• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Праваабаронца Павел Левінаў патрабуе адмяніць забарону віцебскіх тэлеграм-каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі

    Віцебскі абласны суд 24 траўня будзе разглядаць прыватныя скаргі праваабаронцы Паўла Левінава на вызначэнне суддзі Чыгуначнага раённага суда Віцебска Святланы Варатынскай, якая прызнала экстрэмісцкімі тэлеграм-каналы «Віцебск 97%» і «Чат неверагоднага Віцебска». Пасяджэнне судовай калегіі па грамадзянскіх справах адбудзецца 24 траўня 2021 года ў будынку абласнога суда ў 14:30 і 15:00 адпаведна па кожным канале.

    Павел Левінаў

    Тэлеграм-каналы «Віцебск 97%» і «Чат неверагоднага Віцебска» трапілі пад забарону напрыканцы сакавіка. Ініцыятыва прызнання гэтых інтэрнэт-рэсурсаў экстрэмісцкімі належыла галоўнаму ўпраўленню па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС па Віцебскай вобласці. Рашэнне пра забарону прыняў суд Чыгуначнага раёна ў асобе Святланы Варатынскай. Яна адмовілася адправіць у абласны суд апеляцыйныя скаргі праваабаронцы, матываваўшы гэта тым, што ён не з’яўляецца юрыдычна зацікаўленай асобай.

    Гэтае рашэнне праваабаронца аспрэчыў, падаўшы прыватныя скаргі ў Віцебскі абласны суд.

    У скаргах Павел Левінаў настойвае на тым, што сваім рашэннем суд парушыў права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі для шырокага кола асобаў: у канала «Віцебск 97%» больш за 8100 падпісчыкаў, а ў канала «Чат неверагоднага Віцебска» іх — 7600. 

    Паводле праваахоўнікаў, у віцебскіх Тэлеграм-каналах неаднаразова размяшчаліся заклікі да пашкоджання маёмасці дзяржорганаў і грамадзян, да масавых беспарадкаў, хуліганстваў, вандалізму, супраціву міліцыянтам, а таксама там зневажалі прадстаўнікоў праваахоўных органаў і дзяржслужбоўцаў. На думку Паўла Левінава, гэта вельмі размытыя, абагульненыя і не канкрэтныя фармулёўкі.

    Усяго за апошнія месяцы экстрэмісцкімі былі прызнаныя 6 тэлеграм-каналаў на Віцебшчыне. Гэта «Віцебск 97%», «Чат неверагоднага Віцебска»,  а таксама «Орша 97%», «Наваполацк і Полацк 97%», «Партызаны», «Vitebsk_Юг». Рашэнне пра забарону апошніх чатырох інтэрнэт-рэсурсаў таксама прыняў віцебскі суд Чыгуначнага раёна.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці