• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Перарвалася ліставанне з Дзянісам Івашыным — верагодна, ён ізноў у ШЫЗА

    Родныя не атрымлівалі лістоў ад зняволенага журналіста Дзяніса Івашына больш за два тыдні. Жонка палітвязня Вольга Івашына мяркуе, што яго зноў змясцілі ў ШІЗА.

    Перарвалася ліставанне з Дзянісам Івашыным

    Фота: сацсеткі Вольгі Івашынай

    «Паколькі і да сёння ніякай новай карэспандэнцыі ад Дзяніса мы не атрымалі, можна з пэўнасьцю канстатаваць, што яго зноўку зьмясцілі ў ШІЗА. Калі лічыць тэрмін дадатковага катавання з моманту папярэдняга ліста Дзяніса, то сёння патэнцыйна йдуць ужо 14 содні ШІЗА. Нагадваю, падчас перабывання там вязню забаронена ліставанне, прагулкі ў дворыку, з асабістых рэчаў у камеру можна ўзяць толькі зубную шчотку, пасту і рушнік», — напісала Вольга Івашына ў канале, прысвечаным журналісту, 20 траўня. Да сённяшняга дня новых лістоў ад Дзяніса родныя не атрымалі.

    Дзяніс Івашын адбывае пакаранне ў турме №8 Жодзіна. З 12 лістапада 2024 года ён таксама пазбаўлены магчымасці патэлефанаваць родным, хаця мае права на адно тэлефанаванне ў месяц. Але ўжо пяць месяцаў запар не можа гэта зрабіць з невядомых прычынаў.

    Справа Дзяніса Івашына

    Гродзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года.

    14 верасня 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў Івашына вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 356 КК (здрада дзяржаве) і артыкула 179 КК (незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці).

    Суддзя Валерый Раманоўскі прыгаварыў журналіста да пазбаўлення волі на 13 гадоў і 1 месяц у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіў выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў.

    Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналісту ўзмацнілі пакаранне і перавялі з папраўчай калоніі № 15 на турэмны рэжым. Пра суд па змене рэжыму ані сваякі, ані адвакат не ведалі. Зараз палітзняволены журналіст знаходзіцца ў турме № 8 горада Жодзіна.

    Да арышту Дзяніс Івашын працаваў карэспандэнтам незалежнай агульнанацыянальнай газеты «Новы Час» і быў беларускім рэдактарам міжнароднай супольнасці расследавальнікаў Inform­Na­palm. Вядомы сваімі расследаваннямі пра скандальную будоўлю рэстарана побач з мемарыяльным урочышчам Курапаты, а таксама пра былых украінскіх «беркутаўцаў», што пасля перамогі Еўрамайдана ў 2014 годзе ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП.

    Найверагодней, публікацыі пра сілавікоў сталі «апошняй кропляй». Журналіста схапілі літаральна на наступны дзень, як ён даў інтэрв’ю пра гэта незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці