Польскі чыноўнік, які вырашаў лёс Белсату, сустрэўся з Ананіч. Рыхтуецца дамова аб супрацы
Міністэрства інфармацыі Беларусі прапанавала стварыць пагадненьне аб супрацоўніцтве ў інфармацыйнай сфэры паміж Беларусьсю і Польшчай.
Падрыхтоўку гэтага пагадненьня ініцыюе Міністэрства інфармацыі Беларусі. Аб гэтым сказала міністарка Лілія Ананіч на сустрэчы з намесьнікам міністра замежных спраў Польшчы Марэкам Зюлкоўскім.
Міністарка таксама дадала, што ў Беларусі ёсьць цэлая лінейка тэлевізійных каналаў, якія могуць знайсьці сваё месца ў пытаньні інфармацыйнага супрацоўніцтва.
Марэк Зюлкоўскі адзначыў, што ў апошні час у Польшчы вырасла цікавасьць да беларускіх мэдыяў. Усё гэта, паводле яго, можа садзейнічаць умацаваньню адносін паміж дзьвюма краінамі і ідзе на карысьць абедзьвюх дзяржаў.
Сёлета ў лютым менавіта Марэк Зюлкоўскі абвесьціў пра спыненьне дамовы паміж МЗС Польшчы і тэлеканалам Белсат. «Ранейшая дамова МЗС Польшчы і Польскай тэлевізіі наконт стварэньня „Белсату“ ўжо скасаваная» — напісаў віцэ-місністар МЗС у артыкуле для газэты Rzeczpospolita. Да канца году тэлеканал павінен знайсьці новага спонсара. Раней дзейнасьць Белсату фінансавала МЗС Польшчы.
