Памёр пастаянны карэспандэнт Польскага радыё ў Беларусі Уладзімір Пац
У Менску памёр шматгадовы карэспандэнт Польскага радыё ў Беларусі і Расеі Ўладзімер Пац. На Польскім радыё ён пачаў працаваць у пачатку 1990-х гадоў.
«Ён — польскі голас зь Беларусі»
Ён памёр раптоўна ў менскай кватэры, меў праблемы з ціскам. Яго пахаваюць побач з магіламі бацькі і маці на Падляшшы.
Уладзімер Пац каля 30 гадоў перадаваў пра падзеі ў Беларусі польскай аўдыторыі.
«Ён — польскі голас зь Беларусі. Ён вэтэран Польскага радыё, вельмі шанаваны калегамі ў Варшаве і Менску», — кажа пра Ўладзімера Паца блізкі сябар.
Журналіст асьвятляў усе падзеі ў краіне ад першых выбараў прэзыдэнта 1994 году да пратэстаў 2020‑а. Шмат пісаў пра адносіны дзьвюх краін, перасьлед лідэраў польскай меншасьці ў Беларусі. Некалькі год працаваў карэспандэнтам Польскага радыё ў Маскве, асьвятляў Смаленскую катастрофу, у якой загінуў прэзыдэнт Польшчы Лех Качынскі.
«Влодэку было камфортна ў Беларусі, дзе ён меў безьліч сяброў. Сам ён — этнічны беларус з Падляшша. Ён гаварыў на добрай беларускай мове, пытаньні беларускім чыноўнікам задаваў па-беларуску, чым часам ставіў іх у няёмкае становішча», — расказвае пра Ўладзімера сябар.
Хацеў напісаць кнігу пра Беларусь
Уладзімер Пац ажаніўся на беларускай жанчыне Тацяне. Меў зь ёю дачку і сына. Вянчаўся з жонкай Тацянай у Калоскай царкве ў Горадні. Іхняе вясельле ў Менску сабрала шмат сяброў і калег.
«Ён быў вельмі прыязны, гасьцінны, дружалюбны чалавек», — кажа пра яго суразмоўца.
Сёлета ў лістападзе Пац атрымаў яшчэ на год акрэдытацыю МЗС Беларусі і візу. Будаваў свае працоўныя пляны і хацеў напісаць кнігу пра Беларусь.
Ён падтрымліваў кантакты зь беларускай апазыцыяй і палякамі ў Беларусі. Паведамляў пра ўрачыстасьці ў падтрымку польскасьці і сьвяткаваньнях памяці палякаў і беларусаў, якіх перасьледаваў камуністычны рэжым, піша Польскае радыё.
«Аддана выконваў місію журналіста і карэспандэнта», — напісалі калегі Ўладзімера Паца па Польскім радыё.