Пракуроры Брэсцкай вобласці ад пачатку года «выявілі» амаль 200 «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Пракуратура Брэсцкай вобласці адсправаздачылася пра сваю барацьбу за прызнанне інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» за першае паўгоддзе 2024 года.

Выява сгенеравана ChatGPT/БАЖ
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленні, гэткую працу надзорнае ведамства робіць «у межах супрацьдзеяння распаўсюду на інтэрнэт-рэсурсах інфармацыі, якая мае на мэце падвысіць сацыяльную напружанасць, а таксама стварыць недавер да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады».
У выніку намаганнямі пракуратуры сёлета ў суды Брэсцкай вобласці былі накіраваныя 194 заявы аб прызнанні інфармацыйных крыніц «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Паводле справаздачы, на 1 ліпеня бягучага года, разгледжана 185 такіх заяў і яшчэ 9 знаходзяцца на разглядзе ў судах.
Найчасцей у рэгіёне «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнавалі інфармацыйную прадукцыю Telegram-чатаў і каналаў: сёлета колькасць такіх забароненых старонак, дзякуючы пракурорскім работнікам Брэстчыны, павялічылася на 87 адзінак.
Акрамя таго, «экстрэмісцкі» статус атрымалі 7 сайтаў і шэраг старонак у сацыяльных сетках: 27 акаўнтаў у Facebook, 14 — у Instagram, 7 акаўнтаў у «Одноклассниках», па 14 акаўнтаў у TikТok і «ВКонтакте» і адна старонка ў X (былы Twitter).
Таксама «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаныя 6 кніг, 6 каналаў на відэахостынгу YouTube, 2 групы ў месенджары Viber.
У якасці прыкладу пракуратура Брэсцкай вобласці пахвалілася, што менавіта намаганнямі яе супрацоўнікаў былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» інтэрнэт-рэсурсы мясцовых блогераў. Гаворка вядзецца пра Telegram-канал «Народны рэпарцёр», а таксама пра персанальныя старонкі блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна ў Facebook і «Одноклассниках».
Адзначаецца, што пракуроры накіравалі ў Брэсцкую абласную экспертную камісію хадайніцтвы для ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі іншых чатырох інфармацыйных крыніц на наяўнасць у іх прыкмет экстрэмізму. «Пасля атрымання экспертных заключэнняў будзе вырашана пытанне пра накіраванне ў суд адпаведных заяў», — абяцаюць у надзорным ведамстве.
