«Пратэстава-псыхалягічная апэрацыя, а ня СМІ». На БТ абвінавацілі Свабоду ў каардынацыі пратэстаў
У «Клюбе рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь-1» кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі абвінаваціў Радыё Свабода ў каардынацыі пратэстаў у краіне празь відэастрымы.
Іван Эйсмант прысьвяціў працы Радыё Свабода асобны блёк, запрасіўшы ўдзельнікаў перадачы паразмаўляць пра «тых людзей, якія ўсё каардынуюць і кіруюць гэтым у нейкіх сваіх мэтах». Мэты, на думку кіраўніка БТ, могуць быць або фінансавыя, або прыход да ўлады.
Іван Эйсмант працытаваў выказваньне міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева пра тое, што «стрымы Радыё Свабода замянілі стрымы Ціханоўскага» і што пратэсты ў Беларусі «кіруюцца праз стрымы Радыё Свабода».
Паводле Эйсманта, Радыё Свабода ўжо спрабавала адказваць на крытыку пра датычнасьць да пратэстаў у Беларусі, але, на яго думку, адказы былі «непераканаўчыя».
«Калі ўважліва паглядзець гэтыя дзівосныя стрымы Радыё Свабода з усіх гэтых пікетаў, якія ператвараліся ў масавыя мерапрыемствы, што пацьверджана загалоўкамі ў незалежных СМІ, канечне, там абсалютна праглядаецца тэхналёгія. «Чаго вы прыйшлі?» — «Я незадаволены». «За каго будзеце галасаваць?» — «Я буду галасаваць супраць». «А хто пераможа?» — «Пераможам, бадай што, ня мы». «А што вы будзеце рабіць 9 жніўня?..» Ці зьяўляецца гэта сродкам масавай інфармацыі, калі ты, па сутнасьці, зьяўляесься каардынатарам?» — сказаў Эйсмант.
Яго падтрымаў кіраўнік міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» Уладзімер Пярцоў.
«Гэта да СМІ ня мае ніякага дачыненьня. Гэта ўжо актыўная пратэстава-псыхалягічная апэрацыя, якая зь іншай вобласьці», — заявіў ён.
«Ці нармальна, калі СМІ, якое фінансуецца Дзярждэпартамэнтам, зьяўляецца, па сутнасьці каардынатарам?» — дадаў Эйсмант.
Дарэчы, заява Івана Эйсманта, што Радыё Свабода фінансуецца Дзяржаўным дэпартамэнтам, не адпавядае сапраўднасьці. Праца Радыё Свабода фінансуецца Кангрэсам ЗША.
Напрыканцы перадачы Іван Эйсмант паабяцаў апублікаваць дакумэнтальнае відэа, якое, на яго думку, пацьвярджае словы пра кіраваньне стрымамі масавых пратэстаў.
«Мы ўважліва паглядзелі ўсе стрымы, якія былі апошнім часам, і я абяцаю дакумэнтальнае відэа ў пацьверджаньне тых словаў, якія вы казалі. Вы будзеце зьдзіўленыя, пасьля таго як паглядзіце. Вы ўбачыце, што працуе самая сапраўдная сыстэма, якой кіруюць у розных пунктах. У нас матэрыял ёсьць, але пакуль, здаецца, ня час яго паказваць. Але час, магчыма, прыйдзе», — сказаў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі.