• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Перавялі ў камеру да педафіла». Адвакатка Пятрухіна расказала пра ход справы і пра яго стан здароўя пасля таго, як парэзаў вены

    11 сакавіка стала вядома, што палітвязень Сяргей Пятрухін ускрываў вены падчас свайго знаходжання ў магілёўскім СІЗА. «Наша Ніва» распытала адвакатку Ірыну Точкар пра гэты выпадак.

    Нагадаем, што брэсцкіх блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава судзяць у Магілёве. Ім пагражае да трох гадоў калоніі. Вінавацяць блогераў у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Таксама абодвух вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады, а Сяргея Пятрухіна яшчэ і ў абразе суддзі.

    11 лютага пачаўся суд. Але і Пятрухіна, і Кабанава выдалілі з пасяджэння — яны самі настойвалі на гэтым у знак пратэсту, бо суддзя адхіліла ўсе іх хадайніцтвы. У выніку блогераў выдалілі за парушэнні парадку на пасяджэнні.

    Цяпер працэс працягваецца, але вырак блогеры чакаюць у магілёўскай турме. Пятрухін, па словах яго адвакаткі Ірыны Точкар, праблем з сукамернікамі не меў, не парушаў рэжым, выконваў усе патрабаванні адміністрацыі. Але 25 лютага Сяргея нечакана перавялі ў іншую камеру.

    «Я бачыла Сяргея сёння, 11 сакавіка. З яго слоў, 25 лютага яго перавялі ў камеру, дзе быў асацыяльны кантынгент. Сяргей кажа, адзін сукамернік нібыта не зусім псіхічна здаровы, а іншы сядзеў за палавое злачынства ў дачыненні да малалетніх. Па яго словах, Пятрухін папрасіў, каб яго перавялі зноў, але яму адмовілі, — расказвае адвакатка. — У дачыненні да Сяргея гвалту не было, але ён баіцца правакацый. Як ён выразіўся, «былі прэцэдэнты з іншымі зняволенымі на гэтай глебе». Такіх правакацый Сяргей хацеў пазбегнуць.

    І ён ускрыў вены ў знак пратэсту ў той жа дзень — 25 лютага. Зрабіў гэта лязом з брытвы, яму наклалі швы.

    Цяпер усё паціху зажывае. Але Сяргей знаходзіцца ў карцары. Канкрэтна за што ён там, я не ведаю. Як сам Сяргей разумее — за парушэнне парадку, меркавана, якраз за ўскрыццё вен. Прабудзе там, кажа, да 17 сакавіка.

    У карцары яму лепш, чым у той камеры, але гэта ж не санаторый. Умовы карцара не дазваляюць адправіць лісты, перадачы туды не даюць».

    Цяжка ўявіць, што Пятрухін, які нават на судзе жартаваў і адпускаў іранічныя каментары, даведзены да таго, каб рэзаць вены. Але Ірына Точкар кажа, што настрой у блогера па-ранейшаму баявы.

    «Ён і цяпер бадзёры, вельмі бадзёры. Сёння мы з ім хадайніцтвы пісалі — Пятрухін жа не даваў паказанні падчас следства, казаў, што гатовы будзе выказацца на судзе. Але яго ж выдалілі з пасяджэння — аж да канца працэсу.

    Таму цяпер Пятрухін хадайнічае, каб яго выклікалі для дачы паказанняў. Але ж суддзя сёння паведаміла: Пятрухін выдалены да канца працэсу за парушэнні, таму няма падстаў для яго дастаўлення ў суд і ўдзелу ў судовым працэсе», — кажа адвакатка.

    На судзе скончылі агалошванне пісьмовых матэрыялаў справы, далей чакаюцца судовыя спрэчкі і ў хуткім часе — вырак. Пасяджэнне па справе працягнецца 18 сакавіка.

    «Пятрухін па ранейшаму не прызнае віну, ён прытрымліваецца пазіцыі, што нічога не здзяйсняў крымінальнага, — кажа Ірына Точкар. — Якім будзе вырак — хто яго ведае? Сяргей кажа так: спадзяюся на лепшае».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці