«Гэта будзе доўгі працэс». Працаўнікі «Голасу Амерыкі» не могуць вярнуцца да працы: суд адмяніў папярэднюю пастанову
Каля тысячы працаўнікоў службы навінаў з 83-гадовай гісторыяй не змогуць вярнуцца на працу гэтым тыднем.

Адміністрацыя Трампа ў сакавіку пастанавіла спыніць дзейнасць Агенцтва ЗША ў справе глабальных медыяў (USAGM), што курыруе незалежныя медыі, у тым ліку «Голас Амерыкі». Фота: Jonathan Raa / NurPhoto для Getty Images
СМІ фактычна спыніла працу пасля таго, як адміністрацыя Доналда Трампа 14 сакавіка выдала ўказ пра роспуск Агенцтва ЗША ў справе глабальных медыяў (USAGM), што курыруе незалежныя медыі «Голас Амерыкі», радыё «Свабодная Еўропа» / радыё «Свабода», радыё «Свабодная Азія» і «Блізкаўсходнія трансляцыйныя сеткі».
Амаль усе закранутыя сеткі падалі ў суд і 22 красавіка той вынес папярэднюю пастанову, што прэзідэнт выйшаў за рамкі сваіх паўнамоцтваў і не меў права выдаваць такі ўказ. З таго часу пастанова пра роспуск «Голасу Амерыкі» была прыпыненая.
Дырэктар USAGM Майкл Абрамавіц паведаміў працаўнікам, што ім адновяць доступ да ўліковых запісаў, а ўжо наступным тыднем у рамках «паэтапнага вяртання» можна будзе вяртацца ў офіс.
Але 3 траўня Апеляцыйны суд ЗША вынес пастанову аб адтэрмінаванні пастановы ад 22 красавіка: маўляў, суддзя акруговага суда не меў паўнамоцтваў блакаваць палажэнні ўказу Трампа адносна пастановаў, датычных працоўнай сілы і выплатаў грантаў. Пра гэта піша «The Washington post».
«Мы ведалі з самага пачатку, што гэта будзе доўгі працэс», – сказала Пэтсі Ўідакусўара, кіраўніца бюро «Голасу Амерыкі». – Усё, чаго хочуць журналісты, – гэта вярнуцца ў рэдакцыю і працаваць для нашай аўдыторыі, якая на нас спадзяецца. Мы ўпэўненыя ў нашых юрыстах і ў нашай справе. Мы працягнем дабівацца поўнага вяртання, каб расказваць свету гісторыю Амерыкі з дапамогай фактычнага, збалансаванага і ўсебаковага асвятлення».
Нагадаем, месяц таму USAGM заявіла пра спыненне гранту для радыё «Свабодная Еўропа» / радыё «Свабода» (RFE/RL). Беларуская служба радыё «Свабода» была вымушаная адправіць частку рэдакцыі ў адпачынак у выніку праблемаў з фінансаваннем, а праект «Настоящее Время. Беларусь» прыпыніў трансляцыю. Украінская служба радыё «Свабода» скараціла трансляцыю. Расейская служба радыё «Свабода» спыніла радыётрансляцыю на сярэдніх хвалях і засталася без спадарожнікавай трансляцыі. Праект «Голас Амерыкі» збіраліся закрыць, але ліквідацыю медыя спыніў суд.
Трамп канфліктаваў з USAGM яшчэ падчас свайго першага тэрміну прэзідэнцтва. 14 сакавіка 2025 года Трамп выказаўся пра медыі, крытычна да яго настроеныя. Ён абвінаваціў CNN і MSNBC у тым, што тыя асвятлялі ягоную дзейнасць «на 97,6 % у негатыўным ключы», што гэтыя СМІ – «палітычныя інструменты Дэмакратычнай партыі» і што «гэта трэба спыніць і прызнаць незаконным».
