• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Польскі адвакат не можа азнаёміцца са справай журналіста Аляксандра Буракова, якому забаронены ўезд у Шэнгенскую зону

    Ініцыятарам унясення журналіста ў «бан» была Польша, і Аляксандр Буракоў ужо некалькі гадоў спрабуе высветліць сутнасць прэтэнзій, якія сталі падставай для забароны наведвання шэрагу еўрапейскіх краін – сябраў Шэнгенскага пагаднення.

    Аляксандр Буракоў: Нехта атрымае прэмію з рук кіраўніка дзяржавы за сваю працу, а нехта — штраф

    Аляксандр Буракоў. Фота: БАЖ

    Стратэгія адваката не спрацавала

    Інтарэсы Аляксандра Буракова (старэйшага) у Варшаве прадстаўляе адвакат Пётр Савіцкі. Супраца доўжыцца ўжо тры гады, і падчас яе была выпрацаваная наступная стратэгія: адвакат параіў дамагчыся тлумачэння падстаў, паводле якіх журналіста ўключылі ў ў базу SIS (Шэнгенскую інфармацыйную сістэму, якая выкарыстоўваецца для мер бяспекі), каб аспрэчыць забарону. Зрабіць гэта самастойна Аляксандру не ўдалося. 

    «Мой адвакат звярнуўся ў Ваяводскі адміністрацыйны суд у Варшаве, і гэты суд 9 ліпеня 2024 года прызнаў, што адмова выдаць для азнаямлення матэрыялы маёй справы — неправамоцная. Адвакат пачаў працаваць далей і звярнуўся ў адпаведныя адміністрацыйныя структуры.

    Але 21 ліпеня 2025 года прыйшоў адказ ад Кіраўніка ўпраўлення па справах замежных грамадзян: нягледзячы на рашэнне суда, у азнаямленні зноў адмоўлена.

    З той прычыны, што падставы ўнясення мяне ў SIS падпадаюць пад дзеянне асобных пунктаў заканадаўства, калі замежнік не мае права на азнаямленне з дакументамі», — распавёў Аляксандр Буракоў.

    Шэнгенскі бан для журналіста і праваабаронцы. Як бюракратыя прыводзіць да жыццёвай драмы

    Трапіў у «бан», нават не заехаўшы ў Польшчу

    Паводле журналіста, ён спрабаваў разабрацца самастойна, што мог парушыць, каб трапіць пад забарону на ўезд у Шэнгенскую зону. Але для яго гэта так і засталося загадкай: 2 сакавіка 2021 года ён без праблем атрымаў польскую гуманітарную візу, але скарыстацца ёй не паспеў, бо наспела патрэба рэлакацыі ў Літву. Калі праз два месяцы Аляксандр падаў дакументы ў Літоўскую амбасаду, высветлілася, што з ініцыятывы польскага боку ён унесены ў спіс  асоб, якія нясуць пагрозу ўнутранай бяспецы польскай дзяржавы. Хаця ў Польшчу журналіст нават не заязджаў.

    Падставай, мяркуе Аляксандр Буракоў, маглі стаць хіба што падзеі 20-гадовай даўніны:

    «У сярэдзіне 2000‑х падчас журналісцкай дзейнасці адбыўся даволі сур’ёзны канфлікт, звязаны з выкарыстаннем грошай на абсталяванне. Гэта адбывалася ў Польшчы, і я стаў аўтарам ліста, які мы даслалі ў Міністэрства замежных спраў Польшчы, якое фінансавала праект. Скончылася тым, што абсталяванне тэрмінова закупілі, але ж у хуткім часе мяне спынілі на мяжы і таксама анулявалі візу».

    Тады Аляксандру забаранілі ўезд у Польшчу на тры гады. Але потым журналіст некалькі разоў атрымліваў шэнгенскія візы ў амбасадзе Літвы, спакойна перасякаў мяжу і наведваў краіны Еўрасаюза.

    Тэрмін забароны — яшчэ на восем месяцаў

    Згодна дакументу, які мае Аляксандр Буракоў, яму забаронены ўезд у краіны Шэнгенскага пагаднення да 2 сакавіка 2026 года. І гэтым разам ён не лічыць мэтазгодным проста чакаць:

    «Верагодна, калі б пасля першай забароны я пачаў высвятляць падставы, цяпер гэтай сітуацыі не было б. А зараз з дапамогай адваката мы плануем звяртацца ў вышэйшую судовую інстанцыю, каб там падтрымалі нашыя правы. Бо, калі Польшча лічыцца прававой дзяржавай, то там павінны дзейнічаць падставовае правіла: раз суд вырашыў, значыць, трэба падпарадкоўвацца. Інакш у маю сітуацыю можа трапіць любы беларус, які шукае ў Еўропе прытулку ад палітычных рэпрэсій».

    На сёння Аляксандр Буракоў (старэйшы) вымушаны жыць у замежжы — у адной з краін, якая не ўваходзяць у Шэнгенскую зону. Журналіст выехаў з Беларусі з прычыны палітычна матываванага пераследу.

    Ён працаваў фрылансерам на «Белсаце», радыёстанцыях «Радыё Рацыя», Deutsche Welle, пасля пратэсных падзей 2020 года яго двойчы затрымлівалі за прафесійную дзейнасць і прызначалі адміністрацыйныя арышты. У ізалятары Аляксандр трымаў галадоўку на знак пратэсту з нялюдзкімі ўмовамі ўтрымання вязняў.

    У лютым 2021 года супрацоўнікі ГУБАЗіК прыйшлі да журналіста з пастановай на ператрус, а ў выніку зладзілі сапраўдны пагром у кватэры. Сілавікі разшаматалі канапу, парэзалі падушкі, на кухні павысыпалі прадукты. Ператрэслі кош з бруднай бялізнай. У выніку забралі ноўтбук, тэлефон і некалькі флэшак.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці