Пракуратура Брэсцкай вобласці зрабіла справаздачу, як змагаецца «з экстрэмізмам»
Паводле дадзеных службы інфармацыі пракуратуры Брэсцкай вобласці, за студзень—жнівень 2024 года у суды было накіравана 215 заяў «аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі дэструктыўных інтэрнет- рэсурсаў экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Пракуратура Брэсцкай вобласці. Фота: Валерый Кароль
Надзорнае ведамства заяўляе, што супрацьстаіць «распаўсюджванню на інтэрнет-рэсурсах інфармацыі, накіраванай на павышэнне сацыяльнай напружанасці ў грамадстве і стварэнне недаверу да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады».
У прыватнасці, прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі прадукцыя 89 Telegram-чатаў і Telegram-каналаў, 16 старонак у сацыяльнай сетцы Instagram, 13 інтэрнэт-сайтаў, 21 акаўнт у сацыяльнай сетцы TikTok, 15 акаўнтаў у сацыяльнай сетцы «Одноклассники», 14 акаўнтаў «Вконтакте», 30 акаўнтаў у сацыяльнай сетцы Facebook, шэсць друкаваных выданняў (кнігі), два акаўнты ў сацыяльнай сетцы X (Twitter), тры групы ў мэсанджары Viber, а таксама шэсць каналаў у відэахостынгу YouTube.
У якасці прыкладу, у пракуратуры Брэсцкай вобласці ўзгадалі прызнанне «экстрэмісцкімі матэрыяламі» інфармацыйнай прадукцыі, што была размешчана на інтэрнэт-старонках у сацыяльнай сетцы Facebook з імем «Андрей Воронин», «БелАрусы в Германии», «АЧК-Беларусь/ABC-Belarus», «Бап Да Волі», «За Свой Город Пружаны» і іншыя.
Спыняцца пракуроры не збіраюцца. У Брэсцкую абласную экспертную камісію накіраваны хадайніцтвы для ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі іншых сямі крыніц «на прадмет вызначэння ў іх прыкмет экстрэмізму». Пасля атрымання экспертных заключэнняў будзе вырашана пытанне аб накіраванні адпаведных заяў у суд.
