• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Памнажаць здабыткі і гуртавацца, нягледзячы на высокую «турбулентнасць» – у Гомелі вылучылі дэлегатаў на з’езд БАЖ

    Гомельская філія ГА "БАЖ" 1 сакавіка правяла справаздачна-выбарчы сход і абрала дэлегатаў на з’езд арганізацыі, які запланаваны на 16 карасавіка.

    З прычыны пандэміі Covid-19, а таксама гвалту і пераследу за асвятленне пратэстных акцый супраць фальсіфікацыі выбараў некаторыя сябры арганізацыі ўдзельнічалі ў сходзе праз анлайн-трансляцыю.

    Гэткім жа чынам да сходу ў Гомелі далучыўся і старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец. Ён адзначыў, што ўся журналісцкая супольнасць незалежнага грамадскага аб’яднання перажывае перыяд высокай «турбулентнасці». Таму асаблівае значэнне набываюць цяпер згуртаванасць, салідарныя дзеянні, адказнасць за ўсебаковае і сумленнае асвятленне сітуацыі ў краіне.

    За апошнія тры справаздачныя гады Гомельская гарадская арганізацыя ГА “БАЖ” імкнулася памнажаць здабыткі і традыцыі прафесійнай супольнасці рэгіёна. Па выніках 2018 года філія адзначаная дыпломам як лепшая.

    Многім запомніўся адмысловы прэс-тур пад назвай “Шляхамі Лазіка Ройтшванеца”, звязаны са знакамітым літаратурным персанажам Іллі Эрэнбурга.

    Гомельскія сябры ГА “БАЖ” аказвалі інфармацыйную падтрымку маштабнаму сямейнаму фэсту «Мова Нанова», прысвечанаму Міжнароднаму дню роднай мовы. Да ўгодкаў Чарнобыльскай катастрофы ў 2019 годзе ладзілася канферэнцыя “Праўда пра Чарнобыль” з запрашэннем ліквідатараў і экспертаў. Таксама былі арганізаваныя міні-трэнінг «Як прасоўваць уласны кантэнт у сацсетках» і ток-шоў “Доступ да праўды” пра складанасці ў атрыманні афіцыйнай інфармацыі. Двойчы за справаздачны перыяд праводзіўся традыцыйны міжрэгіянальны конкурс на дыплом “За адданасць прафесіі”.

    Праз праваабаронцу, сябра ГА «БАЖ» Леаніда Судаленку трое сябраў арганізацыі падалі індывідуальныя скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека на сістэматычны пераслед у звязку са зборам і распаўсюдам інфармацыі.

    Сам Судаленка зараз знаходзіцца ў СІЗА, яго вінавацяць у фінансаванні масавых акцый пратэсту, хоць насамрэч ён аказваў юрыдычную і матэрыяльную падтрымку людзям, якія ўжо зведалі рэпрэсіі з боку ўлады. Сябры філіі напісалі Леаніду калектыўны ліст са словамі падтрымкі.

    Дзеля паляпшэння камунікацыі ў Face­book створаная адмысловая група «БАЖ-Гомель».

    Сход прызнаў здавальняючай працу старшыні філіі Міколы Бянько і пасля дыскусіі пераабраў яго на новы тэрмін. Намеснікам зацверджаная Марыя Булавінская, скарбнікам — Людміла Копаць, рэвізорам — Аляксей Харкевіч.

    Вылучаныя дэлегаты на ХI з’езд ГА «БАЖ», імі сталі: Людміла Копаць, Юлія Сівец, Ларыса Шчыракова. Статус дэлегата мае таксама Мікола Бянько (кіраўнік філіі).

    З’езд ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” пройдзе 16 красавіка. Ідзе ВЫЛУЧЭННЕ ДЭЛЕГАТАЎ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці