Платформа «Имена» стварыла тэлеграм-канал для дапамогі ў сувязі з эпідэміяй
Платформа «Имена» стварыла тэлеграм-канал @Covid19.imena, празь які беларусы могуць спытаць ці аказаць дапамогу ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.
Паводле заснавальніцы платформы Кацярыны Сінюк, тэлеграм-канал стварылі, каб зьвесьці тых, каму трэба дапамога (некамэрцыйныя фонды, лекары, сацыяльныя службы), і тых, хто хоча дапамагаць.
«Яны пакідаюць свае кантакты, вы — можаце зьвязацца і прапанаваць сваю дапамогу», — пазначана ў апісаньні праекту.
Калі вы супрацоўнік некамэрцыйнай арганізацыі, дзяжаўнай установы ці сацыяльны работнік і хочаце папрасіць дапамогі, вам трэба напісаць на пошту covid19@imenamag.by. У лісьце неабходна пазначыць, у чым менавіта неабходная дапамога і даць свой нумар. Супрацоўнікі платформы «Имена» зьвяжуцца з вамі і дабавяць просьбу на канал.
