• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Польшчы забараняюць фатаграфаваць 25 тысяч аб’ектаў у публічных месцах

    17 красавіка 2025 года ў Польшчы набываюць моц папраўкі ў «Закон аб абароне айчыны», якія абмяжоўваюць фота- і відэаздымку ў публічных месцах. Забаронена фатаграфаваць і здымаць на відэа дзясяткі тысячаў збудаванняў, сярод якіх найперш вайсковыя аб’екты, але не толькі яны. Парушэнне закону будзе карацца.

    Турысты робяць фотаздымкі. Выява мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: bestofwarsaw.pl

    На аб’ектах, якія забаронена здымаць, 17 красавіка з’явіцца адпаведны знак, паведамляе партал infor.pl. Яго размесцяць у 25 тысячах месцаў. З іх толькі 3 % – вайсковыя аб’екты.

    Акрамя іх, будзе забаронена фатаграфаваць і здымаць на відэа электрастанцыі, вайсковыя палігоны, дзяржаўныя ўстановы, суды, масты, чыгунку, віядукі і тунэлі, якія месцяцца на дарогах абарончага значэння, марскія парты, якія маюць абарончае значэнне, аб’екты інфраструктуры сувязі, аб’екты Нацыянальнага польскага банку, а таксама Нацыянальнага эканамічнага банку і іншае. Таксама забараняецца здымаць на фота ці відэа рухомыя аб’екты і людзей у пералічаных збудаваннях.

    За парушэнне забароны будуць штрафаваць на суму ад 5 да 20 тысячаў злотых. Таксама можа пагражаць арышт ад 5 да 30 содняў і канфіскацыя смартфона, фотаапарата ці відэакамеры, якімі вялася здымка, нават у выпадку, калі яны не належаць таму, хто здымаў.

    Так будзе выглядаць знак аб забароне на фота- і відэаздымку. Крыніца: infor.pl

    Папраўкі ў «Закон аб абароне айчыны», якія забараняюць фота- і відэаздымку, пакліканыя супрацьстаяць шпіянажу. Польскія эксперты, аднак, лічаць, што сапраўдным шпіёнам гэта не перашкодзіць, бо яны карыстаюцца мініяцюрнымі камерамі, дронамі, спадарожнікавымі здымкамі, а вось звычайныя людзі могуць пацярпець. Самай відавочнай праблемай, паводле крытыкаў абноўленага закону, можа стаць тое, што налепкі, якія забараняюць фотаздымку, могуць быць кепска бачныя, незразумелыя інтуітыўна, незаўважныя падчас звычайнага шпацыру ці экскурсіі.

    Прафесійныя фатографы і прадстаўнікі медыяў цяпер мусяць падаваць прашэнне аб дазволе на здымку аб’ектаў, ахопленых забаронай. У заяве трэба ўказваць імя і прозвішча, адрас пражывання, пашпартныя дадзеныя, а калі заяўнік – прадстаўнік юрыдычнай асобы, то і ўсе яе дадзеныя. Таксама трэба растлумачыць, навошта спатрэбіўся здымак аб’екту, ахопленага забаронай.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці