Пракуроры Віцебшчыны адсправаздачыліся, што за сёлета выявілі 95 «дэструктыўных» інтэрнэт-рэсурсаў
Менавіта столькі пазоваў аб прызнанні «экстрэмісцкімі матэрыяламі» было накіравана пракуратурамі Віцебскай вобласці ў судовыя інстанцыі. Што суды і рабілі — адмоўных рашэнняў не было.

Фота: pixabay для pexels.com
Супрацоўнікі пракуратур расцанілі кантэнт 95-ці інтэрнэт-рэсурсаў як «дэструктыўную інфармацыю», накіраваную на «павышэнне сацыяльнай напружанасці ў грамадстве і стварэнне недаверу да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады».
Як сцвярджае прэс-служба Віцебскай абласной пракуратуры, супрацоўнікамі ведамства былі заўважаныя «недакладныя звесткі пра дзейнасць праваахоўных органаў», скажэнне навінавай тэматыкі «шляхам камп’ютарнага мантажу асобных ролікаў і распаўсюду загадзя ілжывай інфармацыі», а таксама размяшчэнне інфармацыі, якую прызнавалі «экстрэмісцкай» раней, што «ўзмацняла дэструктыўны ўплыў».
Ад пачатку 2025 года толькі пракуратура Віцебскай вобласці ініцыявала прызнанне «экстрэмісцкімі матэрыяламі» 5‑ці старонак у сацыяльнай сетцы Facebook, 3‑х — у Instagram, 2‑х — у «ВКонтакте», адной — у «Одноклассниках», 5‑ці каналаў і ролікаў на відэахостынгу TikTok. Усе звароты пракурорскіх работнікаў былі падтрыманыя судом Кастрычніцкага раёна Віцебска і ўключаныя ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Не менш актыўна, паводле прэс-службы Віцебскай абласной пракуратуры, у гэтым кірунку дзейнічалі пракуратуры Полацкага, Сенненскага, Чашніцкага і Гарадоцкага раёнаў.
Тут варта зазначыць, што 95 інтэрнэт-рэсурсаў з ініцыятывы наглядных органаў прызнаных «экстрэмісцкімі» за дзевяць няпоўных месяцаў на Віцебшчыне, — гэта не самая вялікая колькасць у параўнанні з іншымі рэгіёнамі. Так, пракуратуры Магілёўскай вобласці за першыя шэсць месяцаў 2025 года накіравалі ў суды 99 заяў аб прызнанні сайтаў і акаўнтаў у розных сацсетках і месенджарах «экстрэмісцкімі». Пракуратуры Мінскай вобласці сёлета ў перыяд са студзеня па жнівень склалі для судоў 237 такіх заяваў.
