• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Першы музычны канал» больш не працуе ў Беларусі

    Міністэрства інфармацыі Беларусі паведаміла пра ануляванне дзяржаўнай рэгістрацыі «Першага музычнага канала». Пасведчанне ануляванае на падставе звароту ТАА «Музычны канал». Ад 2 верасня загадам Мінінфармацыі № 322 тэлеканал выключаны з Дзяржаўнага рэестра сродкаў масавай інфармацыі.

    «Першы музычны канал» больш не працуе ў Беларусі

    «Звяртаем увагу распаўсюднікаў прадукцыі тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі на неабходнасць выключэння тэлепраграмы «Першы музычны канал» з пераліку тэлепраграм, якія яны распаўсюджваюць», — гаворыцца ў паведамленні Міністэрства інфармацыі.

    Рашэнне аб спыненні вяшчання з 1 верасня было прынята ТАА «Першы музычны» 25 жніўня 2025 года агульным сходам удзельнікаў таварыства і распаўсюджанае праз сацыяльныя сеткі ягонага правайдара «Прызма».

    Нагадаем, 13 мая гэтага года Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовае папярэджанне заснавальніку «Першага музычнага канала». Канкрэтныя прычыны прымянення санкцыі не называліся. Але адзначалася, што падставай стала «невыкананне заснавальнікам тэлепраграм патрабаванняў, вызначаных заканадаўствам аб СМІ».

    Згодна закону «Аб СМІ», калі юрыдычная асоба, якая выконвае функцыі рэдакцыі СМІ, або заснавальнік СМІ, або ўладальнік сеткавага выдання атрымалі два і больш пісьмовыя папярэджанні на працягу года, то Мінінфарм можа запатрабаваць спыніць выпуск гэтага СМІ.

    У лістападзе 2024 года Мінінфарм вынес папярэджанне неназваным сайтам за публікацыю няпоўнай тэлепраграмы.

    «Першы музычны канал» пачаў вяшчанне 1 сакавіка 2002 года. 19 лютага 2004 года канал упершыню ў гісторыі беларускага тэлебачання перайшоў на стопрацэнтнае інтэрактыўнае вяшчанне. У 2010 годзе быў заменены на эфірных частотах каналам ВТВ, але пры гэтым працягвае вяшчанне са спадарожніка і ў інтэрнеце. Зараз канал мае некалькі версій, на якіх транслююцца айчынныя і замежныя кліпы.

    Канал ствараўся і рэалізуецца як спецыялізаваны музычны тэлеканал, закліканы садзейнічаць прасоўванню сучаснай беларускай культуры, развіццю беларускага музычнага рынку.

    Сайт «Першага музычнага канала» працуе дагэтуль, што праўда, у вельмі простай версіі — без аніякага меню. Сайт транслюе музычныя кліпы ў фармаце SD і HD.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці