкі «творчых» гадзіннікаў фатографаў, якія апынуліся зараз у розных краінах. Пытанні запатрабаванасці, выжывання прафесіяналаў, пошук новай мовы фатаграфіі, асабістыя творчыя падыходы — вядоўцы гэтаксама закрануць у аўдыёблоге.
Яўген Ацецкі — фатограф, сузаснавальнік мінскай школы фатаграфіі ФШ1, якая зараз базуецца ў Варшаве. Аўтар праекта «Messed Up», «Площадь Перемен» ды іншых. Апошнія гады жыве ва Львове.
Кацярына Кузьмічова — фатографка, магістарка Акадэміі прыгожых мастацтваў ва Уроцлаве, навучэнка Інстытута Творчай Фатаграфіі (Чэхія). Працуе на стыку жанраў дакументальнай і арт-фатаграфіі. Жыве ва Уроцлаве.
«ФШ1: Беларуская фатаграфічная платформа» — школа фатаграфіі, заснаваная ў Мінску ў 2016 годзе. Пасля падзей 2020 года яе заснавальнікі і каманда былі вымушаны з’ехаць за мяжу. У кастрычніку 2023 года «ФШ1» аднавіла сваю дзейнасць у Варшаве.
Паслухаць падкаст можна тут.
