Прапаганда за кратамі. «Няма цара, акрамя Лукашэнкі, і Тур прарок яго»
Як у турмах дзейнічае дзяржаўная прапаганда і наколькі яна ўплывае на свядомасць? Гутарым з былымі вязнямі.

Выява створана БАЖ з выкарыстаннем ШІ
21 чэрвеня з беларускіх турмаў вызвалілі 14 палітвязняў і адразу вывезлі іх у Літву. Сярод іх аказаўся і журналіст Ігар Карней. Сяргей Ціханоўскі шакаваў грамадства расказам пра пяць гадоў, праведзеных за кратамі ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі.
Натуральна, «варожыя галасы» ў беларускія турмы не прасочваюцца: там правіць баль беларуская прапаганда. Як яна ўплывае на карціну свету палітвязняў? Як яны чытаюць «паміж радкоў»? Па якіх прыкметах здагадваюцца пра рэальнасць? БАЖ спытаў у былых палітзняволеных.
Наталля Дуліна: Нават у праграме Скабеевай праскоквалі відэа з заходніх СМІ
Наталля Дуліна — дацэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якую звольнілі за ўдзел у агульнанацыянальнай забастоўцы. У 2022 годзе пасля шостага адміністрацыйнага пакарання супраць яе завялі крымінальную справу, вінавацілі ў садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці (ч. 1 арт. 361–4 КК) ды арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК).
10 сакавіка 2022 года Мінскі абласны суд прыгаварыў Наталлю Дуліну да 3,5 гадоў зняволення. Адбывала прысуд у папраўчай калоніі № 4 у Гомелі. Вызваленая 21 чэрвеня 2025 года і вывезеная ў Літву.

Наталля Дуліна пасля вызвалення з калоніі. Фота: «Наша Ніва»
Што глядзелі на Валадарцы
— У СІЗА № 1 на Валадарскага нас увогуле не шпігавалі прапагандай. У камеры мог быць тэлевізар, які перадалі сваякі.
Калі камера палітычная, то больш глядзіць навіны — каб прачытаць паміж радкоў, каб зразумець, што ўвогуле адбываецца ў свеце. Калі камера не надта палітычная, то аддаюць перавагу серыялам і забаўляльнаму кантэнту.
Тэлевізар звычайна прыносілі «блатным»: забойцам, наркагандлярам, падазраваным па іншых, непалітычных артыкулах. На чыім баку была сіла, той і камандаваў парадам. А так мы глядзелі што хацелі, і толькі пасля адбою нас прымушалі выключаць тэлевізар.
Але па тэлевізары, натуральна, ішлі толькі беларускія і расійскія каналы: НТВ, «Россия», СТВ, БТ‑1, БТ‑2, БТ‑3, у некаторых выпадках і БТ‑5 (спартыўны канал). Больш за ўсё нам падабалася БТ‑2, бо там было многа замежных фільмаў.
Што глядзелі ў калоніі
— Гомельская калонія таму і завецца папраўчай, бо там абавязковыя і «выхаваўчыя» мерапрыемствы. Пастаяннае «выхаваўчае» мерапрыемства — прагляд тэлевізара.
Дзяўчаты з аднаго атрада працуюць у дзве змены: першы тыдзень – у першую змену (7.00–15.00), другі тыдзень — у другую змену (з 14.30 да 22.00). Кожная змена, якая знаходзіцца «дома» (дзяўчаты вельмі не любілі так казаць, а я люблю гаварыць «дома», бо дом там, дзе я), глядзіць тэлевізар. Двойчы на дзень прыкладна па гадзіне для іх ладзяць сеансы: напрыклад, з 9.30 да 10.30, потым асабісты час, а пазней, з 11.30 да 12.20, яшчэ адзін такі сеанс. І тое ж самае для тых, хто вяртаецца з працы пасля 15‑й гадзіны: сеансы з 16.30 да 17.30 і з 18 да 18.50.
У калоніі ёсць тэлестудыя з назвай «Вектор» (так і кажуць: у нас зараз «Вектор», пайшлі на «Вектор»). Гэта абавязковая праграма. Там транслююць перадачы, спампаваныя з беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў, плюс запісваюць усялякія мерапрыемствы, якія праходзяць у клубе: конкурсы, канцэрты, лекцыі, сустрэчы з кіраўніцтвам калоніі.
Турэмнымі службамі кіруюць работнікі адміністрацыі, але адначасова ім дапамагаюць асуджаныя за некаторымі выключэннямі: бібліятэкар там вольная, але асуджаная дзяўчына разносіць і расстаўляе кнігі, робіць запісы, лазняй таксама кіруе асуджаная. Працу студыі курыруе чалавек у пагонах, а асуджаная адказвае за відэа, якое паказвае па канале.
Як правіла, на другім сеансе круцяць серыял ці фільм, які могуць нават разбіць на два дні. А на першым — розныя перадачы, спампаваныя з СТВ ці з БТ‑1, напрыклад, пра шкоду наркотыкаў ці алкагалізму.
Часам паказвалі (о, жах!) «Мужское и женское» – гэта трэшавая перадача, ток-шоў для хатніх гаспадынь з прамытымі мазгамі і, мабыць, не з лепшым бэкграўндам: размова ўсё больш пра алкаголікаў, хатні гвалт ды таму падобнае.
А ўвогуле нашы дзяўчаты больш любілі перадачы пра крымінал ды пра алкаголікаў. Дзіўна, значная частка спецкантынгенту — забойцы, дзетазабойцы, асуджаныя больш чым на 20 гадоў. Але гэта — эліта, чым страшнейшае злачынства ты здзейсніў, тым большым аўтарытэтам карыстаешся. Як мы з дзяўчатамі казалі, гэта людзі, сацыяльна блізкія нашым надзіральнікам.
Нам некалькі разоў паказвалі інтэрв’ю Паліны Шарэнды, Ігара Лосіка, Юрыя Зяньковіча — нам было цікава. А вось фільмы пра Другую сусветную вайну, пра «генацыд» мы ненавідзелі больш за ўсё, нас гэтым закормлівалі настолькі, што не хапала ніякай вытрымкі. Закормлівалі, як гуся на фуа-гра.
Але адначасова трапляліся і вельмі цікавыя перадачы. Пару разоў нам паказвалі фільм пра Фабержэ, пра мастацтва, пра навуку.
Нам, палітычным, не хапала навінаў. Тэлевізар можна было глядзець не толькі падчас двух сеансаў, але і ў іншы час, напрыклад, увечары. Дзяўчаты ў асноўным хацелі глядзець серыялы, таму навінавыя перадачы ўдавалася паглядзець рэдка. А калі і маглі ўключыць вечаровую «Панараму» (пачынаецца ў 21.00), то першыя 30 хвілін там расказваюць пра паездкі Лукашэнкі, пра ягоныя «дасягненні». А ў 21.30 мы мусім разыходзіцца па спальнях — у 22 гадзіны адбой. Дачакацца навін пра Еўразвяз, пра Трампа, пра Украіну ўдавалася вельмі рэдка.
Нехта з журналістаў пытаўся ў мяне: а Азаронка вы глядзелі? Паўтару свой адказ: слава Богу, гэтыя перадачы «для тых, каму за» — як правіла, іх паказваюць у 23 гадзіны. Мы ж у гэты час ужо спім, таму і не глядзелі яго.
Што дазвалялі чытаць
— Падпіска ў нас як у настаўнікаў на «Настаўніцкую газету» была прымусовая. Мы выпісвалі газету «Трудовой путь» – выданне Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, якое выходзіць раз на два тыдні. Там друкуюцца расказы людзей пра іх крымінальныя справы, пра нейкія мерапрыемствы ў калоніях, пра здароўе, спорт, старонка-дзве абавязкова прысвечаныя рэлігіі, часам нават анекдоты. Такі сябар пенсіянера.
Раз на паўгода мы маглі падпісвацца на беларускія выданні. Я выпісвала навуковы часопіс «Клиническая психология», нейкі літаратурны часопіс, затым папулярна-навуковы часопіс па псіхалогіі, паўгода – часопіс пра хатніх гадаванцаў (кошкі-сабакі).
Нехта з дзяўчат, каму не шкада было грошай, выпісваў «СБ. Беларусь сегодня». Некаторыя чыталі і аналізавалі напісанае. Праўда, дзяўчаты казалі, што апошнім часам узніклі праблемы і «СБ. Беларусь сегодня» не дазвалялі выпісваць. Але я дакладна не зразумела, што адбылося.
Як арыентавацца ў прапагандзе?
— Нават прапагандысцкія навіны давалі магчымасць зразумець, што адбываецца за сценамі калоніі. Напрыклад, слова «беглыя» мае абсалютна дакладную эмацыйную афарбоўку. Мы разумелі, што прапаганду трэба развярнуць на 180 градусаў — і тады атрымаем карцінку, больш-менш набліжаную да рэальнасці. Калі нам казалі, што палякі забілі, закатавалі некага з нелегальных мігрантаў, мы разумелі, што з Беларусі мігрантаў піхаюць за польскую мяжу, а Польшча, натуральна, не прымае іх.
Навіны з Бліжняга Усходу таксама патрабавалі такога ж пераасэнсавання, асабліва калі прапаганда расказвала пра «зверствы» ЦАХАЛ. У цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў я сядзела з жанчынай, якая мае двайное грамадзянства, у тым ліку і ізраільскае. Яна прыехала ў Беларусь і патрапіла пад хапун. Дык яна расказвала, як аднойчы нехта пакінуў сумку пасярод вуліцы. Імгненна з’явіліся вайскоўцы, усіх акуратна паклалі на зямлю і закрывалі сваімі целамі, пакуль не прыехалі сапёры.
Нават у праграме Скабеевай праскоквалі відэа з заходніх СМІ, у якіх можна было знайсці праўдзівую інфармацыю. Любую магчымасць, дзе можна было знайсці хоць нешта, мы стараліся выкарыстоўваць.
Апрача таго, падчас працяглых спатканняў зняволеныя маюць магчымасць пагаварыць без камер. Я брала толькі кароткія спатканні — пад камерамі, і то ўдавалася атрымліваць урыўкі інфармацыі. Нейкія кроплі даходзілі з ліставаннем, дый сарафаннае радыё ніхто не адмяняў.
Станіслаў Рубашэўскі: «Творчасць» Мукавозчыка падсілкоўвала нашу правату
Станіслава Рубашэўскага затрымалі 18 студзеня 2022 года. Асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту (арт. 342 КК) і за нясплату аліментаў (ч. 3 арт. 174 КК) на 3 гады і 6 месяцаў зняволення. Адбываў тэрмін у ПК № 15 Магілёва. Выйшаў на волю 4 верасня 2024 года па памілаванні.

Станіслаў Рубашэўскі. Фота з сайта spring96.org
Больш за ўсё прапаганды — на сходах
— Пасля вызвалення мне не спатрэбіўся час, каб ачысціць мазгі ад прапаганды. У калоніі я чытаў і глядзеў розныя крыніцы інфармацыі і аналізаваў. Таму ідэалогія, якую навязвалі нам у калоніях, прайшла міма мяне.
У гродзенскім следчым ізалятары (я знаходзіўся там са студзеня 2022 года па жнівень 2022 года) прапаганда амаль не працавала. Засталіся з яе толькі старыя савецкія кнігі пра вайну і першы канал Беларускага радыё. Але месяцы праз два пасля майго з’яўлення ў СІЗА палітычным забаранілі слухаць нават радыё.
Адбываць прысуд мяне адправілі ў калонію № 15 Магілёва. Вось там сапраўды было трохі «цікавей» у плане прапаганды. Амаль у рэжыме нон-стоп круцілі «60 хвілін» Скабеевай з галоўным наратывам «Расія не вінаватая, гэта Украіна развязала вайну».
Пра беларускі парадак дня інфармацыі было вельмі мала. Раз на дзень, увечары, паказвалі навіны па дзяржаўных тэлеканалах.
Але асноўная прапагандысцкая праца вялася на сходах: у вольны ад работы час атрад збіралі ў актавай зале і праводзілі палітінфармацыю: тлумачылі, як жыць правільна, а як — няправільна. Найбольшае непрыняцце выклікала ўзвышэнне дзейнай улады, якая нібыта ўсё робіць правільна. А калі рабіць іначай, то атрымаем тое, што ў Еўропе. А ў Еўропе, натуральна, ядуць немаўлят і паляць печы дровамі.
Нам спрабавалі ўбіць у галовы, што Лукашэнка — малайчына, што кожны ягоны ўчынак правільны. Аднак гэтая апрацоўка мела большы эфект на непалітычных, чым на палітычных.
Нам казалі: вы не мелі рацыі, вы купіліся ці то за грошы, ці то на лозунгі, адумайцеся, пакайцеся: няма цара, акрамя Лукашэнкі, і Тур прарок яго. Ніхто не спрабаваў праводзіць канструктыўную гутарку, каб даказаць сваю правату зняволеным.
Што чыталі і глядзелі ў калоніі
Навіны, якія мы глядзелі, праходзілі цэнзуру. Перадача паступае па каналах сувязі, яна праходзіць праз сервер ПК-15, на якім сядзіць цэнзар і пахвілінна цэнзуруе перадачу навінаў, то бок прыбірае інфармацыю, якую лічыць непатрэбнай. Насамрэч цікава было назіраць, што і як выразалі. Беларускія афіцыйныя навіны звычайна падаюцца адным сюжэтам, калі прыбраць адзін кавалак, то рухне ўся ідэалагізаваная карцінка. Але цэнзары пра гэта, відаць, не ведалі, таму яны шчыравалі так, як лічылі патрэбным.
З афіцыйных газет была «СБ. Беларусь сегодня». На маю думку, гэта найлепшая газета для апазіцыянераў у калоніі. Калі перакульваеш усё з ног на галаву, то ты разумееш рэальную карціну.
Алею ў агонь падлівала «творчасць» Мукавозчыка. Калі ў нейкі момант пасля ўсіх сходаў, прафілактычных апрацовак ловіш сябе на думцы: а можа, мы не маем рацыі, можа, і праўда, улада добрая, а мы дурні? Але пасля чытаеш Мукавозчыка і адразу разумееш: не, ты ўсё рабіў правільна.
Доступ да газет у калоніі быў свабодны. Там ёсць стандартны набор падпіскі: міліцэйская газета «На страже» і абавязкова «СБ. Беларусь сегодня». Падшыўкі з газетамі знаходзіліся ў атрадзе, куды кожны тыдзень падшывалі свежыя выпускі. У бібліятэцы было тое ж самае, плюс дадаваліся рэгіянальныя газеты. Я здзівіўся, калі ў магілёўскай калоніі ўбачыў брэсцкія выданні «Вечерний Брест» і «Заря».
Раней можна было спакойна выпісваць газету, і ты яе чытаеш. Потым можна было выпісваць толькі міліцэйскую газету, астатнія можна знайсці ў бібліятэцы.
З тэлеканалаў круцілі НТВ, АНТ, СТС, «Россия», канал калоніі і два ці тры спартыўныя каналы. На 80% гэта расійскія тэлеканалы, а на 20% беларускія.
Прагляды не былі абавязковымі: няважна, гледзіце вы тэлевізар ці не. Але калі здаралася маштабнае мерапрыемства кшталту парада ці інаўгурацыі, то тады да тэлевізара зганялі палітычных — у якасці пакарання.
Я быў у двух атрадах, і там існавала негалоснае правіла: у восем гадзін мы ўключаем тэлевізар і глядзім навіны. Таму што многім проста цікава было даведацца, што творыцца там за плотам. Няважна, у якой упакоўцы падавалася інфармацыя, але ты даведваўся хоць нешта.
Як зняволеныя ацэньвалі сітуацыю ў краіне
— Калонія — гэта зрэз грамадства, вялікая колькасць людзей з абсалютна розных слаёў. І ў кожнага сваё меркаванне: хтосьці за вайну ва Украіне, хтосьці супраць, нехта за Лукашэнку, нехта супраць. У большасці выпадкаў адэкватную пазіцыю займалі людзі з адукацыяй, якія маглі аргументавана адстойваць свой пункт гледжання без пераходу на асобы.
Але было і насельніцтва, у тым ліку і сярод палітычных, якія карысталіся з сітуацыі — цябе проста маглі здаць. Таму тэму палітыкі стараліся не ўздымаць.
Маё пастаяннае кола стасункаў — гэта пяць палітычных і каля дзясятка непалітычных. Мы спакойна маглі абмяркоўваць любыя тэмы, спрачацца, даказваць, усё рабілася максімальна карэктна і адэкватна.
Своеасаблівай аддушынай былі лісты з волі, якія прыходзілі непалітычным. Яны менш цэнзураваліся, і пэўную інфармацыю мы атрымлівалі якраз з гэтых лістоў. Пісалі агульныя рэчы кшталту: «Схадзіла на кірмаш, бульба каштуе 20 рублёў». Маці проста паскардзілася сыну, але кропелька інфармацыі нас жывіла.
— Адміністрацыя калоніі сапраўды верыць у прапаганду ці круціць яе паводле загаду?
— Паводле загаду. Працэнтаў 60 работнікаў адміністрацыі, з якімі я перасякаўся, былі супраць Лукашэнкі. Альбо прытрымліваліся нейтральнай пазіцыі. Для калоніі гэта вялікі адсотак. На прамзоне ўсе, чыё званне вышэй за маёра, абсалютна супраць Лукашэнкі. Яны ставяцца да палітычных так, як і да іншых зняволеных. Безумоўна, існуюць правілы, якія ты павінен выконваць, але табе ніколі не тыкнуць, што ты палітычны. А вось ужо ў рэжымным ці аператыўным аддзеле, то там фанатыкі, якія сапраўды вераць у прапаганду. Калі ты спрабуеш аргументаваць сваю пазіцыю, то цябе проста не чуюць.
