Пракуроры Міншчыны за 4 гады падалі ў суды больш за тысячу пазоваў аб прызнанні «экстрэмісцкімі матэрыяламі»
Толькі ў 2024 годзе органамі пракуратуры Мінскай вобласці ў суды накіравана 450 заяў аб прызнанні інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі, за першыя месяцы гэтага года — 237 заяваў. Паказальна, што практычна ўсе такія заявы суды задавальняюць.

Пракуратура Міншчыны. Фота: yandex.com
Летась былі адхіленыя толькі 7 заяў (гэта менш за 2% ад колькасці пададзеных), сёлета — 11 (крыху болей за 4%). Усяго за чатыры гады ў суды Мінскай вобласці пайшло больш за 1,1 тысячы заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
У 2021 годзе суды Мінскай вобласці разгледзелі ўсяго некалькі дзясяткаў заяў ад органаў пракуратуры, але ў наступныя гады колькасць інтэрнэт-рэсурсаў, дзе пракуроры ўбачылі «экстрэмізм», толькі ўзрастала. Пераважная колькасць рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй», — гэта рэгіянальныя Telegram-каналы і чаты, якія аб’ядноўвалі людзей падчас паслявыбарчых пратэстаў 2020 года. Таксама ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Мінінфарма праз суды Міншчыны трапілі мясцовыя незалежныя медыя і іх старонкі ў сацсетках — такія, як «Борисовские новости», Ex-press.by, «Рэгіянальная газета»,«Навіны Вілейкі» і іншыя.
Як паведаміла прэсавая служба Мінскай абласной пракуратуры, за мінулыя гады ў выяўленні «экстрэмісцкіх матэрыялаў» асабліва пашчыравалі пракуратуры Маладзечанскага, Барысаўскага, Мінскага і Дзяржынскага раёнаў.
