Пасля наведвання ўрача ў Брэсце затрыманы блогер Аляксандр Кабанаў
Падчас цяперашняй выбарчай кампаніі Аляксандр Кабанаў з'яўляецца прэс-сакратаром ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
Паводле слоў відавочцаў, 15 чэрвеня Аляксандру Кабанаву, які нядаўна хварэў на COVID-19, патэлефанавалі з паліклінікі і паведамілі пра неабходнасць прыйсці да лекара. Блогер меркаваў, што гэты выклік з’яўляецца правакацыяй, але ўсё ж паехаў у медустанову.
На выхадзе з паліклінікі Аляксандра Кабанава паспрабавалі затрымаць супрацоўнікі міліцыі, аднак адразу гэта зрабіць не ўдалося: затрыманне адбылося крыху пазней.
Аляксандр Кабанаў, які апошнімі днямі выконваў рэжым самаізаляцыі, цяпер дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання ў Брэсце. Прычыны затрымання пакуль невядомыя.
Яшчэ падчас знаходжання ў лякарні Аляксандр Кабанаў не выключаў, што пасля выпіскі яго таксама чакае суд. Блогер распавёў, што некаторы час каля яго палаты знаходзіліся міліцыянты. З чым гэта звязана, Аляксандр Кабанаў не ведае, а лекары яму нічога не тлумачылі.
