Памёр віцебскі журналіст і пісьменнік Сяргей Рублеўскі
З дня заснавання ў 1990 годзе і да 2008 года ён быў рэдактарам віцебскай абласной газеты «Народнае слова» — выдання, якое ў першыя гады беларускай незалежнасці падтрымлівала дэмакратычныя каштоўнасці.

Фота: старонка Facebook Сяргея Рублеўскага
Сяргей Васільевіч Рублеўскі не меў прафесійнай адукацыі: ён скончыў фізіка-матэматычны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Але, адпрацаваўшы настаўнікам усяго некалькі год, ён знайшоў сваё сапраўднае прызванне менавіта ў журналістыцы. Спачатку працаваў у Бешанковічах — у раённай газеце «Зара», потым у талачынскай «раёнцы» «Сцяг Ільіча». Пасля яго запрасілі ў Віцебск, у абласную газету «Віцебскі рабочы».
У 1990 годзе Віцебскам аблсаветам было заснавана новае выданне — «Народнае слова», і Сяргей Рублеўскі стаў яго галоўным рэдактарам. На гэтай пасадзе ён адпрацаваў 18 гадоў. Калегі згадваюць свайго рэдактара як прынцыповага, але «чалавечнага» кіраўніка, які заўсюды імкнуўся адстойваць інтарэсы газеты і журналістаў.
У Сяргея Рублеўскага было хворае сэрца. Магчыма, гэта стала адной з прычын прычынай сыходу з журналістыкі на больш спакойную працу. Ён перайшоў на пасаду намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама — у аддзел па архівах і справаводстве, якім кіраваў да сыходу на пенсію ў 2013 годзе.
Асноўную працу Сяргею Рублеўскаму ўдавалася выдатна спалучаць з літаратурнай творчасцю. Ён аўтар васьмі зборнікаў прозы і паэтычнага зборніка «Адам і Ева». З 2001 года Рублеўскі быў чальцом Саюза беларускіх пісьменнікаў. У 2003 годзе стаў лаўрэатам абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча, у 2012 годзе атрымаў прэмію «Гліняны вялес», заснаваную Таварыствам Вольных Літаратараў, у 2020 годзе быў уганараваны прэміяй «Залаты апостраф», заснаванай рэдакцыяй часопіса «Дзеяслоў».
Развітацца з Сяргеем Рублеўскім сябры і калегі змогуць 13 траўня а 16 гадзіне ў рытуальнай зале «Аура» ( Вiцебск, вул.П.Броукi, 50/4). Пахаваюць Сяргея Рублеўскага 14 траўня на могілках у яго роднай вёсцы Бабча Лепельскага раёна.
