Папаўненне і скарачэнне ў «экстрэмісцкім спісе» Мінінфарма
15 жніўня Міністэрства інфармацыі Беларусі папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Выява зроблена БАЖ пры дапамозе ChatGPT
«Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны змест ТikTok-акаўнта shchyra_kazhuchy (ідэнтыфікатар tiktok.com/@shchyra_kazhuchy). А таксама ягоны лагатып — «белы надпіс «шчыра» на чырвоным фоне і надпіс «кажучы» на чорным фоне», паводле апісання на сайце ведамства. Адпаведнае рашэнне 13 жніўня прыняў суд Лідскага раёна Гродзенскай вобласці. ТikTok-акаўнт shchyra_kazhuchy прэзентуе сябе як «Інтэрв’ю з інсайдарамі на Belsat TV».
Рашэннем суда Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці ад 12 жніўня «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнана старонка ў Instagram з назвай «revivalbelarus» (ідэнтыфікатар instagram.com/revivalbelarus). Гэта старонка «Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні».
Пералік забароненых інтэрнэт-рэсурсаў ад Міністэрства інфармацыі нечакана скараціўся на адну пазіцыю: «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» больш не лічыцца Telegram-канал пракрамлёўскага расійскага выдання Daily Storm.
У спіс Мінінфарма ён трапіў паводле рашэння суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы ад 7 чэрвеня. Але 13 жніўня судовая калегія па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда адмяніла пастанову суда першай інстанцыі.
