15 медыяў і 3 медыяарганізацыі падпісалі новы Кодэкс этыкі беларускіх журналістаў і запачаткавалі новую сістэму этычнага самарэгулявання
15 рэдакцый недзяржаўных медыя і тры медыяарганізацыі падпісалі пагадненне аб самарэгуляванні незалежнага медыясектара, а таксама новы Кодэкс этыкі беларускіх журналістаў. Яшчэ каля дзесяці недзяржаўных выданняў абмяркоўваюць магчымасць далучэння да пагаднення.
Падпісанае пагадненне аднаўляе сістэму этычнага самарэгулявання сектара з дапамогай Рады па медыяэтыцы, якая прыходзіць на змену Камісіі па этыцы БАЖ, што вымушана спыніла працу ў 2021 годзе.
Пагадненне прадугледжвае стварэнне Рады па медыяэтыцы, якая будзе разглядаць скаргі на парушэнне этыцы. Сябраў Рады на конкурснай аснове будуць вылучаць і абіраць рэдакцыі, што далучыліся да пагаднення і Кодэкса.
Такім чынам у беларускім медыясектары распачынае працу новая сістэма этычнага самарэгулявання і разгляду скаргаў на матэрыялы медыя.
Запуск новай сістэмы самарэгулявання пракаментаў намеснік старшыні БАЖ, кіраўнік Прававога цэнтра Алег Агееў.

Намеснік старшыні БАЖ, кіраўнік Прававога цэнтра арганізацыі Алег Агееў. Фота: БАЖ
— Сёння прынята рашэнне аб стварэнні органа самарэгулявання беларускага незалежнага медыясектара.
Дата 20 сакавіка ўвойдзе ў летапіс незалежных медыяў, бо стварэнне органа самарэгулявання — гэта сапраўды нагода для гонару. Падобныя органы існуюць у многіх дэмакратычных краінах у розных фарматах — з удзелам дзяржавы ці без яе. Наш досвед унікальны тым, што, нягледзячы на гэтыя змрочныя часы, удалося атрымаць згоду 18 суб’ектаў незалежнага медыясектара, якія, па-першае, пагадзіліся ўдзельнічаць у стварэнні гэтага органа, а па-другое, прынялі этычныя стандарты і ўзялі на сябе абавязальніцтва іх выконваць.
Сённяшняе рашэнне будзе спрыяць павышэнню якасці незалежнай журналістыкі. А гэта гарантуе, што беларускае грамадства і надалей будзе атрымліваць праўдзівую і якасную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі, з Беларуссю і з беларусамі.
Гэтыя дакументы адкрытыя да далучэння: у Пагадненні аб стварэнні органа самарэгулявання прапісаная працэдура далучэння. Кожная рэдакцыя медыя ці медыяарганізацыя, якая лічыць, што адпавядае вызначаным крытэрыям, можа даслаць заяўку на далучэнне ў БАЖ і стаць сябрам Медыяасамблеі і ўдзельнічаць у стварэнні Рады па медыяэтыцы.
Спадар Агееў падкрэслівае: цягам 60 дзён БАЖ павінен арганізаваць выбары ў Раду па медыяэтыцы. Медыяасамблея павінна запрацаваць ужо ў пачатку траўня, таму літаральна з наступнага БАЖ зоймецца падрыхтоўкай да выбараў.
— Хачу нагадаць, што акрамя сузаснавальнікаў Медыяасамблеі, у яе склад можна таксама самавылучацца, а сябры Медыяасамблеі могуць таксама вылучаць кандыдатаў на выбары ў Раду па медыяэтыцы. Прынятыя дакументы (з унесенымі сёння праўкамі) у панядзелак з’явяцца на сайце БАЖ. Запрашаем усіх, хто палічыць важным для сябе, далучацца да працы Медыяасамблеі і выбараў Рады па медыяэтыцы, — дадае намеснік старшыні БАЖ.
Да пагаднення далучыліся беларускія медыя і медыяарганізацыі, якія сёння вымушана працуюць з Грузіі, Літвы, Польшчы і Чэхіі.
