Прапагандысту з дзяржгазеты не знайшлося канкурэнтаў на выбарах дэпутатаў у Брэсце
У склад Брэсцкага гарадскога савета дэпутатаў новага склікання падчас «адзінага дня галасавання» трапіў прадстаўнік дзяржаўнай газеты «Брестский вестник» Дзмітрый Кірылаў. Адметнасць гэтай падзеі ў тым, што ў яго не было канкурэнтаў.

Прадстаўнік рэдакцыі газеты «Брестский вестник» Дзмітрый Кірылаў. Фота: bvn.by
Дзмітрыю Кірылаву — 29 гадоў. Зараз ён займае пасаду загадчыка аддзела інтэрнэт- і візуальнага кантэнту дзяржаўнай газеты «Брестский вестник», заснавальнікам якой з’яўляецца мясцовы гарвыканкам. Выданне асвятляе падзеі ў Брэсце з гледзішча чыноўнікаў.
Таксама Кірылаў — сябра праўладнай партыі «Белая Русь» і прадстаўнік «Савета лідараў моладзі» пры адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста. Магчыма, гэтая грамадзянская актыўнасць і заахвоціла маладога прапагандыста браць удзел у выбарах.
Дзмітрый Кірылаў вылучаўся па выбарчай акрузе № 12 у Брэсцкі гарадскі савет дэпутатаў. Гэтая акруга сталася адзінай на ўвесь горад, дзе ў спісах быў толькі адзіны кандыдат (усяго акруг было 40). У выніку, паводле афіцыйных звестак, за безальтэрнатыўнага вылучэнца прагаласавалі 3452 чалавекі, супраць — 851, а яшчэ 153 бюлетэні прызналі несапраўднымі.
Публікацый за аўтарствам Дзмітрыя Кірылава на сайце «Брестского вестника» можна знайсці няшмат. Сярод тэкстаў-справаздач пра мерапрыемствы, арганізаваныя ўладамі, вылучаецца матэрыял пад назвай «ПоТУСКневшая Польша». У ім Кірылаў даводзіць чытачам, што «агрэсіўная знешняя палітыка польскіх уладаў стала прычынай унутрыпалітычнага крызісу».
Сам Дзмітрый Кірылаў не мае журналісцкай адукацыі. Пра сябе ён распавядае так: «Цікаўлюся гісторыяй і палітыкай — па адукацыі, жыву журналістыкай — па прызванні, люблю актыўны адпачынак — па клічы сэрца».
