Папа Леў XIV заклікаў да вызвалення зняволеных журналістаў
Папа Леў XIV сустрэўся з удзельнікамі 39‑й канферэнцыі асацыяцыі MINDS International, прысвечанай ролі журналістыкі ў сучасным свеце, якая праходзіць 9 – 10 кастрычніка ў Рыме.

Папа Леў XIV з удзельнікамі 39‑й канферэнцыі асацыяцыі MINDS International. 9 кастрычника 2025 года. Фота: @Vatican Media
У сваёй прамове Пантыфік нагадаў пра журналістаў, якія рызыкуюць жыццём дзеля таго, каб людзі маглі ведаць, што адбываецца ў свеце, піша Vatican News.
Свабодная інфармацыя — гэта апора, якая падтрымлівае падмурак грамадстваў, а таксама – грамадскае дабро, таму яе трэба абараняць і гарантаваць, — падкрэсліў ён.
Таксама Леў XIV казаў пра пераслед журналістаў па ўсім свеце за іхную прафесію і нагадаў пра сваю першую сустрэчу з журналістамі, якая адбылася адразу пасля канклаву, падчас якой ён заклікаў да вызвалення супрацоўнікаў медыяў, несправядліва зняволеных за імкненне расказаць праўду.
«Сёння я зноў паўтараю гэтае патрабаванне, — заявіў Святы Айцец. — Быць журналістам ніколі не можа лічыцца злачынствам, але правам, якое трэба абараняць».
Папа заклікаў журналістаў і грамадства аб’яднацца дзеля абароны этычных стандартаў і грамадзянскай адказнасці. Ён просіць шанаваць і падтрымліваць журналістаў і інфармацыйныя агенцтвы, якія дэманструюць сур’ёзнасць і сапраўдную свабоду ў сваёй працы.
Леў XIV казаў і пра складанасць працы журналістаў, якая патрабуе хуткасці і вытрымкі нават у цяжкіх і драматычных умовах, а таксама што «служэнне журналістаў каштоўнае і павінна стаць супрацьяддзем ад распаўсюду «смеццевай» інфармацыі і грунтавацца на кампетэнтнасці, мужнасці і высокіх этычных прынцыпах».
«Вызваліць праўду»: Папа Леў XIV заступіўся за зняволеных журналістаў
Згадаў Папа і выклікі штучнага інтэлекту. Стварэнне кантэнту ў сучасным свеце ў такім памеры і з такой хуткасцю раней ніколі не было. Пантыфік заклікаў задумацца, хто гэтымі працэсамі кіруе і з якой мэтай. А таксама сачыць за тым, каб тэхналогіі не замянялі чалавека, і каб інфармацыя і алгарытмы не апынуліся ў руках адзінак.
Напрыканцы прамовы Леў XIV нагадаў папярэджанне амерыканскага філосафа і гісторыка Ганны Арэндт. У ім гаворыцца пра небяспеку свету, у якім людзі больш не бачаць розніцы паміж рэальнасцю і выдумкай, паміж праўдай і хлуснёй. Ён заклікаў журналістаў заставацца вартаўнікамі праўды і ніколі не прадаваць сваю аўтарытэтнасць.
Нагадаем, у Беларусі па стане на 9 кастрычніка 2025 года за кратамі знаходзяцца 30 журналістаў і супрацоўнікаў медыя. Усе яны абвінавачаныя паводле палітычна матываваных артыкулаў толькі за тое, што рабілі сваю працу.
Яшчэ ў 2021 годзе палітзняволены Ігар Лосік з‑за кратаў напісаў ліст Папу Францішку. Журналіст прасіў заклікаць «спыніцца гэтых страшных людзей, якім ужо ўсё роўна на лёсы іншых, на сотні разбітых горам сем’яў».

Ігар Лосік. Скрыншот відэа, 14 студзеня 2025 года
Ігар пісаў, што з беззаконнем і несправядлівасцю сутыкнуліся сотні і тысячы беларусаў, і яны не бачаць выйсця з цяперашняй сітуацыі.
«Я не прашу заступіцца за мяне перад кімсьці, але я прашу заступіцца за дабро, за праўду, за справядлівасць. За сотні і тысячы беларусаў, якія страцілі надзею ў такім жа становішчы, як і я, а многія нават горш», — распавядаў у лісце палітвязень.
