Пракуратуру просяць праверыць публікацыі «Вечернего Могилёва» на экстрэмізм
8 лютага сябра Рады не зарэгістраванага ў Беларусі Праваабарончага цэнтра “Вясна” Таццяна Рэвяка накіравала зварот у пракуратуру г. Магілёва. Яна просіць правесці праверку па фактах публікацый на сайце www.vecherniy-mogilev.by матэрыялаў, якія, на яе думку, змяшчаюць прыкметы экстрэмізму, – інфармуе сайт spring96.org.
“Падставай для звароту сталі неаднаразовыя публікацыі пра «грамадзяніна Д.», у якіх факусуецца ўвага на прыналежнасці гэтай асобы да катэгорыі трансгендэраў і дазваляюцца выказванні ў пагардлівым тоне пра прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў у цэлым”, – піша праваабарончы рэсурс.
У прыватнасці, Таццяна Рэвяка звяртае ўвагу на матэрыял пад загалоўкам «Мама, три дочки и… кавалер мамы. как живется детям?» і каментар, падпісаны «возмущенными жителями д. Макаренцы Могилевского района».
Праваабаронца нагадвае, што выданне ўжо не ў першы раз публікуе звесткі аб «гражданине Д.», “факусуючыся на прыналежнасці гэтай асобы да катэгорыі трансгендэраў, дазваляючы сабе ў пагардлівым тоне выказвацца пра прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў у цэлым”.
Раней той жа СМІ публікаваў артыкул «Впервые в истории Беларуси под стражу взяли транссексуала». Міністэрства інфармацыі па выніках праверкі тады ўказала ўладальніку сайта «Вечерний Могилев» на неабходнасць пільна кантраляваць змест публікацый. А за разгалошванне дадзеных пра героя публікацыі суддзю Магілёўскага раённага суда Станіславу Леўчанку зрабілі вымову.
Год таму Камісія па этыцы ГА “БАЖ” таксама разглядала гэтую публікацыю па звароце групы журналістаў і прыйшла да высновы пра грубыя парушэнні журналісцкай этыкі ў артыкуле.
Таццяна Рэвяка нагадвае: паводле беларускага заканадаўства, “экстрэмізм (экстрэмісцкая дзейнасць): дзейнасць арганізацый або грамадзян Рэспублікі Беларусь па планаванні, арганізацыі, падрыхтоўцы і здзяйсненні дзеянняў, накіраваных, у тым ліку, на прапаганду выключнасці, перавагі альбо непаўнавартаснасці грамадзян па прыкмеце іх адносін да рэлігіі, сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або моўнай прыналежнасці. Экстрэмісцкія матэрыялы — інфармацыйная прадукцыя, прызначаная для публічнага выкарыстання, публічнага распаўсюду альбо распаўсюду любым спосабам, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, прапагандуе такую дзейнасць.