Ператрусы ў незалежных журналістаў Гомеля і Рэчыцы
У Гомелі сілавікі 16 ліпеня ўчынілі вобшукі ў некалькіх незалежных журналістаў. У прыватнасці, дома ў сябра ГА "БАЖ" Ларысы Шчыраковай прайшоў ператрус з удзелам супрацоўнікаў ГУБАЗіКа. У яе забралі кампутарную тэхніку і мабільны тэлефон. Потым Шчыракову дапыталі ў рэгіянальным упраўленні ГУБАЗіКа. Калі з'явілася магчымасць, журналістка паведаміла ў Facebook, каб сябры выдалялі ліставанні з ёй са сваіх гаджэтаў.
Журналістку Шчыракову шмат разоў затрымлівалі і штрафавалі за нібыта незаконны збор і распаўсюд інфармацыі, асабліва калі рэпартаж ці апытанка з’яўляліся на спадарожнікавым тэлеканале «Белсат», які транслюе перадачы з Польшчы.
Апошні штраф (870 рублёў) журналістка атрымала ў чэрвені за апытанне жыхароў Гомеля на тэму: «Хто ці што спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі?».
Ператрус 15 ліпеня прыйшоў і ў кватэры сябра ГА «БАЖ» Яўгена Меркіса — у яго таксама забралі кампутары, мабільнікі, носьбіты інфармацыі і ўсё, як кажа Яўген, што звязана з гістарычным нацыянальным гербам «Пагоня» — налепкі і т.п. Займаліся ўсім зноў-такі мясцовыя супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Яўген на волі, раіць калегам не вешаць носа.
Сёлета гэта другі вобшук у спадара Меркіса. Двойчы сілавікі рабілі ператрус у гэтым годзе і ў Анатоля Гатоўчыца, аднаго са старэйшых журналістаў Гомеля. Апошні раз — 9 ліпеня.
У Рэчыцы 16 ліпеня супрацоўнікі мясцовага аддзела КДБ затрымалі незалежнага журналіста Андрэя Мядзведзева. Неўзабаве ў сеціва было выкладзена відэа з так званымі прызнаннямі пра «дэструктыўную дзейнасць». Гэтаму папярэднічалі два ператрусы — у самога Андрэя і яго сваякоў. Забралі кампутар і мабільнік. Узялі падпіску аб неразгалошванні. Увечары Андрэя адпусцілі.
Шукала міліцыя і цяперашняга кіраўніка Гомельскай філіі ГА «БАЖ» Міколу Бянько.
«Тэлефанавалі з АБЭЗ, пыталіся пра месцазнаходжанне, хоць я ні ад кога не хаваўся. Падчас тэлефоннай размовы патрабаваў назвацца, а таксама даслаць позву з указаннем майго працэсуальнага статуса. У той жа самы час міліцыя прыходзіла да бацькоў маёй жонкі, дзе мы не жывём ужо з дзесятак гадоў. Распытвалі пра маю працу ды БАЖ», — кажа Мікола.
Стала вядома таксама, што напярэдадні сілавікі прыходзілі да сваякоў гомельскіх сяброў ГА «БАЖ» Марыі Булавінскай і Сяргея Ляпіна — самі яны зараз за межамі Беларусі.