Перастаў адчыняцца сайт газеты «Вечерний Бобруйск»
Сайт прыватнай рэгіянальнай газеты «Вечерний Бобруйск» 30 траўня перастаў адчыняцца з тэрыторыі Беларусі.
Карыстальнікі пры спробе ўвайсці на сайт Bobruisk.ru бачуць паведамленне: «Доступ к информационному ресурсу ограничен на основании решения Министерства информации Республики Беларусь, принятого в соответствии с законом “О средствах массовой информации”».
Некаторым наведнікам сайта паведамляецца, што не атрымліваецца атрымаць доступ да старонкі, бо яна, магчыма, была перамешчаная па іншым адрасе.
Пры гэтым па-за межамі Беларусі праблем з доступам да сайта «Вечернего Бобруйска» няма.
Напярэдадні, 28 траўня, на дзяржаўным тэлеканале АНТ у праграме Ігара Тура «Будет дополнено» было паказана, як узброеныя сілавікі ўварваліся ў рэдакцыю «Вечернего Бобруйска», зладзілі там ператрус, а потым дома ў галоўнага рэдактара выдання Валянціна Сысоя. Таксама паказалі ягоны допыт, які, згодна з дадзенымі аператыўнай здымкі, адбываўся 3 красавіка 2025 года.
У сюжэце дзяржаўнага тэлебачання «Вечерний Бобруйск», а таксама шэраг іншых незалежных беларускіх медыяў абвінавацілі ў супрацы з амбасадай Германіі. Як злачынства кваліфікаваліся публікацыі пра жыццё ў Нямеччыне, аплочаныя ў межах рэкламнай дамовы.
Амбасадзе Германіі ў віну закідалася супраца з «экстрэмісцкімі» выданнямі, хоць на той дзень, да прыкладу, «Вечерний Бобруйск» не меў такога статусу.
