Памерла Наталля Дораш — фотажурналістка і фотамастачка з Гродна
6 кастрычніка на 74‑м годдзе жыцця сышла ў іншы свет вядомая гродзенская фатографка Наталля Дораш. Паведамленне пра гэта з’явілася на яе старонцы ў Facebook.

Наталля Дораш. Фота: са старонкі ў Faceboook
Наталля Дораш нарадзілася ў Гродне ў 1952 годзе. Яна яшчэ ў раннім дзяцінстве захапіался фатаграфіяй. У спадарыні Наталлі нават захаваліся негатывы сваёй самай першай самастойнай у жыцці фотаздымкі. Тады ёй было сем гадоў. Мама прапанавала малой дачцэ рабіць здымкі на бацькоўскі фатаапарат на сямейнай вечарынцы.
«Гэта я ўмела. Мне падабалася перакладаць кадры, глядзець у акенца відашукальніка і націскаць на кнопку, каб пстрыкнула. Калі бацька праявіў гэтую плёнку, негатывы аказаліся празрыстымі з дрэнна адрознымі контурамі людзей і прадметаў. Як у фотаапараце выставіць для экспазіцыі патрэбную вытрымку і дыяфрагму, ніхто мяне ў сілу майго малалетняга ўзросту не змог бы навучыць. З‑за гэтага форс-мажору я пацярпела няўдачу, хоць і ўмела правільна націскаць на кнопку бацькоўскага фотаапарата», — успамінала фатографка.
Захапленне здымкамі хутка перарасло ў прафесію.
Яна вучылася ў школе фатаграфіі ў Мінску. Пасля працавала фотакарэспандэнтам у газетах, друкавалася ў рэспубліканскіх і замежных выданнях. Была сябрам Народнага фотаклуба «Гродна», актыўна ўдзельнічала у клубных фотавыставах.
Спадарыня Дораш неаднаразова перамагала ў фотаконкурсах, у тым ліку і міжнародных. Так, серыя «Паства» заняла другое месца ў конкурсе «Прэс-фота Беларусі 2011». У 2016 годзе прайшлі яе знакавыя аўтарскія выставы «Асяроддзе пражывання» і «Палешукі». Тады ж выйшаў першы фотаальбом Наталлі «Гродзенскія гісторыі».
«Мы шчыра дзякуем Наталлі за яе свет, яе погляд і за тое, што пакінула пасля сябе столькі прыгажосці», — напісаў з нагоды сумнай навіны Veha Archive.
