«Ціхія і мужныя героі, яны займаюць асаблівае месца ў маім сэрцы». Палітыкі і медыйшчыкі замежжа — пра зняволеных журналістаў
Больш за 40 журналістаў у Беларусі застаюцца ў турме, але за іх гавораць тыя, хто на свабодзе — іх сімвалічныя хросныя і іншыя публічныя асобы. У Сусветны дзень свабоды друку Беларуская асацыяцыя журналістаў запрасіла сімвалічных хросных бацькоў журналістаў-палітвязняў прыцягнуць увагу да іх становішча.

Чалец Еўрапейскага парламента ад сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Дэлара Буркхардт з партрэтам Кацярыны Андрэевай. Травень, 2025 год. Фота: спадарыні Буркхардт спецыяльна для БАЖ
«Так званая «дзяржаўная здрада» — проста за асвятленне мірных пратэстаў»
За асвятленне пратэстаў на «Плошчы Перамен» у Мінску Кацярына Андрэева атрымала два гады турмы, і пазней прысуд быў заменены на восем гадоў. Сімвалічная хросная маці Кацярыны Андрэевай — Дэлара Буркхардт, чалец Еўрапейскага парламента ад сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі.
«Кацярына Андрэева ўжо правяла ў турме больш за чатыры гады — з больш чым васьмі, якія ёй прысудзілі за «дзяржаўную здраду», проста за рэпартажы пра мірныя пратэсты ў Беларусі.
Яе справа з’яўляецца сімвалам жорсткіх рэпрэсій беларускага рэжыму супраць незалежнай журналістыкі і грамадзянскай супольнасці. Я працягваю заклікаць да неадкладнага вызвалення Кацярыны без дадатковых умоў, а таксама да вызвалення ўсіх палітычных вязняў у Беларусі.
Журналістыка — гэта не злачынства. Гэта краевугольны камень дэмакратыі, і мы павінны падтрымаць тых, хто рызыкуе ўсім дзеля яе абароны».
«Проста за сваю журналісцкую працу»
Спадар Гусці Граас з Палаты дэпутатаў Вялікага Герцагства Люксембург з’яўляецца сімвалічным хросным бацькам Аляксандра Манцэвіча, журналіста і рэдактара «Рэгіянальнай газеты».

Гусці Граас з Палаты дэпутатаў Вялікага Герцагства Люксембург з партрэтам Алега Манцэвіча. Травень, 2025 год. Фота: спадара Грааса спецыяльна для БАЖ
Аляксандр Манцэвіч быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі, але не прызнаў сябе вінаватым, калі яго судзілі за дыскрэдытацыю Беларусі праз прафесійную дзейнасць.
«У Сусветны дзень свабоды прэсы мы ўспамінаем Аляксандра Манцэвіча, які быў зняволены ў Беларусі проста за тое, што выконваў сваю працу журналіста.
Яго справа — гэта магутнае напамін пра тое, што свабода прэсы застаецца пад пагрозай ва ўсім свеце. Там, дзе прэсу прымушаюць маўчаць, там і права грамадскасці на праўду.
Абарона журналістыкі — гэта абарона дэмакратыі».
«Вельмі спадзяюся ўбачыць яе зноў на волі»
Пасля рэпартажаў для тэлеканала «Белсат» і ператрусу дома ў 2022 годзе журналістка Ларыса Шчыракова знаходзіцца ў турме. Яе сімвалічнай хроснай з’яўляецца Вэндзі Чэмберлен, ліберал-дэмакратка, дэпутатка парламента Вялікабрытаніі ад Паўночна-Усходняга Файфа.

Ліберал-дэмакратка, дэпутатка парламента Вялікабрытаніі ад Паўночна-Усходняга Файфа Вэндзі Чэмберлен з партрэтам Ларысы Шчыраковай. Травень, 2025 год. Фота: спадарыні Чэмберлен спецыяльна для БАЖ
«Спадарыня Шчыракова — журналістка, якой прысуджана 3,5 гадоў пазбаўлення волі. У выніку яе сына адправілі ў прытулак, адкуль яго з вялікімі цяжкасцямі забралі родзічы.
Я ўжо больш за год выступаю за неадкладнае вызваленне спадарыні Шчыраковай і вельмі спадзяюся, што яна як мага хутчэй выйдзе на волю.
У гэты Сусветны дзень свабоды прэсы я зноў заяўляю пра сваю падтрымку і вызваленне ўсіх беларускіх палітвязняў, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю. Многія з іх — журналісты, у якіх адабралі іх фундаментальнае права на свабоду прэсы».
Таксама нагадвае пра несправядлівасць турэмнага зняволення Ларысы Шчыраковай Пабло Экёй, генеральны сакратар нацыянальнага саюза журналістаў CGT – (SNJ-CGT), Францыя.

Генеральны сакратар нацыянальнага саюза журналістаў Пабло Экёй з партрэтам Ларысы Шчыраковай. Травень, 2025 год. Фота: спадара Экёя спецыяльна для БАЖ
«Адстойваць дэмакратыю — не злачынства»
Сяргей Сацук — журналіст-расследавальнік і галоўны рэдактар незалежнага навінавага выдання «Ежедневник». У прыватнасці, ён — аўтар расследаванняў пра карупцыію ў Міністэрстве аховы здароўя Беларусі і пра пандэмію COVID-19. У 2022 годзе суд у Мінску прызначыў яму восем гадоў пазбаўлення волі. Сімвалічнай хроснай Сяргея Сацука з’яўляецца Сванцье Міхаэльсэн, дэпутатка нямецкага Бундэстага ад Альянсу 90/Зялёных.

Дэпутатка нямецкага Бундэстага ад Альянсу 90/Зялёных Сванцье Міхаэльсэн з партрэтам Сяргея Сацука. Травень, 2025 год. Фота: спадарыні Міхаэльсен спецыяльна для БАЖ
«Я перадаю свае самыя цёплыя прывітанні Сяргею Сацуку ў сённяшні Сусветны дзень свабоды прэсы.
Мае думкі з вамі і з усімі, хто знаходзіцца ў турме за тое, што займаўся незалежнай журналістыкай. Сяргей Сацук — журналіст у турме. За што? Таму што Сяргей Сацук адстойваў дэмакратыю і свабоду слова.
Для мяне гэта не злачынства, а права чалавека і наш самы каштоўны здабытак. І таму я працягну гучна выказвацца і змагацца за яго неадкладнае вызваленне».
«Кожны журналіст патрэбны ў часы, калі прапаганда маніпулюе людзьмі»
Робін Вагэнер, дэпутат нямецкага Бундэстага і каардынатар Федэральнага міністэрства замежных спраў па міжграмадскім супрацоўніцтве з Паўднёвым Каўказам, Рэспублікай Малдова і Цэнтральнай Азіяй. Ён з’яўляецца сімвалічным хросным бацькам Ігара Лосіка, асуджанага ў снежні 2021 года да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Дэпутат нямецкага Бундэстага і каардынатар Федэральнага міністэрства замежных спраў па міжграмадскім супрацоўніцтве Робін Вагэнер з партрэтам Ігара Лосіка. Травень, 2025 год. Фота: спадара Вагэнера спецыяльна для БАЖ
Ігар Лосік — журналіст «Радыё Свабода», адміністратар Telegram-канала «Беларусь галаўнога мозгу», на які падпісана больш за 172 тысячы чалавек.
«Для мяне вялікі гонар быць парламенцкім хросным бацькам Ігара Лосіка з 2021 года.
Ігар — мужны змагар за дэмакратыю і свабоду ў Беларусі. Ён выступаў за незалежныя СМІ і сумленныя прэзідэнцкія выбары. Яго арышт быў незаконным, прысуд над ім — злачынствам. Ніхто не павінен быць пазбаўлены волі за імкненне да дэмакратыі. Свабода слова — гэта не злачынства, гэта права чалавека.
Я заклікаю да неадкладнага вызвалення Ігара Лосіка і ўсіх іншых палітычных зняволеных у Беларусі. Еўропе патрэбны іх голас. У часы, калі прапаганда маніпулюе людзьмі, нам патрэбны кожны журналіст, які ўсведамляе велізарную важнасць асвятлення падзей праз факты. Як сказала Іда Б. Уэлс: «Спосаб выправіць несправядлівасць — накіраваць на яе святло ісціны».
«Нам патрэбныя такія смелыя людзі, якія пакажуць нам пратэсты і паўсядзённае жыццё»
Незалежны відэааператар Вячаслаў Лазараў арыштаваны ў 2023 годзе, раней у 2020 годзе яго затрымлівалі за здымкі дэманстрацыі. Вячаслаў Лазараў атрымаў пяць гадоў турмы, будучы ва ўзросце 47 гадоў. Пра яго гаворыць Штэфан Кубэ, галоўны рэдактар часопіса Religion & Gesellschaft in Ost und West, кіраўнік Forum RGOW.

Галоўны рэдактар часопіса Religion & Gesellschaft in Ost und West, кіраўнік Forum RGOW Штэфан Кубэ
«Вячаслаў Лазараў — прыкладна майго ўзросту.
Я ніколі не сустракаўся з ім асабіста, але ўбачыў яго фота і ўявіў яго як уважлівага назіральніка. Вячаслаў дакументаваў падзеі ў Беларусі апошнія некалькі гадоў з дапамогай сваёй камеры. Нам патрэбныя смелыя людзі накшталт яго — яны паказваюць нам пратэсты і штодзённае жыццё ў Беларусі, выходзячы за межы афіцыйнага вобразу, які ствараюць улады.

Вячаслаў Лазараў. Фота: з асабістага архіва
Такія адкрытыя вочы — тое, што неабходна для свабоды слова».
«Еўропа і свет не павінны заплюшчваць вочы»
Павол Дэмеш, знешнепалітычны аналітык і былы міністр замежных спраў Славакіі, кажа пра Андрэя Аляксандрава. Андрэй Аляксандраў — журналіст і медыяменеджар, якому прысуджана 14 гадоў зняволення. Ён і яго партнёрка Ірына Злобіна (з якой яны за кратамі ажаніліся) былі затрыманыя ў 2021 годзе па абвінавачанні ў фінансаванні пратэстаў, а менавіта — за дапамогу ў выплаце штрафаў удзельнікам мірных акцый пратэсту.

Знешнепалітычны аналітык і былы міністр замежных спраў Славакіі Павол Дэмеш з партрэтам Андрэя Аляксандрава. Травень, 2025 год. Фота: спадара Дэмеша спецыяльна для БАЖ
«За апошнія 30 гадоў я сустрэў шмат смелых журналістаў і актывістаў у розных частках свету. Але беларусы займаюць асаблівае месца ў маім сэрцы. Гэта ціхія і мужныя героі, якія доўга змагаюцца за праўду, самапавагу, годнасць і свабоду, і гатовыя ісці на ахвяры дзеля гэтых каштоўнасцей.
Еўропа і свет не павінны заплюшчваць вочы на зняволенне журналістаў у турме, куды іх кінуў варварскі рэжым Лукашэнкі. Сёння я асабліва ўспамінаю пра Андрэя Аляксандрава, зычу яму не зламацца і як мага хутчэй вызваліцца. Няхай жыве Беларусь!»
