• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Вызваліць праўду»: Папа Леў XIV заступіўся за зняволеных журналістаў

    Падчас сваёй першай сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ Леў XIV выказаў удзячнасць журналістам за іх працу і заклікаў да камунікацыі, якая адмаўляе «парадыгму вайны».

    "Вызваліць праўду": Леў XIV заступіўся за зняволеных журналістаў

    Папа Леў XIV падчас аўдыенцыі з прадстаўнікамі СМІ ў Зале Паўла VI у Ватыкане

    Сёння, 12 мая 2025 года, Леў XIV правёў сустрэчу з прадстаўнікамі сусветных медыя, падзякаваўшы ім за працу ў асвятленні нядаўніх падзей у Ватыкане. У сваім выступе Папа асабліва падкрэсліў важнасць адказнай і міралюбівай камунікацыі ў сучасным свеце.

    Мір пачынаецца з кожнага з нас

    «Мір пачынаецца з кожнага з нас: са спосабу, якім мы глядзім на іншых, слухаем іншых, гаворым пра іншых; і, у гэтым сэнсе, спосаб, якім мы камунікуем, мае фундаментальнае значэнне: мы павінны сказаць «не» вайне слоў і вобразаў, мы павінны адмовіцца ад парадыгмы вайны», — адзначыў Папа.

    Святы Айцец выказаў салідарнасць з журналістамі, якія знаходзяцца ў зняволенні за пошук і расказ праўды, і заклікаў да іх вызвалення. Леў XIV асабліва адзначыў мужнасць тых, хто асвятляе ваенныя канфлікты, рызыкуючы ўласным жыццём.

    «Дзякуй, што вы здолелі выйсці за рамкі стэрэатыпаў і агульных месцаў, праз якія мы часта чытаем пра хрысціянскае жыццё і жыццё самога Касцёла. Дзякуй, таму што вы змаглі ўлавіць сутнасць таго, кім мы з’яўляемся, і перадаць яе ўсімі сродкамі ўсяму свету», — звярнуўся Пантыфік да журналістаў.

    Ён падзякаваў прадстаўнікам СМІ за іх працу ў асвятленні апошніх тыдняў: абрадаў Вялікага тыдня, смерці Папы Францішка і канклава. «Вы здолелі расказаць пра прыгажосць любові Хрыста, якая яднае нас усіх і робіць нас адзіным народам, які вядзе Добры Пастыр», — падкрэсліў Папа.

    Раззброіць камунікацыю ад прадузятасці

    «Сёння адна з найважнейшых задач – спрыяць камунікацыі, здольнай вывесці нас з «Вавілонскай вежы», у якой мы часам знаходзімся, з блытаніны моў без любові, часта ідэалагічных або прадузятых», — адзначыў Леў XIV.

    Папа таксама закрануў тэму штучнага інтэлекту, падкрэсліўшы яго вялікі патэнцыял, які, аднак, патрабуе адказнасці і распазнання для арыентацыі гэтых інструментаў на дабро ўсіх.

    На заканчэнне сустрэчы Пантыфік паўтарыў заклік свайго папярэдніка Папы Францішка: «Раззброіць камунікацыю ад усялякай прадузятасці, злосці, фанатызму і нянавісці; ачысціць яе ад агрэсіўнасці. Патрэбна не грымотная, мускулістая камунікацыя, а хутчэй тая, што здольная слухаць, чуць голас слабых, якія не маюць голасу. Раззброіўшы словы, мы дапаможам раззброіць Зямлю».

    Пасля сваёй прамовы Леў XIV сышоў са сцэны, каб асабіста сустрэцца з прадстаўнікамі СМІ ў гістарычнай Зале Паўла VI. У цёплай атмасферы Пантыфік не толькі павітаўся і паразмаўляў з прысутнымі журналістамі, але і ахвотна падпісваў кнігі, праяўляючы асаблівую ўвагу да кожнага госця.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці