Праваабаронцы падрыхтавалі даведнік для журналістаў
У электронным выданні «Праваабарончая дзейнасць у Беларусі» сабраная базавая інфармацыя пра правы чалавека, якая можа быць карысная журналістам у працы з гэтай тэматыкай.
Укладальнікі даведніка ставілі перад сабой задачу даць чытачу агульнае ўяўленне пра правы чалавека і праваабарончую дзейнасць, іх асноўныя характарыстыкі, азнаёміць з глабальнай сістэмай, створанай пад эгідай ААН для прасоўвання і абароны правоў чалавека. Гэтая інфармацыя суправаджаецца карыснымі спасылкамі на асноўныя дакументы ў галіне правоў чалавека, сайты міжнародных праваабарончых механізмаў, няўрадавых арганізацый і прадстаўлена з акцэнтам на абавязальніцтвы беларускай дзяржавы ў рамках гэтых механізмаў абароны правоў чалавека.
Таксама, з практычнага пункту гледжання, журналістам, якія пішуць пра правы чалавека, будзе цікавая і карысная такая частка даведніка як «Праваабаронцы рэкамендуюць журналістам». Там сабраныя спасылкі на тэматычныя даклады, справаздачы, агляды, кіраўніцтвы і іншыя выданні, відэакурсы, якія падрыхтаваныя такімі беларускімі арганізацыямі, як Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Моладзевая праваабарончая група — Беларусь, у тым ліку з удзелам міжнародных НДА, і адлюстроўваюць сітуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне. Таксама рэкамендуюцца брашуры і артыкулы, падрыхтаваныя самімі журналістамі, сябрамі Беларускай асацыяцыі журналістаў, пра тое, як правільна і карэктна асвятляць тую ці іншую тэму.
Даведнік можна спампаваць у фармаце pdf па гэтай спасылцы.
Даведнік створаны сумеснымі намаганнямі асацыяцыі «Усходнееўрапейскі дэмакратычны цэнтр» і Праваабарончага цэнтра «Вясна» ў рамках супрацоўніцтва з рэдакцыямі рэгіянальных выданняў Беларусі для спрыяння з’яўленню ў рэгіянальнай прэсе больш разнастайных і грунтоўных матэрыялаў на тэму правоў чалавека.