Памерла Дзіяна Чаркасава, маці забітай у 2004‑м годзе журналісткі
Выданне «Салідарнасць» паведамляе, што памерла Дзіяна Цімафееўна Чаркасава — маці забітай у сваёй кватэры ў Мінску 20 кастрычніка 2004 года журналісткі Веранікі Чаркасавай. Яна сышла на 90‑м годзе жыцця пасля працяглай хваробы.

Дзіяна Чаркасава, маці забітай у 2004‑м годзе журналісткі Веранікі Чаркасавай. Фота: з сайта «Салідарнасць»
Дзіяна Чаркасава нарадзілася ў 1935 годзе у Мінску. Тут яна скончыла беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ.
Яе жыццё было звязана з журналістыкай: Дзіяна Цімафееўна працавала ў газеце для беларусаў замежжа «Голас Радзімы», дзе прайшла шлях ад карэктара да намесніка галоўнага рэдактара. Таксама друкавалася ў газеце «Літаратура і мастацтва», часопісах «Полымя» і «Нёман». На «Радыё Рацыя» на пачатку 2000‑х выходзіў цыкл праграм па яе сцэнарыях пад назвай «Свая чужына». У ім спадарыня Дзіяна распавядала пра дзеячоў беларускай эміграцыі, напрыклад, пра паэтэсу Канстанцыю Буйло, з якой журналістка сябравала.
20 кастрычніка 2004 года ў мінскай кватэры знайшлі забітай дачку Дзіяны Чаркасавай Вераніку. Той, хто напаў на медыйшчыцу, нанёс ёй каля 46 нажавых удараў. Як паведамлялі следчыя, з кватэры нічога не знікла, а дзверы ў кватэру не былі ўзламаныя. Падчас вобшуку знайшоўся тэлэфонны нататнік журналісткі, у якім былі відавочныя сляды крыві. Следства высунула версію забойства на бытавой глебе. Да гэтага часу справа не раскрытая.
БАЖ выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Дзіяны Цімафееўны!
