Пасля скаргі кандыдата ў дэпутаты газета “Вечерний Брест” другі раз надрукавала яго перадвыбарчую праграму
Раней прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі, які вылучыўся кандыдатам па Брэсцкай-Памежнай выбарчай акрузе № 4, накіраваў скаргу не толькі ў рэдакцыю рэгіянальнай газеты, але і ў акруговы выбаркам.
Падставай для скаргі з’явілася тое, што нумар газеты “Вечерний Брест” за 24 жніўня, дзе была надрукаваная перадвыбарчая праграма Маслоўскага, выдадзены накладам 4 300 асобнікаў, у той час як наклад гэтага ж выдання з праграмай канкурэнта — дзеючага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Базанава — склаў 10 000 асобнікаў (нумар выйшаў 19 жніўня).
Ігар Маслоўскі лічыць, што такім чынам з праграмай Базанава мелі магчымасць азнаёміцца на 5 700 больш выбаршчыкаў, чым з яго, і гэта з’яўляецца парушэннем роўнасці правоў кандыдатаў у дэпутаты, што прадугледжана Выбарчым кодэксам.
У сваёй скарзе брэсцкі сацыял-дэмакрат заяўляў аб парушэнні артыкулаў 3, 46 і 73 Выбарчага кодэкса і прасіў прыняць захады па аднаўленні яго парушаных правоў як кандыдата ў дэпутаты.
Па словах Ігара Маслоўскага, у атрыманым з газеты адказе гаворыцца, што рэдакцыя, кіруючыся рэкамендацыяй выбарчай камісіі Брэсцкай-Памежнага акругі № 4, прыняла рашэнне аб паўторнай публікацыі перадвыбарчай праграмы ў бліжэйшым нумары. Акрамя таго, з гэтага адказу таксама вынікае, што праграма Базанава паступіла ў рэдакцыю газеты “Вечерний Брест” 16 жніўня, а ад Маслоўскага — 18 жніўня ў 14.40, “калі ўжо не было тэхнічнай магчымасці яе надрукаваць у газеце за 19 жніўня”.
Як распавёў Ігар Маслоўскі службе маніторынгу ГА “БАЖ”, у рэдакцыі чамусьці ня ўзгадваюць, што яго праграма таксама трапіла ў газету 16 жніўня. “Але тады яе адмовіліся друкаваць, бо нібыта ўбачылі ў маёй перадвыбарчай праграме знявагу да прадстаўнікоў некаторый прафесій, — адзначае кандыдат у дэпутаты. – Праблема была вырашаная пасля маёй вуснай скаргі ў акруговую выбарчую камісію, і тады прыйшлося яшчэ раз наведаць рэдакцыю 18 жніўня”.