Праект “Тваё заўтра” прадставілі ў Гродне
Праект для моладзі, што мае еўрапейскую адукацыю, прэзентавалі ў Гродне ў цэнтры “Трэці Сектар”. Гэты праект – агенцтва “Тваё заўтра”(yoto.by), якое з’яўляецца пляцоўкай для камунікацыі паміж бізнесам і людзьмі, што вяртаюцца ў Беларусь з еўрапейскай адукацыяй пасля праграмы Каліноўскага.
Пра сутнасць праекту службе маніторынгу ГА “БАЖ” расказала яго каардынатарка Наталля Літвіненка:
– У пэўны момант прадстаўнікі камітэта “Салідарнасць” зразумелі, што яны вельмі шмат каму дапамаглі атрымаць адукацыю за мяжой, але пасля вяртання гэтыя людзі маюць цяжкасці ў пошуках працы. Мы пачалі збіраць матэрыял, сустракацца з кансулятамі еўрапейскіх краін, каб лабірваць “каліноўцаў”, і распавядалі пра тое, якія яны файныя і як шмат могуць змяніць. Таксама мы вырашылі сабраць базу прадпрыемстваў, якія гатовы дзяліцца вакансіямі.
Удзельнікам гэтай ініцыятывы, па словах Наталлі Літвіненка, можа стаць любы жыхар Беларусі: для гэта трэба проста зарэгістравацца на старонцы yoto.by ці ўвайсці туды праз сацыяльныя сеткі.
Прэзентацыя пляцоўкі і яе старонкі ў інтэрнэце будзе адбывацца цягам бліжэйшых 2 месяцаў і ў іншых гарадах Беларусі і скончыцца ў канцы верасня вялікай сустрэчай ў Мінску.