Палітвязень, блогер Сяргей Пятрухін парэзаў сабе вены ў турме
Палітвязень, блогер Сяргей Пятрухін, які знаходзіцца цяпер у турме N4 Магілёва, быў змешчаны ў карцар пасля таго, як ён парэзаў сабе вены.
Прычына ў жудаснай антысанітарыі ў камеры, куды яго перавялі, і немагчымасць знаходзіцца з прысутным там кантынгентам. Цяпер стан яго здароўя здавальняючы, ён прыходзіў сёння на сустрэчу з адвакатам у турме.
Пра гэта паведаміў Уладзімер Шанцаў, кіраўнік абласной структуры партыі АГП у Магілёве. Ён прысутнічае ў судовым працэсе па гэтай справе.
Пятрухін знаходзіцца ў карцары з 27 лютага, і прабудзе там да 17 сакавіка.
Нагадаем, 11 лютага пачаўся ў Магілёве суд над брэсцкімі блогерамі Сяргеем Пятрухіным і Аляксандрам Кабанавым. Блогерам выставілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама іх вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады, а Сяргея Пятрухіна яшчэ і ў абразе суддзі.
Ім пагражае да 3 гадоў калоніі.