Праект Аляксандра Івуліна «ЧестнОК» — «экстрэмісцкае фармаванне»
МУС Беларусі прызнаў праект «ЧестнОК» — аднайменны YouTube-канал стварыў блогер Аляксандр Івулін, а вядзе сябра і напарнік блогера журналіст Яраслаў Пісарэнка — «экстрэмісцкім фармаваннем». Адпаведнае рашэнне Міністэрства ўнутраных спраў РБ вынесла 18 красавіка 2025 года.

Яраслаў Пісарэнка ды Аляксандр Івулін. Фота: by.tribuna.com
Журналісты Аляксандр Івулін і Яраслаў Пісарэнка на сайце сілавога ведамства згадваюцца ў «Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
У якасці інтэрнэт-рэсурсаў, праз якія, на думку сілавікоў, ажыццяўляецца «экстрэмісцкая дзейнасць», пералічаныя шэраг YouTube- і Telegram-каналаў, афіляваныя з імі старонкі ў сацсетках, а таксама прыватныя старонкі беларускіх журналістаў Яраслава Пісарэнкі і былога палітвязня Аляксандра Івуліна:
- Telegram-канал «ЧестнОК» (ідэнтыфікатар t.me/+_9nCidNPVnpiNTFi),
- Telegram-бот «Редакция By.Tribuna.com» (ідэнтыфікатар @ByTribunaComBot );
- Telegram-суполка «Чатик »Свободу Саше Ивулину!»»;
- YouTube-канал «ЧестнОК» (ідэнтыфіктар youtube.com/@chestnok_by);
- YouTube-канал «ЧестнОК-LIVE» (ідэнтыфікатар youtube.com/@chestnok_live);
- Facebook-акаўнт «ЧестнОК – YouTube-канал о белорусском спорте» (ідэнтыфікатар facebook.com/chestnOKby);
- TikTok-акаўнт «ЧестнОК» (ідэнтыфікатарtiktok.com/@chestnok_by);
- Instagram-акаўнт «ЧестнОК | ЧаснОК» (ідэнтыфікатар instragram.com/chestnokby);
- Instagram-акаўнт «Aliaksandr Ivulin» (ідэнтыфікатар instragram.com/a_ivulin);
- Instagram-акаўнт «Ярослав Писаренко» (ідэнтыфікатар instragram.com/pisarenko_jr);
- Instagram-акаўнт «chestnok_by_fans» (ідэнтыфікатар instragram.com/chestnok_by_fans).
Частка з гэтых інтэрнэт-рэсурсаў днямі была ўнесеная ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» на сайце Міністэрства інфармацыі.
«ЧестнОК» — гэта аўтарскі праект былога палітвязня Аляксандра Івуліна. У стварэнні кантэнта браў удзел і ягоны сябар — журналіст Яраслаў Пісарэнка. Менавіта ён вёў відэаканал, калі Івулін быў у зняволенні. На сёння абодва журналісты жывуць і працуюць у замежжы.
