Асуджаную журналістку Паліну Піткевіч уключылі ў пералік «экстрэмістаў» на сайце МУС
30 траўня 2025 года імя і прозвішча журналісткі з’явілася ў пераліку асоб, «схільных да экстрэмісцкай дзейнасці» на сайце МУС Беларусі. Там жа пазначана, што Паліна Піткевіч «адбывае пакаранне».

Паліна Піткевіч. Фота: сацыяльныя сеткі
Сёлета ў сакавіку Паліну Піткевіч асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і буйнога штрафу.
Судовы працэс праходзіў у Мінскім гарадскім судзе. У выніку суддзя Святлана Чарапанава прызнала Паліну Піткевіч вінаватай паводле часткі 3 артыкула 361–1 КК РБ (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). У віну ставілі супрацу з анлайн-выданнем MediaIQ, у чым сутнасць абвінавачання, невядома.
Журналістку затрымалі 6 чэрвеня 2024 года.
Праз тыдзень, 13 чэрвеня, Міністэрства інфармацыі Беларусі на падставе рашэння суда Цэнтральнага раёна Гомеля ўнесла ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» сайт і сацсеткі праекта Media IQ. Яшчэ праз пяць дзён, 18 чэрвеня, КДБ Беларусі абвесціў анлайн-выданне Media IQ «экстрэмісцкім фармаваннем». Паліна Піткевіч у ліку іншых была названая сілавікамі ўдзельніцай гэтага медыяпраекта.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Паліну Піткевіч палітычнай зняволенай.
