• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пра Беларускую асацыяцыю журналістаў

    Беларуская асацыяцыя журналістаў — буйнейшае недзяржаўнае дэмакратычнае аб’яднанне прадстаўнікоў беларускіх медыя, сябра Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. Мы займаемся адукацыяй журналістаў, абаронай правоў, маніторынгам у галіне медыя, праводзім акцыі, кампаніі, займаемся каардынацыяй медыясупольнасці.

    БАЖ з’яўляецца ўнікальнай крыніцай інфармацыі пра сітуацыю ў сферы СМІ ў Беларусі.

    Пра нас

    Дзейнасць БАЖ

    Беларуская асацыяцыя журналістаў  дзейнічае з восені 1995 года.

    З 1997 г. БАЖ — асацыяваны сябра Міжнароднай Федэрацыі Журналістаў (IFJ).

    З 2013 г. БАЖ — поўны сябра Еўрапейскай Федэрацыі Журналістаў (EFJ).

    З 1998 г. БАЖ стала вядзе маніторынг парушэнняў свабоды выказвання і правоў СМІ. У арганізацыі існуе сетка ўласных карэспандэнтаў па ўсёй Беларусі, якія аператыўна збіраюць і дасылаюць інфармацыю аб стане СМІ ў сваім рэгіёне.

    Падчас выбарчых кампаній у 2004, 2006, 2007, 2010, 2012, 2015, 2016, 2019 і 2020 гадах БАЖ вёў маніторынг асвятлення тэмы выбараў беларускімі СМІ. Журналісты ў Мінску і рэгіёнах рабілі колькасны і якасны аналіз публікацый і праграм у дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, фіксуючы час, адведзены розным суб'ектам выбарчага працэсу, і адзначаючы манеру іх рэпрэзентацыі. Аналітычныя заключэнні з апрацаванымі дадзенымі маніторынгу прэзентаваліся кожныя 2 тыдні.

    У 2016 годзе па выніках апытання беларускіх грамадзян групай кампаній САТІО (па замове Цэнтра еўрапейскх даследаванняў) Беларуская асацыяцыя журналістаў прызнана самай вядомай айчыннай НДА: 5,7% рэспандэнтаў сказалі, што ведаюць пра дзейнасць БАЖ.

    З 2000 па 2021 год БАЖ выдаваў прафесійны часопіс «Абажур».  «Абажур» рассылалі ў недзяржаўныя СМІ, а таксама ў 118 дзяржаўных газет і шэсць абласных тэлерадыёаб'яднанняў. У часопісе публікавалі матэрыялы на тэмы аб прызначэнні і ролі СМІ ў грамадстве, прафесійным абавязку і адказнасці, журналісцкай этыцы, праблемах збору і распаўсюду інфармацыі і інш.

    Нашы асноўныя задачы
    Абарона правоў і законных інтарэсаў сябраў БАЖ у дзяржаўных органах і міжнародных арганізацыях
    Садзейнічанне сябрам БАЖ у стварэнні матэрыяльна-тэхнічных, арганізацыйных і іншых неабходных умоў для дзейнасці і павышэння прафесійнага ўзроўню
    Распрацоўка цывілізаванай праграмы развіцця СМІ, якая павінна стварыць спрыяльныя ўмовы для іх функцыянавання на Беларусі
    Развіццё адносін з журналісцкімі арганізацыямі іншых краін свету
    Пераслед

    16 лютага 2021 года сілавікі правялі вобшук у кіраўнікоў БАЖ, а таксама ў офісе Асацыяцыі. Паўторны вобшук і блакіроўка офіса БАЖ адбылася 14 ліпеня 2021 года, калі сілавікі ўзламалі дзверы ў офіс арганізацыі, правялі ператрус і апячаталі офіс.

    27 жніўня 2021 года Вярхоўны суд задаволіў іск Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Справу разглядала суддзя Інэса Лазавікова.

    Рашэнне аб ліквідацыі БАЖ асудзілі Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў, Еўрапейскі саюз. Цяпер Беларуская асацыяцыя журналістаў знаходзіцца ў стадыі абскарджанне рашэння беларускага суда ў міжнародных інстанцыях.

    28 лютага 2023 года КДБ Беларусі прызнаў БАЖ экстрэмісцкім фармаваннем. Гэта рашэнне рашуча асудзілі АБСЕ, Рэпарцёры без межаў, Еўрапейскай федэрацыя журналістаў і многія іншыя міжнародныя арганізацыі.

    У зняволенні цяпер 40 супрацоўнікаў медыя
    Паглядзець увесь спіс рэпрэсій

    Кіраўніцтва

    Андрэй Бастунец

    Андрэй Бастунец

    Cтаршыня БАЖ
    З’яўляецца старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў з 2015 года. На з'ездзе ў красавіку 2021 года ён быў пераабраны на гэтую пасаду.
    Барыс Гарэцкі

    Барыс Гарэцкі

    Намеснік старшыні БАЖ
    Алег Агееў

    Алег Агееў

    Намеснік старшыні БАЖ

    Узнагароды

    • 2003 г. — «Залатое пяро свабоды» (Golden Pen of Freedom prize) ад Сусветнай асацыяцыі газет (WAN)
    • 2004 г. — прэмія імя Сахарава «За свабоду думкі» ад Еўрапейскага парламента
    • 2011 г. — «Прэмія Свабоды Атлантычнай Рады» ад Атлантычная Рада Злучаных Штатаў Амерыкі. Разам з БАЖам ёй былі ўганараваныя незарэгістраваны Праваабарончы Цэнтр «Вясна» і беларускі «Свабодны тэатр».
    • 2020 г. — першая Прэмія за свабоду СМІ (first Media Freedom Award). Аб атрыманні БАЖам прэстыжнай узнагароды ўрадаў Канады і Вялікабрытаніі было абвешчана падчас Глабальнай канферэнцыі Global Conference for Media Freedom 2020.
    • 2021 г. — Нацыянальная прэмія Украіны за абарону свабоды.
    • 2021 г. —  Прэмія Free Press Awards
    • 2022 г. — Прэмія Difference Day Honorary Title.
    • 2022 г. — Сусветная прэмія UNESCO/Guillermo Cano World Press Freedom Prize 2022.
    • 2022 г. — Прэмія шведскага аддзялення «Рэпарцёраў без межаў» «Свабода прэсы 2022».
    • 2023 г. — Прэмія Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

    Статуты, кодэксы і іншае

    Дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі журналіста

    ПАВАЖАЮЧЫ сваю прафесію і ўсведамляючы яе вялікую грамадскую значнасць;

    КІРУЮЧЫСЯ намерам умацоўваць давер грамадства да сродкаў масавай інфармацыі як аднаго з найбольш важных дэмакратычных інстытутаў;

    ПРЫЗНАЮЧЫ Дэкларацыю Міжнароднай федэрацыі журналістаў аб прынцыпах паводзін журналістаў як стандарт прафесійных паводзін журналіста падчас атрымання, захоўвання, распаўсюду і каментавання інфармацыі;

    РАЗУМЕЮЧЫ, што прафесія накладае на журналістаў асаблівую адказнасць,

    сябры грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» дэкларуюць, што яны будуць прытрымлівацца наступных прынцыпаў прафесійнай этыкі:

    • ПАВАЖАЦЬ права грамадства ведаць праўду, памятаючы пры гэтым, што ніхто не можа трымаць манаполіі на ісціну.
    • АБАРАНЯЦЬ права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, свабоду выказвання.
    • ІМКНУЦЦА да максімальнай дакладнасці інфармацыі, глыбіні і праўдзівасці аргументаў падчас выказвання сваіх поглядаў, пазіцый і меркаванняў.
    • ПРЫЗНАВАЦЬ адкрыта і сумленна ўласныя памылкі.
    • ЛІЧЫЦЬ недапушчальным плагіят, свядомае скажэнне фактаў, заведама недакладныя каментары, неабгрунтаваныя абвінавачванні, атрыманне незаконнага ўзнагароджання за распаўсюд або адмову ад распаўсюду інфармацыі.
    • ПАВАЖАЦЬ іншыя погляды і меркаванні, спрыяць шырокай грамадскай дыскусіі ў сродках масавай інфармацыі.
    • НЕ ДАПУСКАЦЬ дыскрымінацыі паводле расавай прыналежнасці, нацыянальнасці, спавяданай рэлігіі, полу, сексуальнай арыентацыі, палітычных і іншых поглядаў і г.д.
    • ЗАХОЎВАЦЬ правы і законныя інтарэсы трэціх асоб падчас пошуку, захавання і распаўсюду інфармацыі.
    • АБАРАНЯЦЬ канфідэнцыйнасць крыніц інфармацыі.
    • НЕ ДАГАДЖАЦЬ тым, хто пры ўладзе, памятаць, што кантроль за дзейнасцю ўладаў з'яўляецца адной з найважнейшых функцый сродкаў масавай інфармацыі.
    • ВЫКАЗВАЦЬ салідарнасць з калегамі, якія пераследуюцца за прафесійную журналісцкую дзейнасць.
    • ПРЫТРЫМЛІВАЦЦА юрысдыкцыі журналісцкай супольнасці і канфлікты з калегамі старацца вырашаць без умяшання з боку ўладаў.
    Пасведчанне аб рэгістрацыі ГА «БАЖ»

    Маніфест сумлення

    ЖУРНАЛІСТЫКА – ПРАФЕСІЯ СУМЛЕННЫХ І АДКАЗНЫХ

    Зварот дэлегатаў VI з’езду грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» да журналісцкай супольнасці краіны

    У журналісцкай супольнасці краіны адбываюцца надзвычай негатыўныя працэсы. Апошнім часам мы сталіся сведкамі акцый грамадзянскага абурэння працай некаторых дзяржаўных масмедыя. Замест усебаковай і аб’ектыўнай інфармацыі пра найбольш істотныя падзеі і працэсы, што адбываюцца ў нашым грамадстве, гледачам, слухачам і чытачам прапануецца аднабаковы погляд на беларускую рэчаіснасць.

    Разам з тым, у канцы мінулага года недзяржаўная прэса была пазбаўлена магчымасцяў шырокага распаўюду, а ў некаторых выпадках — і друку ўнутры краіны. Адзначым, што падставай для скасавання дамоваў на распаўсюд і друк не былі абвінавачванні ў скажэнні інфармацыі ці непрафесійнай дзейнасці недзяржаўных газет. Выдаленне незалежнай прэсы з беларускай інфармацыйнай прасторы, насамрэч, адбылося з мэтай аблегчыць працу тым, хто блытае журналісцкую прафесію з прапагандысцкай дзейнасцю.

    Гэта прымушае нас яшчэ раз звярнуць увагу на сутнасць журналісцкай прафесіі, яе ролю ў грамадстве, а таксама на праблему маральнай адказнасці журналістаў за сваю працу. Мы прапануем усім нашым калегам зрабіць прынцыповы выбар на карысць прафесіі, а не абслугі партыкулярных інтарэсаў асобных сацыяльных ці прыўладных груповак. Мы нагадваем, што ад нашай прафесійнай дзейнасці залежыць будучыня нашай краіны.

    Грамадства, пазбаўленае ўсебаковай, аб’ектыўнай і непрадузятай інфармацыі, нагадвае сляпога чалавека, які не ведае, куды ён рушыць ці куды яго вядуць. Неадэкватнасць інфармацыі пра стан грамадства заўсёды вядзе да неадэкватных ці несвоечасовых рашэнняў. А грамадства, якое не бачыць ці не ўсведамляе сваіх праблем, рана ці позна апынецца ў сітуацыі глыбокага палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага крызісу.

    Мы звяртаемся да ўсіх нашых калег з заклікам усвядоміць усю глыбіню адказнасці, якую журналісты нясуць перад грамадствам. Гэта толькі наша роля — пісаць і гаварыць праўду, нават тады, калі гэта не падабаецца ўладам ці самому грамадству. Нават тады, калі тое падаецца амаль немагчымым, журналіст не мае права быць несумленным у сваёй працы.

    Да таго ж, мы цалкам усведамляем небяспеку дэградацыі прафесіі журналіста і папярэджваем, што за несумленнасць журналістаў грамадству раней ці пазней даводзіцца плаціць па рахунках тых скажоных і ілжывых уяўленняў, якія яму навязваліся.

    Мы, сябры «Беларускай асацыяцыі журналістаў», абвяшчаем сваю адданасць прынцыпам прафесійнай журналістыкі і журналісцкай этыкі і прыкладзем усе намаганні, каб у беларускім грамадстве запанавалі свабода слова, праўдзівая і нескажоная інфармацыя.

    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці