Памёр вядомы беларускі фотажурналіст Яўген Коктыш
5 лістапада на 86‑м годзе памёр вядомы беларускі фотажурналіст Яўген Коктыш. Пра гэта паведамілі яго родныя на старонцы ў Facebook.

Яўген Коктыш. Фота: з асабістага архіва
«Неверагодна добры, светлы, сумленны, шчыры Чалавек. Вельмі клапатлівы, жыццярадасны, адкрыты, ён з усімі знаходзіў агульную мову. Бясконца адданы сваёй прафесіі, не шкадаваў на яе ні часу, ні сіл», — напісалі ў сацыяльных сетках родныя фотажурналіста.
Яўген Коктыш нарадзіўся ў чэрвені 1940 году ў Ляхавіцкім раёне. Як распавядала «Радыё Свабода», пасля школы малады чалавек працаваў на Карагандзінскім металургічным заводзе, вучыўся ў Беларускім палітыхнічным інстытуце па спецыяльнасці «энергетыка». Дыпламаванага спецыяліста ўзялі на працу інжынерам-канструктарам у аддзел фізікі неразбуральнага кантролю Акадэміі навук.
Там жа захапіўся фатаграфіяй, стаў заўсёднікам Мінскага фотаклуба. Хутка яго пачалі друкаваць у газетах «Комсомольская правда», «Знамя юности», «Чырвоная змена», часопісе «Работніца і сялянка».
У 1976 годзе другі вядомы фатограф Юрый Іваноў запрасіў калегу ў агульнасаюзнае Агенцтва друку «Новости» (АПН), дзе спадар Яўген 20 гадрў асвятляў беларускія падзеі.
«Гэты медыяхолдынг рыхтаваў матэрыялы для 27 часопісаў і 19 газет 125 краін капіталістычнага свету. У фотасумцы і на шыі ў яго былі аб’ектывы, фотааксэсуары, а галоўнае — 5 фотакамер з каляровай і чорна-белай плёнкай, і яна ў АПН не была дэфіцытам.
І дзякуючы такой свабодзе дзеянняў у мяне засталося нямала здымкаў: Масква брала лепшыя, а адсеў негатываў дасылалі назад. Туды мы здавалі непраяўленыя плёнкі, а пры тэрміновай здымцы самі праяўлялі, сушылі пад рукамыйнікам, рабілі кантрольныя адбіткі з подпісамі — і бегам да 9‑га вагона цягніка №1 Мінск — Масква. Па дамоўленасці там АПН забірала пошту з Мінска», — дзяліўся ўспамінамі ў адным з інтэрв’ю для выдання «Комсомольская правда» спадар Коктыш.
У 90‑х гадах яго здымкі выходзілі ў газеце «Вечерний Минск» і іншых айчынных выданнях.
Яўген Фаміч праславіўся ў тым ліку шматлікімі партрэтамі слынных айчынных пісьменнікаў, акцёраў, мастакоў, рэжысёраў.
@bajmedia